Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Коммерсант»: у Нямцова стралялі з розных пісталетаў


Тры раненьні Нямцоў мог атрымаць з пісталета з глушыцелем, а астатнія — з зброі, якая ня мела прыстасаваньня для бясшумнай стральбы.

Расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў мог быць забіты стрэламі з двух розных пісталетаў. Як піша газэта «Коммерсант», да такой высновы прыйшлі экспэрты, вывучыўшы асаблівасьці раневых каналаў у целе палітыка. Па іх вэрсіі, тры раненьні Нямцоў мог атрымаць з пісталета, які меў глушыцель, а астатнія з зброі, якая ня мела прыстасаваньня для бясшумнай стральбы. Акрамя таго, мяркуецца, што адрозьненьні ў атрыманых ахвярай раненьнях могуць быць зьвязаныя з тым, што пры замаху выкарыстоўваліся патроны, якія мелі розную магутнасьць.

Выданьне адзначае, што ў ходзе комплекснай мэдыцынскай экспэртызы спэцыялісты павінны былі таксама высьветліць, як менавіта ў адносінах да ахвяры, зыходзячы з атрыманых раненьняў, разьмяшчаўся кілер. Аднак яны не змаглі адказаць на гэтае пытаньне, спаслаўшыся на тое, што раненьні на целе Нямцова не адпавядаюць дзіркам, пакінутым кулямі ў яго паліто і швэдары.

Барыс Нямцоў быў забіты ўвечары 27 лютага на Вялікім Москварэцкім мосьце. Па справе аб забойстве апазыцыйнага палітыка арыштаваныя пяць чалавек. Яшчэ двое — меркаваныя арганізатары забойства Руслан Герамееў і Руслан Мухудзінаў знаходзяцца ў вышуку.

XS
SM
MD
LG