Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне паставілі помнік ахвярам украінскага Галадамору


Фрагмэнт манумэнту "Пшанічнае поле"

Фрагмэнт манумэнту "Пшанічнае поле"

У Вашынгтоне ўсталявалі помнік мільёнам ахвяраў масавага голаду ва Ўкраіне ў 1932-33 гадах 20-га стагодзьдзя, які быў вынікам мэтанакіраванай палітыкі бальшавіцкай улады. У сталіцы ЗША помнік зьявіўся пасьля многіх гадоў падрыхтоўкі.

Вярхоўная рада Ўкраіны яшчэ ў 2006 годзе прызнала Галадамор актам генацыду ўкраінскага народу. Аднак пазьней, падчас кіраваньня зрынутага прэзыдэнта Віктара Януковіча, ягоная адміністрацыя выступала супраць ушанаваньня памяці памерлых. А менавіта — супраць адкрыцьця манумэнта ў ЗША. Тагачасная ўлада ў Кіеве прытрымлівалася пазыцыі, якая адпавядала афіцыйнай вэрсіі ўладаў Расеі: Галадамор не зьяўляўся этнічна накіраваным генацыдам, а быў толькі часткай агульнага масавага голаду ў СССР у пачатку 30-гадоў.

Спатрэбілася каля 20 гадоў, каб ад моманту задумы праект быў ўвасоблены ў жыцьцё. Афіцыйнае адкрыцьцё манумэнту прызначана на 7 лістапада — напярэдадні штогадовых памінальных імпрэзаў, падчас якіх украінцы ўсяго сьвету ўшаноўваюць памяць суайчыньнікаў, загіблых ад рук сталінскага рэжыму, распавяла ў інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Камітэту Кангрэсу ўкраінцаў Амэрыкі Тамара Алекса:

— Гэта вельмі важны момант у жыцьці нашай украінскай супольнасьці ў Злучаных Штатах. Магчыма, мала хто ведае, што распараджэньне аб зьяўленьні гэтага манумэнту падпісаў яшчэ прэзыдэнт Джордж Буш-малодшы. Пасьля доўгіх гадоў і цяжкай працы мы нарэшце выканалі задачу агромністай важнасьці. Цяпер мы спадзяемся, што ўвесь сьвет, і ў першую чаргу, вядома, наша велізарная супольнасьць тут, у ЗША, зразумее сапраўдны сэнс падзей, якія адбываліся ва Ўкраіне ў 1932-33 гадах. Калі ад 7 да 10 мільёнаў украінцаў — мужчын, жанчын і дзяцей — былі асуджаныя Сталіным на галодную сьмерць. Мы хочам, каб ім аддалі даніну павагі, якую яны заслугоўваюць, і каб гэты манумэнт служыў напамінам і перасьцярогай — што нішто падобнае ніколі ў сьвеце не павінна паўтарыцца.

Помнік "Пшанічнае поле" ў Вашынгтоне

Помнік "Пшанічнае поле" ў Вашынгтоне


Фактычная праца над стварэньнем амэрыканскага манумэнту ахвярам Галадамору пачалася ў 2006 годзе, калі, пры актыўным удзеле ўладаў у Кіеве, была атрыманая афіцыйная падтрымка Кангрэсу ЗША, нагадвае Тамара Алекса. У той час, пасьля нядаўняй «памаранчавай рэвалюцыі», краіну ўзначальваў прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Тады ён узяў, у тым ліку, курс на адраджэньне нацыянальнага патрыятызму ўкраінцаў. Пры ім у Кіеве ў 2009 годзе зьявіўся і мэмарыял ахвярам Галадамору, і прысьвечаны яму музэй, а таксама міністэрства культуры Ўкраіны абвясьціла аб пачатку міжнароднага конкурсу на стварэньне такога помніка ў Вашынгтоне.

У 2011 годзе гарадзкія ўлады Вашынгтону назвалі пераможцам праект «Пшанічнае поле» Ларысы Курылас — амэрыканскага скульптара ўкраінскага паходжаньня. Ларыса называе яго самай значнай і важнай з усіх уласных работ. Паводле яе, для таго каб правільна адлюстраваць усе дэталі, яна адмыслова езьдзіла ў Канаду, на фэрму сваіх сваякоў пад горадам Вініпэг, каб дасканала вывучыць, як расьце пшаніца. Аднак ні ўлады Ўкраіны, ні адміністрацыя Вашынгтону ня сталі выдаткоўваць грошы на стварэньне манумэнту — усе сродкі былі сабраныя праз прыватныя ахвяраваньні, як ад асобных людзей, так і ад арганізацый, працягвае прэзыдэнт Камітэту Кангрэса украінцаў Амэрыкі Тамара Алекса.

Усясьветныя гісторыкі дагэтуль маюць розныя меркаваньні адносна колькасьці ахвяр Галадамору ва Ўкраіне ў 1932-33 гадах: было іх тры мільёны, сем ці нават дзесяць. Аднак агульны маштаб калясальнай катастрофы, якая напаткала ўкраінскі народ у выніку сталінскай палітыкі — калектывізацыі, зьнішчэньня дасьведчаных спэцыялістаў і бязьлітаснага рабаваньня сялян, ні ў каго з аўтарытэтных дасьледчыкаў сумневаў не выклікае.

Мэмарыял ахвярам Галадамору на Днепрапятроўшчыне

Мэмарыял ахвярам Галадамору на Днепрапятроўшчыне


Помнік ахвярам Галадамору, усталяваны ў цэнтры Вашынгтону, паблізу Massachusets Avenue і North Capitol Street, называецца «Пшанічнае поле». Ён выкананы ў выглядзе вялізнай вэртыкальнай бронзавай пліты на каменным пастамэнце, якая паказвае 10-мэтровае поле спачатку здаровых пшанічных каласоў, якія паступова чэзнуць і растаюць у нябыце. Побач з бронзавай плітой разьмешчаны тэкст з кароткім апісаньнем на ангельскай і ўкраінскай мовах: Галадамору 1932-33 гадоў ва Ўкраіне.

— За мінулыя два дзесяцігодзьдзі падчас працы над стварэньнем манумэнта здараліся працяглыя затрымкі. Часам усе пачыналі сумнявацца ў тым, што ён наогул зьявіцца, аднак, дзякуючы настойлівасьці ўкраінскай супольнасьці ў ЗША і карпатлівай працы, мы сёньня змаглі зьняць зь яго покрыва. Нам аказваў падтрымку Кангрэс Злучаных Штатаў, мы вельмі ўдзячныя... Нацыянальная ўкраінская жаночая ліга Амэрыкі праводзіла маніфэстацыі ў Нью-Ёрку яшчэ ў 30-я гады, у спробе прыцягнуць грамадзкую ўвагу да жахаў, якія адбываліся ва Ўкраіне, і з тае пары мы заўсёды нагадвалі гэтую тэму ўсім людзям, — распавядае Тамара Алекса.

Дзьмітры Фірташ

Дзьмітры Фірташ

Адным з галоўных спонсараў праекту помніка «Пшанічнае поле» ў Вашынгтоне стаў цяпер апальны ўкраінскі мільярдэр Дзьмітры Фірташ — уладальнік «Інтэры», аднаго з самых рэйтынгавых нацыянальных тэлеканалаў, а таксама дзесяткаў буйных прадпрыемстваў, у асноўным у хімічнай і газавай сфэры, арыштаваны ў Аўстрыі ў 2014 на запыт амэрыканскіх уладаў па падазрэньні ва ўдзеле ў карупцыйных зьдзелках. Фірташ, які адмаўляе ўсе абвінавачваньні, у тым ліку ў таемных сувязях з Крамлём, пазьней быў адпушчаны пад заклад, і ў красавіку сёлета суд у Вене адмовіўся экстрадаваць яго ў ЗША. У агульнай колькасьці на манумэнт ахвярам Галадамору ў Вашынгтоне Дзьмітры Фірташ выдаткаваў 2,5 мільёна даляраў.

XS
SM
MD
LG