Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл. Любоў


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Нататкі пасьля прачытаньня біяграфіі Вацлава Гаўла «Havel. A Life», аўтар Міхал Жантоўскі (Atlantic Books, London, 2014; 543 старонкі).

Апошні раз я так сьмяяўся над кнігай, калі перачытваў «Прыгоды бравага салдата Швэйка». І «Дон Кіхота». Можа, не ў такім парадку. І ня мог зь першага разу прачытаць толькі тры апошнія абзацы, бо літары расплываліся. Зрэшты, яны расплываюцца кожны раз, калі я перачытваю апошнія сказы, сьведчаньне манашкі, якая разбудзіла Гаўла раніцай ў нядзелю 18 сьнежня 2011:

«„Я бы яшчэ трошкі паспаў, прыйдзіце праз гадзіну“.

Калі яна прыйшла праз гадзіну, ён спаў і дыханьне рабілася ўсё менш глыбокім. Нарэшце, недзе паміж 9.45 і 9.50 дыханьне цалкам спынілася.

„Быццам сьвечка дагарала, так ціха“».

Міхал Жантоўскі
Міхал Жантоўскі

Аўтар сябраваў з Гаўлам дзьве траціны яго жыцьця, быў ягоным прэс-сакратаром, а пасьля амбасадарам ў Вашынгтоне, потым сэнатарам, цяпер зноў амбасадарам у Лёндане. Ён шчыльна працаваў з архівамі, распытваў яго брата, жонку, сяброў дзяцінства, актораў, рок-музыкаў, Біла Клінтана, Мэдлэн Олбрайт, Далай Ламу, яго турэмнага сябра кардынала Дуку — уражаньне, што Гавэл сустракаўся з усімі знакамітасьцямі свайго часу, хоць часта гэта было наадварот — яны шукалі сустрэчы зь ім.


Сям’я


Як і ўсякая вартая біяграфія, гэтая дае жывое апісаньне пасьпяховай заможнай сям’і Гаўлаў — яго дзед, а потым бацька пабудавалі шмат выдатных будынкаў у Празе, у тым ліку і кінакомплекс Барандаў. Гавэл нарадзіўся 5 кастрычніка 1936, маці была на 16 гадоў маладзей за бацьку, мела моцны характар, і Гавэл, на думку аўтара, хоць быў не ў самых блізкіх адносінах з маці, усё жыцьцё патрабаваў прысутнасьці моцнай жанчыны побач і адначасна ўцякаў ад жаночай апекі. У яго ахове былі і дзяўчаты, але сярод сотні міністраў, якіх прызначыў Гавэл-прэзыдэнт, толькі дзьве жанчыны.

Гавэл рос назіральным: прыйшоў госьць, які быў лысы, і калі малы Вацлаў спытаўся, чаму так, той пажартаваў — у мяне валасы растуць у сярэдзіну. Ага, гучна пагадзіўся хлопчык. Ужо і з носу вылазяць.

Хоць кніга мае падзагаловак «Жыцьцё», яе можна б назваць — казка, калі б аўтар не давёў, што ў цудзе ўзьлёту з турэмных нараў на ролю кіраўніка дзяржавы насамрэч не было нічога звышнатуральнага ці выпадковага. Жаданьне «выправіць сьвет» Жантоўскі адзначае ужо ў 10-гадовага Вацэка, які прыдумаў фабрыку па вырабу «дабра», а не дабротаў. Гіпэртрафіраванае пачуцьцё адказнасьці дапамагло ў адстойваньні сваіх прынцыпаў, а дысцыпліна і працаздольнасьць прывялі да таго, што ў лістападзе 1989 Гавэл быў ня толькі найбольш верагодным, а найлепш падрыхтаваным лідэрам рэвалюцыі.

На Радыё Свабода. 2009 год.
На Радыё Свабода. 2009 год.

Адукацыя


Многія аднаклясьнікі Гаўла, як будучы кінарэжысэр Мілаш Форман, працягнулі вучобу ў Празе, але сына клясавых ворагаў не прынялі ва ўнівэрсытэт, а калі ён паспрабаваў спаслацца на дрэннае здароўе на прызыўной камісіі ў войска, ваенкам сказаў, што будзеш служыць, нават калі адна нага будзе драўляная. Гавэл служыў два гады ў інжынэрным батальёне, але хутка знайшоў адтуліну — ставіў спэктаклі, пасьля напісаў п’есу ў духа Швэйка, якую адразу забаранілі як «антыармейскую».

Гавэл не пераставаў чытаць, жыць тэатрам, музыкай, сябраваць з і інтэлектуаламі ўсё жыцьцё. Малодшы брат Іван напісаў яму больш за сто лістоў у турму, каб трымаць у курсе філязофскіх, літаратурных, культурных навінаў.

Вольга Шпліхалава, з якой ён ажаніўся ў 1964, стала адрасатам яго допісаў з турмы, якія пазьней былі выдадзеныя кнігай — Салман Рушдзі казаў, што «Лісты да Вольгі» былі заўсёды зь ім у гады, калі ён мусіў хавацца ад магчымых забойцаў пасьля абвяшчэньня фатвы. А сотні допісаў ад сяброў і родных у турму выйшлі пад назвай «Лісты ад Вольгі» (хоць там ніводнага ліста ад жонкі не было)

Кадр з фільму "Вольга" пра першую лэдзі Чэхіі Вольгу Гаўлаву
Кадр з фільму "Вольга" пра першую лэдзі Чэхіі Вольгу Гаўлаву

Драматург


Сцэнічны посьпех прыйшоў да Гаўла рана і застаўся да канца жыцьця. Яго п’есы, якія спалучалі часам героя Гашэка Швэйка і герояў Франца Кафкі, ставіліся на радзіме (чэргі ў малыя тэатры займалі з ночы, моладзь глядзела іх па дзесяць разоў), а таксама ў Нямеччыне, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Менавіта замежныя ганарары дапамаглі яму і яго блізкім выжыць у часы перасьледу — спэцыяльныя крамы гандлявалі за валюту дэфіцытнымі рэчамі, што нават у Чэхаславаччыне ўключалі ў сябе добры чай і каву, і Гавэл яшчэ больш раздражняў улады, калі стаў езьдзіць на сваім Мэрсэдэсе (тайная паліцыя аднойчы прарэзала тармазныя шлянгі).

Яго бліскучыя п’есы ад сярэдзіны 1960-х — «Вечарына ў садзе», «Мэмарандум» — да «Сыходу», якая зьявілася ў 2008, разыходзіліся на мэмы, кажучы сучасным слэнгам, але каб зразумець, чаму яны сталі лексыкай цэлага пакаленьня, трэба ведаць і адчуваць кантэкст:

«Той, хто скардзіцца на адсутнасьць сеткі ад камароў, ніколі ня зможа станчыць з казлом».

Пародыя на народную мудрасьць, да якой апэлявала афіцыйная мова.

Вацлаў Гавэл пасьля прэм'еры фільма "Сыход" ў Празе, 22 сакавіка 2011 года.
Вацлаў Гавэл пасьля прэм'еры фільма "Сыход" ў Празе, 22 сакавіка 2011 года.

Філёзаф


Гавэл не пакінуў нейкай завершанай сыстэмы, і некаторыя сумняваюцца, ці быў ён дастаткова самастойным мысьляром, чыя спадчына перажыве час. Ён часта агаворваўся, што ня мае фармальнай адукацыі ці досьведу навуковай дзейнасьці. Яго маральную філязофію можна прадставіць у выглядзе трох канцэпцый.

Першая — сіла бясьсільных, як называлася яго самае знакамітае эсэ. Яго прастата нагадвае мітынгавыя лёзунгі, і на першы погляд яго нельга прыкласьці да штодзённага жыцьця, дзе сіла ўсё ж належыць уладам, і яшчэ цяжэй уявіць, калі ўчорашнія бясьсільныя становяцца ўладай. Тым ня менш, гэтая ідэя ўвасобілася ў, магчыма, адзінай рэвалюцыі, якая абышлася без ахвяраў.

Другая — жыць у праўдзе, як і знакаміты заклік Салжаніцына, носіць мэсіянскі характар, і Гавэл сам не заўсёды адпавядаў гэтаму прынцыпу — але сапраўды імкнуўся жыць менавіта так.

Трэцяя частка трыяды — канцэпцыя адказнасьці, якая вынікае з памяці быцьця. Гэта ня проста абстрактная мэтафізыка. Вось што Гавэл піша ў кнізе «У Град і назад» (Град — замак на Градчанах, рэзыдэнцыя прэзыдэнта):

«Усё сваё жыцьцё я проста верыў, што тое, што зроблена, нельга адкруціць назад, і што ўсё насамрэч застаецца назаўсёды. Карацей, Быцьцё гэта памяць. І таму нават мая малазначнасьць — як сына буржуяў, лябаранта, салдата, рабочага сцэны, драматурга, дысыдэнта, вязьня, прэзыдэнта, пэнсіянэра, грамадзкага фэномэну і самотніка, быццам героя, а таемна клубка нэрваў — застанецца тут назаўсёды, нават ня столькі тут, але недзе. Але ня проста недзе там. Недзе тут».

З гэтай фундамэнтальнай высновы вырастае і афарыстычнае перакананьне:

«Надзея — гэта ня ўпэўненасьць, што нешта скончыцца добра, а пэўнасьць, што нешта мае сэнс незалежна ад таго, як скончыцца».

Акупацыя


Калі войскі Варшаўскай дамовы перайшлі мяжу Чэхаславаччыны, каб на два дзесяцігодзьдзі замарозіць «праскую вясну» — палітыку лібэралізацыі — Гавэл быў у мястэчку Лібэрэц, дзе напярэдадні добра выпіваў зь сябрамі. Наступны тыдзень ён працаваў няспынна на мясцовым радыё і тэлебачаньні, і ягоная інструкцыя, як дзейнічаць, выйшла ў сьвет за подпісам мясцовых уладаў і стала формулай паводзінаў пад акупацыяй:

«Стаўцеся да замежнага войска так, як бы вы ставіліся да стыхійнага бедзтва: не вядзіце перамоваў — гэтак сама, як вы не вялі б перамоваў з праліўным дажджом — але пасьля кантакту зь імі зыходзьце, як бы вы ўцякалі ад праліўнога дажджу: выкарыстоўвайце свае мазгі, розум, фантазію. Выглядае, што вораг бясьсільны супраць такой зброі, як дождж бясьсільны супраць парасона. Ужывайце супраць праціўніка любы мэтад, які ён не чакае: не дэманструйце ніякага разуменьня, высьмейвайце яго, паказвайце яму абсурднасьць сытуацыі... Калі ў нейкі момант вы вырашыце, што трэба паводзіць сябе як Гус, паводзьце сябе як Гус, калі вы вырашыце, што больш эфэктыўна паводзіцца як Швэйк, рабіце як Швэйк».

Калі падчас «нармалізацыі», якая наступіла пасьля акупацыі, Гаўлы амаль на стала перабраліся у Градэчэк, дом за сто кілямэтраў ад Прагі, Вацлаў Гавэл уладкаваўся рабочым у бровары — у выніку зьявілася адна з самых сьмешных ягоных п’ес, «Аўдыенцыя», у якой дзейнічаў майстар бровару, сэксот тайнай паліцыі, і дысыдэнт-драматург.

Дысыдэнт


Імя Гаўла за мяжой стала шырока вядома пасьля заснаваньня Хартыі-77 — але яго дысыдэнцкая дзейнасьць пачалася ў 1965 з абароны пісьменьніцкага часопіса «Твар» — збору подпісаў, сходаў, выступаў, сустрэчаў у кавярні «Славія», дзе складаліся пэтыцыі і абмяркоўвалі акцыі. Гэты сцэнар потым паўтараўся шмат разоў, і Гавэл заўсёды ўдзельнічаў, нягледзячы на прамую пагрозу сабе і сваім інтарэсам. Жантоўскі адзначае, што асяродак быў вельмі неаднародны, і некаторыя з тых, каго ён абараняў, потым змагаліся супраць самога Гаўла.

Сам Гавэл неяк сказаў, што «я занадта ветлівы, каб быць сапраўдным дысыдэнтам» — ён бачыў у кожным суразмоўцы, хто б гэта ні быў, ня ворага, а чалавека, быў заўсёды ўважлівым і далікатным, ставіўся да сябе з пачуцьцём гумару.

Калі яго прыйшлі зноў арыштоўваць, пасьля нейкага выступу ў першыя дні аксамітнай рэвалюцыі, і жонка адмовілася адчыніць дзьверы міліцыянтам, Гавэл сказаў: «Адчыні, бо іх звольняць з працы». Тады ўдалося дамовіцца, што замест пайсьці ў пастарунак, ён ляжа ў шпіталь.

1979 год
1979 год


Шмат хто разглядаў ветлівасьць як слабасьць, і ёю карысталіся ня толькі сьледчыя, але і сябры, і палітычныя апанэнты, у тым ліку з дэмакратычнага асяродку. Але паводзіны Гаўла не мяняліся.


За кратамі


За Гаўлам сачыла сакрэтная паліцыя, яго п’есы забараняліся, яго шмат разоў арыштоўвалі, але два самыя вялікія выпрабаваньні адбыліся пасьля абвяшчэньня Хартыі, якую ён ствараў і зьбіраў подпісы разам зь сябрамі.

У студзені 1977, пасьле сэрыі допытаў, ён быў зьмешчаны ў адзіночную камэру. Амаль адначасна, ад інфаркту пасьля допытаў памёр адзін з заснавальнікаў Хартыі, вельмі важны асабіста для Гаўла чалавек, філёзаф Ян Патачка (яго дачка, Францішка Сокалава — даўні сябар Беларусі і перакладчыца зь беларускай на чэскую).

Разьдзел біяграфіі, які прысьвечаны гэтаму першаму працягламу зьняволеньню Гаўла, называецца «Памылка». Сьледчаму дзяржбясьпекі (StB — аналяг КГБ) удалося дамагчыся ад Гаўла ліста з частковым прызнаньнем памылак і абяцаньнем спыніць палітычную дзейнасьць.

Трэба адзначыць, аднак, што Гавэл не сказаў нічога, што не было вядома тайнай паліцыі, і не назваў ніводнага імя, нікога не падставіў, не адклікаў сваё імя з ліку падпісантаў, не адмовіўся ад сваіх поглядаў. Калі Гаўла выпусьцілі ў канцы траўня, ён адразу стаў паводзіць сябе, быццам ніякіх абяцаньняў не даваў. Хартыя выступіла з адназначнай заявай у ягоную падтрымку.

Але маральная траўма мучыла яго вельмі доўга, аж да наступнага арышту. Ён не знаходзіў тлумачэньня сваёй слабасьці — як гэта зрабіў менавіта ён, які ня толькі адстойваў супрацьлеглыя каштоўнасьці, але і шмат разоў дэманстраваў супрацьлеглыя паводзіны, ніколі ня быў канфармістам.

Жантоўскі тлумачыць гэта не як маральную, а як псыхалягічную паразу — калі людзі ўпершыню трапляюць у турму, пачынаецца выпрабаваньне адзінотай, адсутнасьцю інфармацыі, псыхалягічным прэсінгам, маніпуляцыяй (маўляў, сябры ўжо прызналіся, вам здрадзілі), шантажам, прыватнымі рэчамі і да т. п., што добра ведаюць многія беларускія палітвязьні.

Жантоўскі піша, што гэты выпадак істотна паўплываў на далейшыя паводзіны Гаўла, у тым ліку на пасадзе прэзыдэнта. Ён навучыў яго, па-першае, адрозьніваць сапраўдную маральную каштоўнасьць дзеяньня і ягоную ацэнку звонку. Па-другое, усьвядоміць, што паміж маральнай значнасьцю дзеяньня і практычнымі наступствамі можа і ня быць сувязі. І трэцяе — гэта быў урок ня толькі прыніжэньня, але і сьціпласьці. Гавэл зразумеў, што нягледзячы на ўсё сваё імкненьне змагацца са злом, ён не супэр-герой, а чалавек, і ёсьць сілы, якім чалавек не заўсёды можа супрацьстаяць. Калі раней у яго рэдка, але здараліся моманты самаўпэўненасьці і пыхі, пасьля ён дэманстраваў амаль пяшчотную павагу разам з бясконцай цярпімасьцю чалавека, які разумее чужыя слабасьці і ўсьведамляе сваю.

Калі 7 студзеня 1980 Гаўла арыштавалі зноў і прысудзілі да чатырох год зьняволеньня, ён ішоў у турму ўжо псыхалягічна падрыхтаваны. Яго пераводзілі з аднаго месца ў іншае, ставілі на прыніжальныя працы, але нязьменнымі застаўся яго аўтарытэт сярод іншых зьняволеных і непахісная ветлівасьць. Міжнародная кампанія ў яго абарону ніколі не спынялася.

У турме цяжкая праца, жорсткі рэжым істотна падарвалі яго здароўе — яго шмат разоў шпіталізавалі, і нават на волю пасьля 1351 дня за кратамі ён выйшаў з турэмнага шпіталя — улады пабаяліся, што самы вядомы ў сьвеце чэскі палітвязень памрэ ў зьняволеньні.

Здароўе Гаўла ўжо ніколі не аднавілася.

Здарэньні


Гаўла магло ня быць — за пару дзён да новай хвалі масавых пратэстаў восеньню 1989 Гавэл са сваім сябрам вярталіся пасьля паходу ў карчму праз поле незнаёмай дарогай у вясковай мясцовасьці, і Гавал праваліўся ў нябачную бэтонную яму, запоўненую вадкім брудам, і ледзь не захлынуўся. Самому выбрацца не было магчымасьці. (Мабільных тэлефонаў, каб паклікаць дапамогу, тады не было.) Калі сябар цудам знайшоў лесьвіцу, Гавэл сказаў: які шыкоўны загаловак быў бы ў афіцыйнай прэсе — загінуў як жыў, у дзярме.

Ужо будучы прэзыдэнтам, ён захлопнуў дзьверы ў саўну і ня мог выйсьці — ахова ў суседнім пакоі глядзела тэлевізар. Яму цудам удалося выбіць тыя дзьверы.

Некалькі разоў ён паміраў у шпіталі — аднойчы ў турме, але таксама і калі ўжо быў прэзыдэнтам. Дагмар, яго будучая другая жонка, гвалтам уварвалася ў шпіталь і не адыходзіла ад хворага (у шпіталі не было нават цэнтралізаванай сыстэмы падачы кіслароду, пасьля выдаленьня лёгкага Гаўлу мусілі зрабіць трахеастамію, ён ня мог гаварыць і слабеў на вачах). Дагмар прывяла сваіх дактароў нетрадыцыйнай мэдыцыны, званіла ў Вашынгтон, і Жантоўскі дапамог арганізаваць прыезд амэрыканскага хірурга.

У прэсе потым было шмат шуму і атак на сяброўку прэзыдэнта, але сам Гавэл лічыў, што яна ўратавала яго жыцьцё. Жантоўскі з гэтым пагаджаецца.

У 1998 падчас адпачынку ў Альпах Гаўла шпіталізавалі з рэзкім болем ў жываце — хірург, які дыягназаваў пэрфарацыю кішэчніка і адразу правёў апэрацыю, казаў, што праз пару гадзінаў было б ужо позна. Дагмар ізноў была побач.


Асоба


Фэномэн Гаўла палягае і ў тым, што яго ўплыў на гісторыю нельга зьвесьці да дзеяньняў у нейкай галіне — само яго жыцьцё было ўплывам. Быў лідэрам ужо зь юнацтва, ішоў наперадзе, паказваў дарогу. Але гэта была не манаманія прарока, які вядзе за сабой, бо валодае ісьцінай. Гавэл рабіў гэта з такой непахіснай дабрынёй, ветлівасьцю і павагай да іншых (не заўсёды заслужанай), што нават сам з гэтага пасьмяяўся ў адной са сваіх п’ес.

І калі падчас аксамітнай рэвалюцыі ягоныя дзеяньні былі хуткія і рашучыя, і лідэрства неаспрэчнае, дык у гады прэзыдэнцтва ён казаў, што часам ставіцца з падазрэньнем да сябе самога.

1989 год
1989 год



Але ў вырашальных пытаньнях Гавэл заўсёды кіраваўся простай формулай:

«Наш гістарычны досьвед сьведчыць, што злу трэба супрацьстаяць, а не спрабаваць улагодзіць».

Ягоная падтрымка акцыі НАТО ў абарону косаўскіх альбанцаў, якім пагражала этнічнае зьнішчэньне з боку сэрбскага рэжыму Мілошавіча, была прадыктавана менавіта такім падыходам. Жантоўскі піша, што, верагодна, менавіта гэта перашкодзіла Гаўлу атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру, на якую яго намінавалі шмат разоў. Але, як адзначае аўтар, гэта хутчэй сьведчаньне пра самую прэмію, чым пра Гаўла.

Камок нэрваў


Адначасна існаваў іншы Гавэл, «камок нэрваў», у дэпрэсіі, хворы, у адчаі ад свайго бясьсільля, які знаходзіў паратунак ў алькаголі, леках і, як піша Жантоўскі, «непрадуманых сэксуальных прыгодах». Колькасьць рамантычных гісторый бянтэжыла нават сяброў, а са зьяўленьнем і росквітам «жоўтай» прэсы прэзыдэнт стаў выразнай мішэньню для паляваньня. (Цяпер я разумею стрыманы сьмех Гаўла, калі я жартам спытаўся, чаму ён так апякуецца Беларусьсю, ці не замешана тут якая-небудзь дзеўчына. Для даведкі — не, не замешана.)

Жантоўскі піша, што Гавэл заўсёды расказваў сваёй першай жонцы, Вользе, пра свае каханьні; калі ён выйшаў з турмы, яна сустрэла яго прызнаньнем пра свайго каханка (тут варта згадаць, што Гаўла арыштавалі і павезьлі ў турму з кватэры іншай жанчыны, пра якую Вольга ведала і зь якою нават сябравала). Аднак адносіны мужа і жонкі працягвалі заставацца адносінамі блізкіх людзей у інтэлектуальным, сяброўскім, сямейным сэнсах, хоць і без інтымнага складніка. Вольга памерла ў 1997 годзе — тысячы людзей сабраліся на яе пахаваньне.

Трохі менш чым праз год Гавэл ажаніўся з Дагмар Вэшкрнявай, акторкай, зь якой падтрымліваў блізкія адносіны ўжо некалькі гадоў. Гэты шлюб выклікаў шматлікія атакі ў прэсе, другую жонку супрацьпастаўлялі першай, і Гавэл балюча перажываў гэтыя нападкі. Дагмар у свой час падпісала «анты-хартыю» — дакумэнт, які ўлады стварылі ў адказ на «Хартыю», дзе людзі мастацтва, выкладчыкі, іншыя прадстаўнікі эліты дэманстравалі сваю ляяльнасьць рэжыму. (Яна казала, што нічога не падпісвала).


Але іншыя жанчыны зьяўляліся ў яго жыцьці і пазьней. Супрацоўнікі як маглі ахоўвалі папулярнага прэзыдэнта ад закаханых фанатак і авантурыстак, але не заўсёды спраўляліся. Жантоўскі піша, што ў большасьці выпадкаў адносіны мелі плятанічны характар.

Жантоўскі абмяркоўваў гэтую тэму з Дагмар — ён піша, што ёй будзе цяжка чытаць гэтыя старонкі, але кажа, што ніякіх умоваў яна не ставіла.

Чатырохразовы прэзыдэнт


Гаўла абіралі на пасаду прэзыдэнта чатыры разы — спачатку парлямэнт сацыялістычнай Чэхаславакіі, затым, калі склад парлямэнту зьмяніўся, ён падаў у адстаўку і яго абралі другі раз. Потым адбыўся развод Чэхіі і Славакіі, і Гаўла двойчы абіралі ужо толькі чэскія дэпутаты.

Апісаньне паводзінаў жывога чалавека ў гатычным замку, дзе гаспадарыла камуністычная ўлада, нагадвае фільм жахаў і камэдыю адначасна. Трэба было мяняць усё — ад фіранак, мэблі, формы ганаровай варты да супрацоўнікаў.

І дзе іх было шукаць? Першы кіраўнік апарату, адвакат Гаўла на турэмным працэсе, аказаўся агентам дзяржбясьпекі. Адна дзяўчына прачытала скаргі Гаўла на бясконцыя калідоры і прынесла самакат — яе ўзялі на працу сакратаром. Гавэл выпадкова наткнуўся на пакой, дзе падслухоўвалі ўсе размовы; яшчэ ў адным пакоі стаяў тэлефон і сядзела жанчына — аказалася, гэта прамая лінія з Крамлём. Ён узяў трубку, павітаўся, папрасіў паклікаць Гарбачова — яму адказалі, што зараз, пасьля чаго лінія змоўкла навекі. У першы візыт у ЗША дэлегацыя сфармавалася з усіх, хто быў побач і мог неяк дапамагчы. У адной з праскіх школ дагэтуль захоўваюць тлумачальную нататку Гаўла: «А. П. адсутнічала тыдзень на занятках, бо брала ўдзел у дзяржаўным візыце ў Амэрыку».


Адной з прыемных рысаў Гаўла, але вельмі праблематычнай для прэзыдэнта, Жантоўскі называе «татальнае непрызнаньне герархіі». Гэта ня проста рыса паводзінаў чалавека мастацтва, а арганічны стан. Гавэл адмовіўся, напрыклад, арганізоўваць сваіх прыхільнікаў у партыю ці нейкую выразную грамадзкую структуру:

«Я не хачу ўдзельнічаць у фракцыйнай палітыцы».

Гэта істотна абмежавала яго магчымасьці на пасадзе, у ажыцьцяўленьні палітычных плянаў, якія трэба было праводзіць праз парлямэнт. Новае пакаленьне чэскіх палітыкаў на чале з самалюбным Вацлавам Клаўсам абыходзілася з Гаўлам бесцырымонна і нават часам зьняважліва. Гавэл заставаўся бездакорна ветлівым. Ягоны ўплыў на міжнароднай арэне працягваў заставацца надзвычайным, і з гэтым мусілі лічыцца ягоныя апанэнты.

Як тут не пашкадаваць пра нежаданьне Гаўла ствараць сабе апірышча ў парлямэнце — упершыню магла зьявіцца беларускамоўная «першая лэдзі». Жонка паплечніка Гаўла Яна Сокала, які быў прэтэндэнтам на пасаду пасьля Гаўла, Францішка (дачка Яна Патачкі) гаворыць па-беларуску і перакладала Барадуліна. Сокалу не хапіла некалькіх галасоў.

Увогуле, апісаньне прыгодаў Гаўла на пасадзе прэзыдэнта часам падобнае на прыгоды Швэйка, часам на раманы Кафкі, і гэта моцны бок кнігі: адчуваньне, быццам аўтар стаіць за плячыма героя, калі перад вачыма разгортваецца гісторыя з усімі яе бародаўкам і прышчамі, як пісаў Шэксьпір.

Пасьля Граду


У сваім апошнім у жыцьці вялікім інтэрвію ў лістападзе 2011 Гавэл назваў сваёй самай сур’ёзнай памылкай на пасадзе тое, што недастаткова моцна прапагандаваў сваё бачаньне гуманістычнага маральнага грамадзтва. На думку большасьці, піша Жантоўскі, ён толькі гэта і рабіў.

Пасьля трынаццаці гадоў прэзыдэнцтва, характар і паўнамоцвы якога сталі значна абмежаванымі, папулярнасьць Гаўла ў краіне ўпала. Амаль палову апошняга тэрміну ён моцна хварэў, амаль ня меў магчымасьці пісаць, і сам казаў, што ня хоча працягваць палітычнае змаганьне, і ня можа дачакацца канца.

«Як цудоўна, калі параўнаць, быць пісьменьнікам! Што-небудзь напішаш за пару тыдняў, і яно застанецца навекі. А што застаецца, калі зыходзяць прэзыдэнты і прэм’ер-міністры? Некалькі спасылак у падручніках гісторыі, часьцей за ўсё памылковых».

Але пасьля разьвітаньня, гала-канцэрту з усімі зоркамі, калі вялікае нэонавае сэрца — подпіс Гаўла — пагасла над Градам, Гавэл мусіў прызнаць, што яго «ўяўленьні, якім свабодным я зараз стану, аказаліся ілюзіямі».

Здароўе заставалася вельмі хісткім, а графік сустрэч, выступаў, замежных паездак ня зьменшыўся. Аднак Гавэл вярнуўся за пісьмовы стол, завяршыў п’есу «Зыход», пачаў новыя працы. Яго п’есы ізноў ставілі на сусьветных сцэнах, яго запрасілі на стыпэндыю Бібліятэкі Кангрэсу ЗША, ён атрымліваў узнагароды, яго ўвагі шукалі розныя аўдыторыі.

У Чэхіі, аднак, яго чакала новае выпрабаваньне — крытыкай, абразамі, выкрывальніцкімі публікацыямі нізкага гатунку. Жантоўскі тлумачыць псыхалягічныя карані ўспышкі нянавісьці часткова тэндэнцыяй нацыі з плебейскімі і дробнабуржуазнымі каранямі абразаць кожнага па сваім ранжыру. Заснавальнік Чэхаславаччыны Масарык таксама зазнаў такое стаўленьне ад значнай часткі чэскай прэсы і палітыкаў.

Але было яшчэ нешта, што яшчэ больш раздражняла частку людзей ў багемным, лібэральным, адкрытым Гаўле: «крывадушнасьць». Як сьмее гэты чалавек, які ўжываў наркотыкі, здраджваў жонцы, выступаў супраць «мафіёзных капіталістаў», а сам карыстаўся багацьцем сваёй сям’і, як ён сьмее вучыць іх?

Гэта быў іх шанец адпомсьціць самаму чыстаму зь іх, піша Жантоўскі.

Беларусь


У палітычнай біяграфіі Гаўла Беларусь займала куды большае месца, чым можна ўявіць з кнігі — падтрымка дэмакратыі, свабоды друку, Васіля Быкава, палітвязьняў, удзел Гаўла ў знакамітым чытаньні на Свабодзе імёнаў арыштаваных 19 сьнежня 2010 году, ягоны апошні ў жыцьці ліст, адрасаваны палітвязьням, добра вядомыя слухачам Свабоды.

З Васілём Быкавым. 12 верасьня 2001 году.
З Васілём Быкавым. 12 верасьня 2001 году.


Палітычная мудрасьць Гаўла праявілася ў яго доўгіх, няпростых і пасьпяховых урэшце намаганьнях пераканаць разам з Лехам Валенсам амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана у неабходнасьці пашырэньня НАТО, а эўрапейскіх лідэраў — у пашырэньні Эўразьвязу:

«Нельга ўявіць будучыню Эўропы без эўрапейскіх народаў Савецкага Саюзу».

Гэта яшчэ наперадзе, але прадказаньні ці, дакладней, бачаньне Гаўла мае тэндэнцыю спраўджвацца. Калі гэтаму дапамагаць.

Дагмар Гаўлава, Аляксандар Лукашук, Вацлаў Гавэл, Андрэй Дынько. Прага, 2005
Дагмар Гаўлава, Аляксандар Лукашук, Вацлаў Гавэл, Андрэй Дынько. Прага, 2005

Сяргей Навумчык, Івонка Сурвіла і Вацлаў Гавал, сакавік 2008 году
Сяргей Навумчык, Івонка Сурвіла і Вацлаў Гавал, сакавік 2008 году

Любоў


Гэта ня першая біяграфія Гаўла, але кніга Міхала Жантоўскага атрымала сусьветнае крытычнае прызнаньне як «клясычная біяграфія, якая, верагодна, ня будзе перавышана».

У першыя два прэзыдэнцкія тэрміны Гаўла, 1989-1992, Жантоўскі правёў зь ім больш часу, чым хто іншы, уключна з жонкай — ён быў прэс-сакратаром і прамоўцам, мусіў суправаджаць прэзыдэнта Чэхаславакіі ва ўсіх падарожжах, сустрэчах і на ўсіх, як ён піша, вартых забыцьця мерапрыемствах. Жантоўскі ведаў Гаўла дзьве траціны яго жыцьця, апошнюю асабліва блізка. Але момантам, якім ён найбольш ганарыцца, быў не «сумесны» выступ перад Кангрэсам ЗША (Жантоўскі перакладаў, амаль нічога ня чуючы пасьля пералёту, вушы заклала, і ён сачыў за губамі прамоўцы — кангрэсмэны 17 разоў перапынялі выступ авацыяй), не аўдыенцыя, на якой Гавэл знаёміў яго з брытанскай каралевай, а 17 траўня 1989, калі Гавэл выйшаў з бакавой брамы праскай турмы пасьля амаль чатырохгадовага зьняволеньня і дазволіў яму, як піша Жантоўскі, несьці авоську з турэмным рыштункам.

Паводле прафэсіі Жантоўскі — лекар, клінічны псыхоляг. Ён піша, што адзін з аспэктаў лекарскай прафэсіі — здольнасьць заняць «мэдычную пазыцыю» — уменьне глядзець на людзей, нават самых блізкіх, як яны змагаюцца, перамагаюць, пакутуюць і паміраюць, і адначасна абстрагавацца ад эмоцый блізкага чалавека і рабіць бясстрасныя запісы.

Гэтае аўтарскае тлумачэньне спатрэбілася, бо ў папярэднім абзацы Жантоўскі робіць прызнаньне, якое, магчыма, яшчэ лепш тлумачыць посьпех кнігі:

«Мае асабістыя адносіны да Гаўла найлепш апісваюцца словам, якое я ўжыву тут зь вялікай неахвотай. Але калі любоў азначае ня проста ўпадабаньне іншага чалавека і радасьць ад яго прысутнасьці, а клопат пра яго, хваляваньне за яго, доўгае трыманьне яго ў сваіх думках, калі знаходзісься вельмі далёка, калі чакаеш яго ўхвалы і ўзаемнасьці — тады гэта любоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG