Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здрасьце, у вас выйшла кніга ў Расеі!


Пішучы пра Расею, рэпарцёр брытанскай газеты Guardian Люк Хардынг заявіў у твітэры, што не пісаў кнігу «Ніхто акрамя Пуціна», выдадзеную расейскім выдавецтвам «Алгоритм» у сэрыі «Праект Пуцін», якая налічвае ўжо больш за два дзесяткі кніг.

Хардынг таксама выказаў вялікія сумневы ў тым, што былы амэрыканскі дзяржаўны сакратар Генры Кісінджэр напісаў кнігу «Зразумець Пуціна», дзе ён значыцца як аўтар.

Адначасова, як паведамляе сайт расейскай службы Бі-Бі-Сі, якая першая зьвярнула ўвагу на гэтую гісторыю, журналіст Ільля Азараў у твітэры адзначыў, што амэрыканскі рэпартэр Майкл Бом не зьяўляецца аўтарам кнігі «Памылка прэзыдэнта Пуціна» — апошняй, якая выйшла ва ўсё той жа сэрыі «Праект Пуцін». Пазьней Бом пацьвердзіў гэтыя словы ў эфіры «Эхо Москвы». Сярод іншых аўтараў сэрыі: Эрык Форд, Барыс Нямцоў, Аляксандр Рар, Сяргей Чылінгар’ян, Сяргей Удальцоў, Эдуард Лімонаў.


Поўная назва кнігі, якая прыпісваецца Люку Хардынгу: «Ніхто акрамя Пуціна. Чаму яго прызнала расейская сыстэма». Спасылкі на яе можна знайсьці ў каталёгах расейскіх выданьняў. Наклад — 2000 асобнікаў. Год выданьня 2015. У анатацыі да кнігі гаворыцца:

«Люк Хардынг на працягу доўгага часу працаваў маскоўскім карэспандэнтам газэты The Guardian. За скандальнае інтэрвію з апальным алігархам Б. Беразоўскім ён быў высланы з нашай краіны і пазьней у Англіі выдаў кнігу „Мафіёзная дзяржава“, у якой сьцьвярджаў, што ў Расеі паміж уладай і крыміналітэтам няма ніякага адрозьненьня: арганізаваная злачыннасьць і сілавыя органы сталі адным цэлым. У сваёй новай кнізе Л. Хардынг разьвівае гэтую думку — ён кажа, што на вяршыні расейскай дзяржаўнай улады (у „сыстэме“, як ён яе называе) насамрэч не ідзе ніякая вайна за будучы шлях Расеі паміж „рэфарматарамі“ і „дзяржаўнікамі“. У сапраўднасьці шматлікія варожыя групоўкі канфліктуюць паміж сабой за долі даходаў ад велізарных сыравінных запасаў. Пры гэтым кіруючая эліта цьвёрда перакананая ў тым, што Ўладзімер Пуцін — адзіны, хто можа гарантаваць далейшае функцыянаваньне дадзенай сыстэмы. Сьцьвярджэньні Л. Хардынга многім пададуцца спрэчнымі, але яны паказальныя для пэўных колаў брытанскіх палітыкаў, журналістаў і грамадзкіх дзеячаў».

Люк Хардынг
Люк Хардынг

Прадмова, вельмі крытычная ў адносінах да Хардынга, падпісана «Ісраэлем Шамірам». Гэта імя расейска-ізраільскага аўтара, вядомага сваімі антысіянісцкімі поглядамі. Шамір абвінавачвае Хардынга у тым, што той «адыграў вялікую ролю ў інфармацыйнай вайне супраць Расеі», рэдагуючы для Guardian расейскае дасье WikiLeaks; «ці то па загадзе сэрца, ці то па волі заходніх фінансавых колаў мачыў» Аляксандра Лукашэнку; скажаў ў сваіх паведамленьнях рэальныя падзеі, уводзячы ў зман чытачоў. Шамір (калі ён сапраўды аўтар прадмовы) адзначае, што «погляды Люка Хардынга паказальныя для пэўных колаў брытанскіх палітыкаў, журналістаў і грамадзкіх дзеячаў».

Вось сьпіс разьдзелаў кнігі «Ніхто акрамя Пуціна»: Вяршыня Агентаў; «Будзьце асьцярожныя»; Кавярня «Акадэмія»; Развод Лёндану з Масквой; «Навіны з Расеі — жарт»; Палітычны футбол; Новая буржуазія; Мінулая і будучая вайна; «Ачысьцім ад сьмецьця!»; Пяць «прынцыпаў» Расеі; Бэтмен і Робін; WikiLeaks; «Дзякуючы Дзіму і Валодзю»; Постмадэрнізм Пуціна; Тандэм не пакінуў Расеі выбару; Постмадэрнісцкая дзяржава Пуціна; Пуцін: вяртаньне караля; Бліскучы ход Пуціна напярэдадні Алімпіяды; Расею чакае доўгі пэрыяд застою і палітычнага ціску.

Дырэктар выдавецтва «Алгоритм» Сяргей Нікалаеў заявіў у інтэрвію «Эху Москвы», што менавіта Хардынг напісаў кнігу «Ніхто акрамя Пуціна». Паводле яго слоў, супрацоўнікі выдавецтва пераклалі кнігу брытанскага журналіста, «якая выйшла на Ўкраіне». Як сьцьвярджае Нікалаеў, «з Хардынгам не маглі зьвязацца адносна дамовы і ганарару». «Нам прасьцей выдаць кніжку, потым чалавек зьвяртаецца, мы тлумачым і ўсё» — заявіў дырэктар выдавецтва.

У інтэрвію Радыё Свабода Люк Хардынг катэгарычна адхіліў сваё аўтарства кнігі «Ніхто акрамя Пуціна».

Хардынг: Гэта вельмі дзіўная гісторыя. Кніга гэтая ня мае да мяне ніякага дачыненьня, я яе не пісаў і нават не аўтарызаваў яе пераклад або выданьне. Як я даведаўся пра існаваньне гэтай кнігі... пару тыдняў таму я атрымаў мэйлы ад маскоўскага прыяцеля, уладальніка кнігарні, які прадаваў гэтую кнігу — «Ніхто акрамя Пуціна». Ён павіншаваў мяне з кнігай, я адказаў, што нічога ня ведаю пра кнігу, ніколі яе не пісаў і нават ня бачыў яе. Ніхто з выдавецтва, якое яе апублікавала, са мной не зьвязваўся, не тэлефанаваў, я не атрымліваў ад выдавецтва ніякіх лістоў па электроннай пошце. Гэта вельмі дзіўнае выдавецтва: насуперак міжнароднай практыцы кнігавыдавецтва яно публікуе матэрыялы, прыпісваючы іх абсалютна староннім людзям безь іх ведама, і пры гэтым не валодае ангельскім арыгіналам і ніякімі правамі на выданьне.

РС: Галоўны рэдактар выдавецтва «Алгоритм» ў інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы» сьцьвярджае, што расейскае выданьне прыпісанай вам кнігі «Ніхто акрамя Пуціна» — гэта пераклад зь яе ўкраінскага выданьня. Вы сапраўды публікавалі ва Ўкраіне гэтую кнігу?

Хардынг: Ха-ха-ха... Адзіная мая кніга, якая перакладзеная ва Ўкраіне, як, зрэшты, і на іншыя 20 моваў — гэта «Мафіёзная дзяржава», у якой я распавядаю пра ліхія прыгоды ў Маскве, дзе я некалькі гадоў прадстаўляў газэту Guardian. Кніга гэтая выйшла ў 2011 годзе. Мой выдавец — гэта мая газэта, гэта выдавецтва Guardian Books, якое таксама нічога ня ведае аб гэтай падробцы і не атрымлівала ніякай інфармацыі ад маскоўскіх выдаўцоў.

РС: Выдавецтва «Алгоритм», паводле яго галоўнага рэдактара, гатова выплаціць вам ганарар за кнігу. Праўда, сума не называецца. Як вы да гэтага ставіцеся?

Хардынг: Зноў жа гэта ставіць мяне ў тупік: звычайна аўтарскі ганарар выплачваецца паводле дамовы, падпісанай паміж выдаўцом і аўтарам. Тут жа ніякай дамовы няма. Выдавецтву няма чаго прад’явіць. Аб якім ганарар можа ісьці гаворка, калі ён папярэдне не ўпамінаецца ў дамове? Такой выдавецкай практыкі нідзе не існуе. Гэта нават не пірацкае выданьне, гэта нейкі фантомны праект. Я трапіў у кампанію Генры Кісінджэра, Майкла Бома, Барыса Нямцова, якія, напэўна, як і я, не пісалі кніг, выдадзеных гэтым выдавецтвам. Хачу сказаць, што гэтая афёра тычыцца ня толькі мяне. Гэта тычыцца ўсіх іншых аўтараў і ўсіх грамадзян Расеі, якія могуць стаць ахвярамі падобных выданьняў. Гэта вельмі дзіўная гісторыя.

Ахвярай выдавецтва «Алгоритм» стаў яшчэ адзін вядомы брытанскі журналіст — аглядальнік часопіса Economist Эдвард Лукас. У лісьце Радыё Свабода ён, у прыватнасьці, піша, што таксама быў адзначаны гэтым выдавецтвам летась і што нехта хоча нажыцца, крадучы яго працы. У любым выпадку, адзначае Лукас, усе яго працы маюць капірайт. Эдвард Лукас паведамляе, што выдавецтва «Алгоритм» займаецца кампіляцыяй і перадрукам яго работ без дазволу яго самога і яго ангельскіх выдаўцоў, і што ён ужо зьвярнуўся да свайго літаратурнага агента з просьбай разабрацца з маскоўскім выдавецтвам.

Кніга, якая прыпісваецца Генры Кісінджэру, называецца «Зразумець Пуціна. Палітыка здаровага сэнсу». Гэтая кніга (нагадаем, сам Генры Кісінджэр да гэтага часу не аспрэчваў яе аўтарства) выйшла ў тым жа выдавецтве «Алгоритм» у верасьні летась. Анатацыя пры гэтым паведамляе:

«У кнізе, прадстаўленай вашай увазе, Кісінджэр распавядае пра прычыны цяперашняга сыстэмнага крызысу ў сьвеце. Асаблівая ўвага надаецца зьнешняй палітыцы Уладзіміра Пуціна, якую Генры Кісінджэр называе „палітыкай здаровага сэнсу“. У сувязі з гэтым ацэньваецца і пазыцыя Пуціна па Ўкраіне — Кісінджэр прымае яе зь вядомымі агаворкамі і заклікае „зразумець Пуціна“ ў гэтым пытаньні».

Цікава, што першы камэнтар на сайце «Литрес. Ру» з нагоды кнігі гучыць так:

Генры Кісінджэр
Генры Кісінджэр

«Убачыўшы новую кнігу Генры Кісінджэра — з задавальненьнем купіў, і мяне спаткала... крайняе расчараваньне. Гэта ня кніга Генры Кісінджэра. Хтосьці надраў фрагмэнтаў зь яго кніг „Дыпляматыя“ і „Ці патрэбна Амэрыцы зьнешняя палітыка“, назьбіраў інтэрвію Кісінджэра розным газэтам пра яго погляды на Расею і Пуціна, і выдаў за аўтарства Кісінджэра. Не махлярства, але амаль. Курсавая праца крэмлябота».

З гэтым меркаваньнем згодны і іншы камэнтатар:

«Дзіўная кампіляцыйная праца. Вялікія сумневы, што яе напісаў сам Кісінджэр. Хто менавіта яе напісаў — незразумела. Сабраныя нарэзкі з артыкулаў Кісінджэра, увогуле-то, вырваныя з кантэксту. Заяўленай тэме ўдзелена дастаткова мала месца. „Аўтар“ або аўтары імкнуцца старанна абыходзіць тэму ўдзелу ЗША ва ўсіх тых бязладзьдзях, што дзеюцца ў сьвеце ў апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў, але гэта дрэнна атрымліваецца. Складваецца адчуваньне, што кніга заклікана апраўдаць права ЗША на насаджэньне псеўдадэмакратаў ва ўсім сьвеце. Усё астатняе — другаснае, у тым ліку развагі пра савецкіх і расейскіх дзяржаўных дзеячаў. ІМХО, нехта паспрабаваў выкласьці сваю вэрсію тэндэнцый разьвіцьця сучаснай Расеі ў геапалітычным кантэксьце, прыкрываючыся артыкуламі Кісінджэра».

Два гады таму супраць выдавецтва «Алгоритм» была ўзбуджаная крымінальная справа па факце распальваньня нянавісьці ў сувязі з выданьнем кніг Бэніта Мусаліні і Ёзэфа Гёбэльса. «Праведзенымі псыхалягічнаа-лінгвістычнымі дасьледаваньнямі быў устаноўлены экстрэмісцкі характар названых друкаваных выданьняў, якiя абгрунтоўваюць і апраўдаюць ідэалёгію нацызму, а таксама нацыянальную і расавую перавагу адных асоб над іншымі» — гаварылася ў паведамленьні пракуратуры Масквы. У падтрымку выдавецтва тады выступаў Эдуард Лімонаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG