Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Плакс — беларуска-швэдзкі перакладчык, паэт, празаік і журналіст. Нарадзіўся ў 1970 у Менску, з 1997 стала жыве ў Стакгольме. Піша па-беларуску, па-расейску і па-швэдзку, перакладае на швэдзкую і беларускую. Удзельнік арт-групы «Беларускі клімат», заснаванай у 1989. З 1992 супрацоўнічаў зь «Белорусской Деловой Газетой», з 1994 — з газэтай «Имя», дзе вёў аўтарскую калёнку «Плаксы». З 1999 году супрацоўнічае са Швэдзкім радыё, восеньню 2004 году на міжнародным канале Швэдзкага радыё заснаваў Беларускую службу і ўзначальваў яе да закрыцьця восеньню 2009. З 2010 — прадусар і драматург у Радыётэатры Швэдзкага радыё. Сябра Швэдзкага ПЭН-цэнтру, Саюзу пісьменьнікаў Швэцыі, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Выдаў кнігі: «Дневник Сая Туомбли» (2001); «Жара» (2004); «Cy Twomblys dagbok» (2006); «Трыццаць тэкстаў (2009); «OM» (2009); «re citat iver» (2011); «Если бы я был» (2011).


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Ня ведаю. Банальна, але мо для сябе? Ці хутчэй — для пэўнага пачуцьця ці адчуваньня, у глябальным, так бы мовіць, сэнсе.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У цягніку, самалёце, у часе падарожжа.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Гэта не адна кніга, але кніг, якія выклікаюць у мяне гэтае жаданьне, на жаль, становіцца штораз менш.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Аднаго такога, бадай, няма. Думаю, у мяне ёсьць рысы і Гарганцюа, і Швэйка, і Кіна, і Мумі-таты, і Піпі, і г. д.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Зноў жа, нічога арыгінальнага не адкажу — няма такога аднаго пісьменьніка. Пэрыядычна я ўвогуле не чытаю нічога новага — толькі перачытваю. Тады «ў ход» ідуць, напрыклад, Бродзкі, О. Генры, Даўлатаў, Экелёф, Транстромэр, Разанаў, Канэці, Чэхаў і г. д.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Нядаўна скончыў «Мэсапатамію» Сяргея Жадана, цяпер перачытваю «Handlingen» Сары Манхеймер (Sara Mannheimer) і пачаў «Järnskallen» Нільса Хокансана (Nils Håkanson).

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Залежыць ад таго — што. Мастацкую літаратуру цяпер чытаю, у асноўным, па-швэдзку і па-англійску. Раней, калі было больш вольнага часу, чытаў яшчэ на некалькіх роднасных мовах. Газэтныя артыкулы магу чытаць мо на нейкім дзясятку.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Я ніколі не задаволены вынікамі ўласнай працы. Мастак, які цалкам задаволены сваёй працай, мусіць, на мой погляд, ісьці на пэнсію. Ён сваё зрабіў.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Хочацца напісаць яшчэ шмат, але я працую вельмі павольна і публікую вельмі мала. Павелічэньне сусьветнай энтрапіі ў мае пляны не ўваходзіць.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі ўсё добра і я ня мушу ні пра што клапаціцца і нічым хвалявацца.

XS
SM
MD
LG