Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі працягваюць зьнішчаць санкцыйную ежу


Рассельгаснагляд паведамляе пра новыя выпадкі зьнішчэньня нелегальных прадуктаў.

У Пскоўскай ворбласьці на Себескай звалцы «мэханічным спосабам» зьнішчана 39 тон пэрсікаў, нэктарынаў і груш, затрыманых на беларуска-расейскім адміністрацыйным участку.

У Цюменскай вобласьці зьнішчылі 13 тон баўгарскага перцу.

У Арэнбурзе зьнішчылі гішпанскую прадукцыю — 150 кг інжырнага пэрсіка, а ў Саратаўскай вобласьці спалілі ў спэцыялізаванай печы 34 кг польскіх яблыкаў.

Міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Марэк Савіцкі на прэс-канфэрэнцыі 7 жніўня заклікаў Уладзімера Пуціна спыніць зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў харчаваньня, перадае «Радыё Польшча».

«Я хачу заклікаць прэзыдэнта Пуціна, каб ён не ішоў па сьлядах сваіх папярэднікаў з Савецкага Саюза, я маю на ўвазе 30-я гг., каб ён не зьнішчаў прадукты, якія расейскія прадпрымальнікі з цяжкасьцю купляюць на розных рынках Эўропы і сьвету. Расейцы маюць цяпер патрэбу ў гэтых прадуктах, а ў нашай славянскай традыцыі зьнішчэньне ежы, зьнішчэньне хлеба лічыцца цяжкім грахом. Спадару Пуціну не варта гэтага рабіць. Гэта нагадвае галадамор ва Украіне і ў іншых рэгіёнах СССР у 30-х гг.», — заявіў Савіцкі.

Савіцкі падкрэсьліў, што ў Эўропе шмат прадуктаў харчаваньня высокай якасьці, і Эўразьвяз гатовы да супрацоўніцтва з расейскім грамадзтвам.

У расейскім пасольстве ў Варшаве назвалі праведзеныя польскім міністрам аналёгіі паміж цяперашняй сытуацыяй і голадам 30-х гадоў у Савецкім Саюзе «абразьлівымі і недарэчнымі». У дыпмісіі адзначылі, што недахопу прадуктаў харчаваньня на расейскім рынку няма.

13 жніўня ў Новасыбірску пройдзе пікет супраць зьнішчэньня санкцыйных прадуктаў. Яго ўдзельнікі запатрабуюць раздаць імпартную ежу расейцам, якія жывуць у нястачы, паведамляе Тайга.инфо. Арганізатары акцыі называюць зьнішчэньне прадуктаў блюзьнэрствам.

XS
SM
MD
LG