Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-пакістанскае «танга з трактарамі» працягнецца


Прэм'ер-міністар Пакістану Наваз Шарыф (справа) і Аляксандар Лукашэнка вітаюць адзін аднаго на авіябазе Нур Хан у Равалпіндзі, Пакістан. 28 траўня 2015 году

Прэм'ер-міністар Пакістану Наваз Шарыф (справа) і Аляксандар Лукашэнка вітаюць адзін аднаго на авіябазе Нур Хан у Равалпіндзі, Пакістан. 28 траўня 2015 году

Сёньня пачынаецца афіцыйны візыт прэм’ер-міністра Пакістану Наваза Шарыфа ў Беларусь.

11 жніўня ён разам з Аляксандрам Лукашэнкам адкрые беларуска-пакістанскі бізнэс-форум. Кіраўнік ураду Пакістану пабывае на некалькіх машынабудаўнічых прадпрыемствах, прачытае лекцыю ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, дзе яму будуць уручаць дыплём ганаровага прафэсара.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка звычайна акцэнтуе ўвагу на эканамічных аспэктах падобных візытаў. Аднак сёньня ён найперш адзначае палітычны чыньнік наведваньня Беларусі кіраўніком ураду Пакістану. Спадар Заіка падкрэсьлівае, што за апошні час у Менску пабывалі лідэр Кітая і прэзыдэнт Індыі, Беларусь падвысіла на прыступку свой статус у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«А цяпер глядзіце, што атрымліваецца. Пакістан у якасьці сваіх патэнцыйных праціўнікаў можа бачыць і Кітай, і Індыю. Таму пакістанскае кіраўніцтва разумее, што трэба ісьці на больш шчыльныя кантакты з Расеяй і Беларусьсю, каб не застацца дзесьці па-за межамі гэтай сфэры. Таму для пакістанцаў важна, што яны не „завісаюць“, а, як Кітай і як Індыя, прысутнічаюць у Беларусі», — гаворыць Леанід Заіка.

А вось эканамічных выгодаў, на якія разьлічваюць беларускія ўлады, ад гэтага візыту чакаць «проста сьмешна» — перакананы кіраўнік «Стратэгіі»:

«Пра што марыць звычайны пакістанскі чыноўнік? Закупіць шмат трактароў. А чым ганарацца беларусы? Трактарамі. Спробы прадаваць іх туды пачыналіся яшчэ падчас прэм’ерства Чыгіра. І ўсе яны пры ўсіх іншых прэм’ерах праваліліся. Пакістанцы гатовыя былі плаціць такія невялікія грошы, што нам такі гандаль прыносіў бы адны страты. Таму гэта бясплённае „танга з трактарамі“ будзе толькі працягвацца.

А ў цэлым супрацоўніцтва паміж Ісламабадам і Менскам ідзе паводле ідэалёгіі краінаў трэцяга сьвету. Гэта — лёгкая прамысловасьць, прадукты харчаваньня, сельская гаспадарка.

Усе праблемы Беларусі знаходзяцца ўнутры яе. Таму шукаць новыя рынкі збыту, новыя экспартныя магчымасьці — гэта ўладамі робіцца толькі для адводу вачэй. Нам патрэбныя ня новыя рынкі, а новая, больш якасная наша вытворчасьць — новыя трактары, новыя тэлевізары, новыя аўтамабілі...Каб прадаць, трэба ўзьняцца на новы тэхналягічны ўзровень беларускай прадукцыі».

Беларусь на пачатку лета наведваў прэзыдэнт Індыі. Пакістан (дарэчы, як і Індыя) — парлямэнцкая рэспубліка, фактычны кіраўнік краіны там — прэм’ер,— падкрэсьлівае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Так што гэты візыт — адметная падзея для Беларусі. Пакістан, як і Індыя, імкнецца пашырыць сваё сяброўства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дзе Беларусь нядаўна набыла статус назіральніка. І ў рамках гэтай структуры таксама магчымае пашырэньне супрацоўніцтва.

А калі глядзець на бліжэйшую пэрспэктыву — восеньскую, то, я думаю, Шарыф і Лукашэнка абавязкова закрануць тэму юбілейнай сэсіі ААН, і, магчыма, дамовяцца аб узаемнай падтрымцы ў Нью-Ёрку. Лішніх галасоў на такіх форумах не бывае».

Палітычны аглядальнік Андрэй Фёдараў упэўнены, што візыт пакістанскага прэм’ера ў Менск не перашкодзіць беларуска-індыйскім дачыненьням:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Тыя ж Злучаныя Штаты Амэрыкі падтрымліваюць добрыя адносіны і з Індыяй, і з Пакістанам. Там жа ніхто ня кажа на сустрэчы з пакістанскім лідэрам, што індусы дрэнныя. Альбо наадварот. Гэтыя тэмы не чапаюцца. А адносіны паміж краінамі ідуць неяк паралельна».

Візыт кіраўніка ўраду Пакістану ў Беларусь завершыцца 12 жніўня.

XS
SM
MD
LG