Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі салідарнасьці да дня нараджэньня Статкевіча


Адзін зь білбордаў з выявай Мікалая Статкевіча, усталяваных у Польшчы, на мяжы зь Беларусьсю. Фота з сайту statkevich.org

Адзін зь білбордаў з выявай Мікалая Статкевіча, усталяваных у Польшчы, на мяжы зь Беларусьсю. Фота з сайту statkevich.org

Недзяржаўныя арганізацыі разам з роднымі палітвязьняў вырашылі арганізаваць акцыю салідарнасьці для Мікалая Статкевіча, якому 12 жніўня спаўняецца 59 гадоў.

«12 жніўня Мікалай Статкевіч, беларускі палітвязень, апошні кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, які да сёньняшняга дня знаходзіцца за кратамі, адзначае свой дзень нараджэньня. Чарговы дзень нараджэньня, які Статкевіч „адзначае“ ў так званай закрытай турме, у адзіночнай камэры. Ён ня бачыць ні неба, ні аблокаў, ні сонейка, ні дрэў, ня чуе сьпеваў птушак...» — пішуць аўтары ініцыятывы. Для таго, каб паўдзельнічаць у акцыі салідарнасьці з палітвязьнем, прапануецца зрабіць здымак неба, хмаркі, сонейка, дрэва і апублікаваць яго ў сацыяльных сетках — facebook, Twitter, Instagram, пазначаючы спэцыяльным хэштэгам #SkyForStatkievich і спасылкай на пэтыцыю з патрабаваньнем вызваліць Статкевіча на сайце change.org.

«Мы зьвяртаемся да лідэраў урадаў краін Эўрапейскага Зьвязу працягваць намаганьні, накіраваныя на вызваленьне і рэабілітацыю Мікалая Статкевіча і іншых беларускіх палітычных зьняволеных; не пераставаць аказваць ціск на беларускі рэжым і неадкладна зьвярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем гарантаваць палітвязьням свабоду ад катаваньняў і іншых формаў бесчалавечнага абыходжаньня зь імі, а таксама перастаць перасьледаваць Мікалая Статкевіча.

Мы глыбока перакананыя ў тым, што толькі пасьлядоўныя дзеяньні і агульная пазыцыя краін Эўрапейскага Зьвязу могуць прывесьці да вызваленьня беларускіх палітычных зьняволеных», — адзначаецца ў пэтыцыі, створанай жонкай Статкевіча Марынай Адамовіч.

Акрамя таго, павіншаваць Мікалая Статкевіча з Днём Народзінаў можна, напісаўшы ліст на адрас 212011 г. Магілёў вул. Крупскай, 99а, СТ-4.

Тым часам, як паведамляе сайт statkevich.org, у Польшчы каля ўсіх буйных аўтамабільных памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю ўсталяваныя білборды з выявамі беларускіх палітвязьняў. Білборды ўсталявалі сябры грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і ўсім палітвязьням».

Мікалай Статкевіч быў арыштаваны падчас разгону Плошчы-2010, а 26 траўня 2011 году асуджаны судом Ленінскага раёну г. Менску паводле ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) да 6 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Рашэньнем суду ад 12 студзеня 2012 году ўмовы адбыцьця пакараньня былі зьмененыя на больш жорсткія, Мікалай Статкевіч пераведзены з калёніі № 17 у Шклове ў турму № 4 г. Магілёва. 12 студзеня 2015 году этапаваны для далейшага адбыцьця пакараньня ў шклоўскую папраўчую калёнію № 17.

4 траўня 2015 году суд Шклоўскага раёну прызнаў Статкевіча вінаватым у парушэньні правілаў унутранага распарадку калёніі і накіраваў палітвязьня да сканчэньня тэрміну зьняволеньня ў «крытую» турму № 4 г. Магілёва.

4 жніўня ў інтэрвію журналісту Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што пытаньне пра Мікалая Статкевіча — «на парадку дня»:

«Вырашыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытаньне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У бліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі другі варыянт, то часу шмат», — сказаў Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG