Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі байкот выбараў прыносіць посьпех


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Палітычныя спрэчкі ў сучаснай Беларусі вельмі часта грунтуюцца на тэзе, якая прымаецца паводле змоўчаньня — такога, як у нас, нідзе і ніколі не было і няма.

Ну, можа не зусім так: папулярныя параўнаньні з савецкім часам і эпохай перабудовы, часам прыгадваецца каскад антыкамуністычных рэвалюцыяў у Цэнтральнай Эўропе, бурныя падзеі ў краінах рэгіёну, такія, як «каляровыя рэвалюцыі» ў Сэрбіі, Грузіі і Ўкраіне, таксама нярэдка робяцца аргумэнтамі ў дыскусіях і мадэлямі палітычных дзеяньняў. Але прадметам аналізу і параўнаньняў амаль ніколі ня робяцца няўдачы. І пры гэтым заўсёды застаецца надзвычай вузкім поле параўнаньняў — гэта амаль выключна Эўропа і былы СССР.

Часткова гэта абумоўлена малымі ведамі пра геаграфічна і культурна далёкія краіны, ў пэўнай ступені — прыхаваным расізмам: мы ж эўрапейцы, што нам досьвед нейкіх афрыканскіх ці азіяцкіх «дзікуноў»?

Усе людзі падобныя

Між тым насамрэч як людзі, гэтак і палітычныя практыкі больш падобныя, чым некаму здаецца. Ілюстрацыя гэтаму — праца амэрыканскага дасьледчыка Мэцью Фрэнкеля з Brookings institute, у якой аналізуецца досьвед 171 (!) выпадку байкоту і пагрозаў байкоту выбараў, якія адбываліся ў сьвеце з 1990 па 2009 год.

Па-першае, ўражвае колькасьць. Гэта, як высьвятляецца, даволі распаўсюджаная практыка, вялікая колькасьць выпадкаў дае магчымасьць вызначаць нейкія заканамернасьці. А, па-другое, ўражвае падабенства. У 1995 годзе апазыцыя на Гаіці байкатавала выбары. Улады пракамэнтавалі байкот наступным чынам: «Апазыцыя ня мае народнай падтрымкі, яны байкатуюць, таму што ведаюць, што прайграюць». У 2005 годзе прэзыдэнт Вэнэсуэлы Ўга Чавэс заявіў наконт байкоту апазыцыяй выбараў: «Апазыцыя павінна прызнаць, што за імі няма народу, байкот — спроба палітычнага сабатажу». Гэта гавораць улады далёкіх Гаіці і Вэнэсуэлы ці Беларусі?

Гэтак жа ўнівэрсальныя і матывы і мэты байкоту: «Мэта апазыцыі, якая практыкуе байкот — дамагчыся ад уладаў роўных умоваў выбараў альбо засяродзіць увагу міжнароднай супольнасьці на несправядлівай або ашуканскай практыцы кіроўнага рэжыму і дэлегітымізаваць яе міжнародны аўтарытэт».

Але наколькі часта гэта прыводзіць да посьпеху?

Што такое посьпех?

Посьпех байкоту Мэц’ю Фрэнкель разумее досыць проста — хуткія і істотныя зьмены ва ўладзе ці ў яе разьмеркаваньні. Калі коратка, то адказ дасьледчыка — байкот мае посьпех вельмі рэдка. Паводле яго з 171 прааналізаванага выпадку байкот быў пасьпяховым толькі ў 4% выпадкаў. Прычым, гэта адбывалася тады, калі байкот выбараў быў часткай больш шырокай кампаніі пратэстаў, дэманстрацыяў, страйкаў.

Вось некалькі з гэтых выпадкаў.

Банглядэш, 1996

Апазыцыя байкатуе парлямэнцкія выбары, патрабуючы сыходу ад улады прэм'ера Халеды Зія. Байкот суправаджаецца масавымі пратэстамі і агульнанацыянальным страйкам, які за два дні да выбараў паралізуе краіну. На выбарах яе партыя бярэ 205 з 207 месцаў у парлямэнце. Але пад ціскам пратэстаў Зія праз два месяцы абвяшчае датэрміновыя выбары, на якіх апазыцыя бярэ амаль палову месцаў і перамагае партыю Зія.

Пэру, 2000

У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў кандыдат ад апазыцыі Алехандра Таледа, паводле афіцыйных зьвестак, саступае дзейнаму прэзыдэнту Альбэрта Фухіморы. Паводле вынікаў апытаньняў лідзіруе Таледа. Ён абвінавачвае ўлады ў фальсыфікацыях і адмаўляецца ўдзельнічаць у другім туры. Без суперніка Фухіморы лёгка перамагае, але краіну ахоплівае хваля пратэстаў. Праз паўгоду пад ціскам пратэстаў разам з абвінавачваньнямі ў карупцыі прэзыдэнт сыходзіць у адстаўку.

Той, хто адсутнічае, ня мае рацыі

Аднак гэтыя нешматлікія прыклады посьпехаў — кропля ў моры няўдачаў. Мэц’ю Фрэнкэль прызнае, што для апазыцыі ў аўтарытарных краінах дылема несуцяшальная: байкот не абяцае посьпеху, але і ўдзел таксама. Аднак ён адзначае, што, як правіла, байкот ня проста не прыводзіць да дасягненьня заяўленых мэтаў, але і істотна пагаршае сытуацыю. Ён, у прыватнасьці, прыводзіць да маргіналізацыі апазыцыі, ініцыятары байкоту губляюць папулярнасьць і сыходзяць з палітычнай арэны.

Дэлегітымізаваць аўтарытарных уладароў унутры краіны не атрымліваецца, дзіўным чынам байкот умацоўвае іх уладу. У Этыёпіі і Пэру ў 1992 годзе, у Тога ў 2002 годзе, ў Вэнэсуэле ў 2005 годзе менавіта пасьля выбараў, якія апазыцыя байкатавала, кіраўнікі краінаў праводзілі зьмены ў канстытуцыю ў кірунку абмежаваньня палітычных свабодаў і пашырэньня свайго самаўладзьдзя.

Нярэдкія выпадкі, калі байкот выбараў пэўнымі палітычнымі групамі спрыяў прыходу да ўлады найбольш жорсткіх іх ворагаў. Палітычнае крыло радыкальнай групоўкі «Тамільскія тыгры» ў Шры-Ланцы заклікалі сваіх прыхільнікаў байкатаваць выбары у 2005 годзе. У выніку на выбарах перамог палітык, як выступаў за зьнішчэньне радыкалаў і чаго ўрэшце здолеў дамагчыся. Падобныя сюжэты назіраюцца часам і ў дэмакратычных краінах. Радыкалы з баскай арганізацыі ЭТА заклікалі байкатаваць агульнагішпанскія парлямэнцкія выбары 2000 году. Вынікам стала перамога лідэра кансэрватараў, які быў гатовы пашыраць правы Краіны баскаў у найменшай ступені.

Байкот у вачах сьвету

Паводле амэрыканскага дасьледчыка, ініцыятары байкоту рэдка дасягаюць і мэты міжнароднай дэлегітымізацыі рэжыму, які «крадзе» выбары. «Міжнародная супольнасьць аказваецца перад дылемай — міжнародная стабільнасьць альбо прасоўваньне дэмакратыі праз свабодныя і справядлівыя выбары» — адзначае Мэцью Фрэнкель. Паводле яго, «для ЗША справядлівыя выбары адышлі на задні плян у параўнаньні са стабільнасьцю, асабліва ў дачыненьні да нашых саюзьнікаў у барацьбе супраць глябальнага экстрэмізму».
Ён прыводзіць яскравыя прыклады (Гана 1992, Этыёпія 1994, Малі 1997, Азэрбайджан 2003), калі, нягледзячы на байкот выбараў з боку апазыцыі, іх вынікі былі афіцыйна прызнаныя Злучанымі Штатамі.

Аднак, паводле дасьледчыка, байкот выбараў — гэта той выпадак, калі пагроза мацней за выкананьне. Прыкладаў посьпеху байкоту няшмат, значна больш выпадкаў, калі да саступак з боку ўлады прыводзіла пагроза байкоту.

Беларускія байкоты

Беларусь у шэрагу прыкладаў, якія вывучаў Мэц’ю Фрэнкэль, не фігуруе. Хаця можна прыгадаць даволі шырокія, хаця і частковыя, кампаніі байкоту выбараў у Беларусі ў 2000 і ў 2012 гадах. У байкоце 2000 году ўдзельнічалі ўсе асноўныя апазыцыйныя партыі, ў байкоце 2012 году — іх значная частка.

КХП БНФ байкатавала ўсе выбары, якія адбываліся ў Беларусі пачынаючы з 2000 году.

Калі карыстацца «наіўным» крытэрам посьпеху, які ўжывае ў сваім аналізе амэрыканскі дасьледчык, то варта сказаць, што беларускія прыклады хутчэй пацьвярджаюць эмпірычныя высновы Мэцью Фрэнкэля наконт эфэктыўнасьці байкоту.

Можна спрачацца, ці такой ужо моцнай была роспач улады пасьля байкоту 2012 году, што яна на будучыню забараніла байкот заканадаўча, але відавочна, што такі вынік і блізка не падобны на Банглядэш 1996 году і Пэру 2000 году. Ніякага істотнага (ці хоць якога) пераразьмеркаваньня ўлады байкоты ў Беларусі не спарадзілі.

Таксама невідавочна, што яны спрыялі міжнароднай дэлегітымізацыі ўлады. Палаце прадстаўнікоў, выбары ў якую ў 2000 годзе апазыцыя байкатавала, ў 2003 годзе было вернутае месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Вынікі байкатаваных часткай апазыцыі парлямэнцкіх выбараў 2012 году не былі прызнаныя Захадам, але гэтак жа не былі прызнаныя вынікі і папярэдніх парлямэнцкіх выбараў 2008 году, ў якіх апазыцыя ўдзельнічала. Нацыянальны сход, сфармаваны па выніках выбараў 2008 году, ня быў запрошаны ў Парлямэнцкую асамблею «Ўсходняга партнэрства». І ўдзел апазыцыі ў тых выбарах адмове ў гэтым запрашэньні ніяк не перашкодзіў.

«Кожная нешчасьлівая нацыя нешчасьлівая па-свойму»?

Зразумела, можна сказаць, што, перафразуючы расейскага клясыка, «кожная нешчасьлівая нацыя нешчасьлівая па-свойму» і што досьвед далёкіх краінаў не прыдатны для Беларусі. Але варта адзначыць, што менавіта так думаюць людзі ў кожнай краіне. Аднак насамрэч пэўныя заканамернасьці ўсё ж існуюць.

Больш за тое, тут як у грамадзтве: вельмі цяжка ці нават немагчыма прадказаць паводзіны аднаго чалавека. Значна прасьцей — масы людзей, дзе адхіленьні ад мэйнстрыму толькі пацьвярджаюць яго.

Адной асобнай нацыі можа пашанцаваць, і байкот выбараў можа прывесьці да кардынальных зьменаў. Але шанец вельмі малы. І пры гэтым, як бачна з прыкладаў удалых байкотаў, строга кажучы, не байкот быў у гэтых выпадках прычынай посьпеху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG