Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выспе Ютая бліз Осла, дзе чатыры гады таму быў зьдзейсьнены тэракт і загінулі дзесяткі маладзёнаў, ад 7 жніўня ізноў запрацаваў летнік маладых сацыялістаў. Напярэдадні тут і ў самой сталіцы Нарвэгіі, на месцы другога тэракту. былі адкрытыя мэмарыял і інфармацыйны "Цэнтар 22 ліпеня". Як ставяцца сёньня нарвэжцы да пакараньня і турэмнага ўтрыманьня галоўнага эўрапейскага тэрарыста Андэрса Бэрынга Брэйвіка?

...У Осла, які прынята называць самай ціхай сталіцай Эўропы, я трапіла пры канцы ліпеня — у час вакацыяў, калі людзі зьяжджаюць на адпачынак у цяплейшыя краіны і шмат якія ўстановы, тэатральныя ды музычныя пляцоўкі, мастацкія выставы, папулярныя рэстарацыі з нацыянальнай кухняй зачыняюцца недзе да пачатку жніўня. Так званы «мёртвы сэзон»...

Для масавых забойстваў быў абраны «мёртвы сэзон»

Чатыры гады таму нарвэжцы зразумелі, што гэтае паняцьце — «мёртвы сэзон» — можа мець і літаральны сэнс. Ад 2011 дзень 22 ліпеня адзначаецца ў краіне як дзень памяці і смутку па 77 ахвярах тэрактаў, якія ўчыніў 32-гадовы жыхар Осла, прыхільнік пратэстанцка-фундамэнталісцкіх поглядаў Андэрс Бэрынг Брэйвік. Малады чалавек скарыстаўся «мёртвым сэзонам» і, пераапрануўшыся ў форму паліцыянта, прыпаркаваў начынены выбухоўкай мікрааўтобус «Фольксваген» ля комплексу ўрадавых будынкаў. Ад выбуху загінулі восем чалавек, дзясяткі былі параненыя.

Відэа з камэры назіраньня як Брэйвік прыпаркоўвае машыну з выбухоўкай

На наступны дзень за 35 кілямэтраў ад Осла, на маленькай высьпе Ютая, пераапрануты зноў жа ў паліцыянта і ўзброены карабінам, ён расстраляў яшчэ 69 чалавек, у тым ліку непаўналетніх — удзельнікаў летніка, арганізаванага Лігай рабочай моладзі (AUF). Брэйвік страляў разрыўнымі кулямі, прызначанымі для паляваньня на аленяў — унутры ахвяры яны разьлятаюцца на кавалкі.

Гэтымі днямі летнік маладых сацыялістаў упершыню аднавіў сваю працу. На Ютаі ўжо ня так, як раней, — кажуць ягоныя ўдзельнікі, у тым ліку і тыя, хто быў тут чатыры гады таму. Нядаўна на востраве збудавалі мэмарыял, а да галін на дрэвах прымацавалі аркушыкі з імёнамі ахвяраў. У 2011 годзе на востраў зьехалася больш за 500 сябраў моладзевага крыла нарвэскай Рабочай партыі, а сёлета ў імпрэзе бяруць удзел удвая больш маладых людзей, прычым ня толькі з Нарвэгіі, але і зь іншых краінаў Паўночнай Эўропы.

Паводле ўдзельніцы летніка Лісбет-Крысьціны, «вядомы цяпер востраў напаўняецца большым сэнсам і значэньнем, чым да 22 ліпеня 2011 году».

«Ютая стане месцам памяці нашых таварышаў, якіх мы страцілі ў тую пятніцу, чатыры гады таму. Тут мы будзем праводзіць палітычныя сустрэчы, як мы гэта рабілі заўсёды, вывучаць ідэалы, супраць якіх быў накіраваны тэракт, і тое, як адказала на яго Нарвэгія. Акрамя таго, будучыя пакаленьні навучацца тут, як не дапусьціць, каб нешта падобнае зноў паўтарылася ў нашай краіне».

А ва ўрадавым будынку, каля якога адбыўся выбух, да чацьвёртай гадавіны трагедыі адкрыўся «Цэнтар 22 ліпеня». Экспазыцыя займае пяць заляў. Першая прысьвечаная 77 ахвярам тэрарыста. У наступных залях прадстаўленыя відэа з камэраў назіраньня ўрадавага кварталу — перад выбухам і адразу пасьля. Тут і некаторыя з рэчаў Брэйвіка. На дысплэі можна ўбачыць, сярод іншага, пасьведчаньне паліцыянта,.якое ён выкарыстоўваў. Экспазыцыя будзе працаваць яшчэ пяць гадоў.

Стаўленьне да мэмарыялаў, асабліва ў тых, хто ў той фатальны дзень апынуўся на высьпе або чые родныя ды блізкія пацярпелі ад тэрактаў — неадназначнае. Ванэса Свэбакэн страціла на Ютаі дачку. Выстава ў будынку ўраду ёй вельмі недаспадобы. Яе непакоіць, што для такіх жа вар’ятаў, як сам гэты тэрарыст, інфармацыйны цэнтар будзе «музэем Брэйвіка», «заляй яго славы». На яе погляд, стваральнікам мэмарыялу не хапіла пачуцьця меры. Усё роўна як з музэю Галакосту зрабіць музэй Гітлера. Паводле жанчыны, такі цэнтар «будзе прыцягваць прыхільнікаў правых экстрэмістаў. Тут шмат рэчаў Брэйвіка, шмат увагі аддаецца гэтай асобе».

«Утрыманьне Брэйвіка за кратамі абыходзіцца ў 1,7 мільёна даляраў штогод»

Камэра Брэйвіка ў турме «Іла» — сталы прытулак Брэйвіка на 21 год

Як сьведчыць афіцыйная прадстаўніца Службы выкананьня пакараньняў Нарвэгіі Элен Б’ёрке, утрыманьне Брэйвіка за кратамі абыходзіцца дзяржаве ў 1,7 мільёна даляраў штогод.

Б’ёрке: «Калі толькі ішоў судовы працэс, мы рыхтаваліся да трох сцэнараў: 1) спадар Брэйвік будзе асуджаны на папярэдняе зьняволеньне, 2) ён будзе асуджаны на ўтрыманьне пры павышаных мерах бясьпекі. і 3) яму прысудзяць прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. У выніку Брэйвіку прызначылі 21 год турэмнага пакараньня самага высокага ўзроўню бясьпекі. Калі ўзяць турму „Іла“, то Брэйвіка тут трымаюць у адзіночнай камэры плошчай 24 квадратныя мэтры. Тут тры пакоі — спальня, кабінэт і спартзаля. Такія ўмовы забясьпечаныя толькі Брэйвіку: бо ён на становішчы пад асаблівай аховай. Згодна з нашымі законамі гэты асуджаны ізаляваны ад турэмнай супольнасьці і ня зможа рабіць тое, што прадугледжана для звычайных зьняволеных — працаваць або вучыцца разам з усімі».

Нарвэскі ЗК: «Калі б паміж намі не было дзьвярэй, я б цябе забіў!»

Цяперашні часовы прытулак Брэйвіка — турма «Шыен»

Цяперашні часовы прытулак Брэйвіка — турма «Шыен»

Летась Андэрс Брэйвік, паводле яго настойлівых патрабаваньняў, быў часова пераведзены з турмы «Іла», што непадалёк ад Осла ў турму «Шыен», што на поўдні краіны. Як доўга прабудзе ён у «Шыен» пакуль невядома. Аднак падобныя часовыя пераводы маюць месца ў турэмнай практыцы Нарвэгіі.

Гэтак жа як і «Іла» «Шыен» належыць да вязьніцаў з найстражэйшым рэжымам і мае найвышэйшы ўзровень бясьпекі. За тэрарыстам пастаянна назіраюць пазьменна дзьве брыгады ахоўнікаў (у кожнай па чатыры чалавекі). Падчас утрыманьня ў «Іла» Брэйвік неаднойчы скардзіўся, што ахоўнікі вельмі гучна тупаюць і перашкаджаюць яму спаць. У Нарвэгіі не прынята блякаваць дзьверы на ноч і таму з асуджаным заўсёды нехта побач. Аднак як сьведчыць пэнітэнцыярыі, супрацоўнікі аховы ў такіх турмах настолькі высокакваліфікаваныя спэцыялісты, што сну нават такіх псыхалягічна нестабільных сядзельцаў іх назіраньне не павінна перашкаджаць.

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Дворык

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Дворык

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Кабінэт

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Кабінэт

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Кухня

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Кухня

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Прыбіральня

турма "Шыен", дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік. Прыбіральня

Ня так даўно мясцовыя журналісты даведаліся, што нягледзячы на ўсе меры бясьпекі аднаму з зэкаў турмы «Шыен» усё ж удалося падабрацца да камэры Брэйвіка. Ён пачаў біць у дзьверы і выкрыкваць пагрозы на адрас экстрэміста кшталту: «Калі б паміж намі не было дзьвярэй, я б цябе забіў!»

Кіраўніцтва турмы пацьвердзіла факт інцыдэнту, адзначыўшы, што ніякай небясьпекі ўцёкаў або фізычнага кантакту не было.

Права на ўнівэрсытэцкую адукацыю

У бліжэйшыя жнівеньскія дні Брэйвік, які ня так даўно стаў студэнтам унівэрсытэту Осла пачне займацца паводле ўнівэрсытэцкай праграмы (гэта філязофія і паліталёгія). У Службе выкананьня пакараньняў паведамілі, што ніхто не перашкаджае асуджанаму тэрарысту атрымліваць ва ўмовах камэры-адзіночкі ўнівэрсытэцкую адукацыю — не кантактуючы з выкладчыкамі наўпрост, а перадаючы свае працы праз турэмны пэрсанал.

Гэты факт абурыў нарвэскую грамадзкасьць. Пратэсты гучалі асабліва на адрас кіраўніцтва ўнівэрсытэту Осла, куды залічылі асуджанага экстрэміста. Левыя палітыкі аргумэнтавалі свае пратэсты тым, што навучальны курс па гэтых дысцыплінах уключае ў сябе вывучэньне дэмакратыі, правоў чалавека і павагі да меншасьцяў. Але ці можна чакаць, што знаёмства з гэтымі тэорыямі зьменіць погляды чалавека, які забіваў людзей дзясяткамі?

Рэктар унівэрсытэту Осла Оле Петэр Отэрсэн адмятае падобныя аргумэнты:

«Я разумею, што ёсьць шмат незадаволеных тым, што яго прынялі ва ўнівэрсытэт. Бо гэты чалавек спрабаваў разбурыць сыстэму нашага ладу. Але ж мы самі павінны заставацца вернымі нашай сыстэме. Чаму мы не павінны давяраць ёй, калі справа тычыцца адукацыі? Згодна з нашымі законамі зьняволены, як і любы іншы грамадзянін Нарвэгіі, мае права бясплатна атрымаць вышэйшую адукацыю. Той факт, што яго заява разглядалася адпаведна з існуючымі нормамі, не азначае, што нарвэжцы абыякавыя да ўсяго таго, што ён зьдзейсьніў. Гэта дэманструе, што нашы каштоўнасьці карэнным чынам адрозьніваюцца ад ягоных».

«І на Брэйвіка таксама распаўсюджваюцца правы чалавека»

Так сказаў у інтэрвію выданьню Dagbladet ягоны адвакат Гейр Ліпэстад. (У Нарвэгіі, дарэчы, кожны мае права на бясплатнага адваката.)

Breivik

Breivik

Абаронца тэрарыста сьцьвярджае, што доўгае знаходжаньне ў адзіночнай камэры парушае правы зьняволенага і Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека.

Як адзначае спадар Ліпэстэд, ніхто не выступае за зьмякчэньне пакараньня. Мабыць, Брэйвік заўсёды будзе асаблівым зьняволеным з асаблівымі абмежаваньнямі і забаронамі. Але ён ня можа вечна заставацца ў ізаляцыі. Чым даўжэй ён будзе сядзець у адзіночнай камэры, тым вышэйшая верагоднасьць, што гэта яго траўмуе«.

У пазове, які абарона рыхтуе для падачы ў суд, умовы ўтрыманьня Брэйвіка ў турме называюцца «катаваньнем». Адвакаты таксама хочуць зьняць з Брэйвіка забарону на перапіску. Цяпер іх кліент ня можа ні атрымліваць лістоў, ні сам іх пісаць іх, а гэта, лічаць адвакаты, парушае свабоду слова. У сваю чаргу, Служба выкананьня пакараньняў Нарвэгіі тлумачыць забарону на перапіску спробай Андэрса Брэйвіка стварыць з турмы партыю, якая будзе зьвяртацца да гвалту і тэрору.

Раней у лісьце расейскаму тэлеканалу РЕН-ТВ Брэйвік назваў умовы ўтрыманьня ў турме «садысцкімі» У прыватнасьці, яму было забаронена прысутнічаць на пахаваньні маці. Пэнітэнцыярыі патлумачылі забарону тым, што Брэйвік яшчэ не адбыў дастатковага тэрміну.

Брэйвік-старэйшы: «Сын становіцца ўсё больш экстрэмальны ў сваіх поглядах»

Што да кантактаў Брэйвіка зь сямейнікамі, то, як выглядае, ад іх асуджаны адмовіўся. Год таму ён накіраваў ліст свайму бацьку, у мінулым вядомаму нарвэскаму дыплямату Енсу Брэйвіку, у якім назваў яго баязьліўцам ды слабаком. Сын падкрэсьліў, што ягоныя кантакты з бацькам магчымыя толькі ў выпадку, калі той стане фашыстам.

Паводле Енса Брэйвіка, яму і дагэтуль жудасна ўсьвядоміць, што адбылося. Брэйвік-старэйшы ўвесь час задае сабе адно пытаньне: ці вінаваты ён у тым, кім стаў ягоны сын.

Енас Брэйвік

Енас Брэйвік

Брэвік-старэйшы: У мяне быў зь ім добры кантакт у пэрыяд, калі яму было ад 4 да 16 гадоў. Я працаваў у Парыжы, а ён разам з маці жыў у Осла. Ён часта наведваў мяне. Таксама мы разам адпачывалі ў Нарвэгіі. Так што мы бачыліся як мінімум 3–4 разы на год, да таго як яму споўнілася 11. Потым я вярнуўся ў Осла. Мы жылі недалёка адзін ад аднаго, так што ён часта прыходзіў да мяне. У нас былі нармальныя адносіны, да таго як яму споўнілася 16.

Я думаю, што на яго паўплывала тое, што здарылася пазьней. У яго былі сябры, якія падзялялі ягоныя погляды. Ён шмат карыстаўся інтэрнэтам. У інтэрнэце ён кантактаваў з экстрэмістамі.

У дачыненьні да многіх падзей я не магу зразумець, чаму гэта адбылося. Я спадзяюся, што ён зьменіць свае палітычныя погляды і стане больш нармальным чалавекам. Але лісты, якія я атрымаў ад яго, сьведчаць, што ён становіцца ўсё больш і больш экстрэмальны ў сваіх поглядах«.

«Я не жадаю яму сьмерці...»

Выспа Ютая

Выспа Ютая

Тым часам, як паказваюць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, у Нарвэгіі, якая даўно адмовілася ад вынясеньня сьмяротных прысудаў, за пазбаўленьне Брэйвіка жыцьця выказваюцца, як і чатыры гады таму, недзе да 20% апытаных. Патрабаваньні расстраляць або павесіць тэрарыста час ад часу зьяўляюцца старонцы ў фэйсбуку пад назвай «Ненавідзім цябе, Андэрс Бэрынг Брэйвік». Аднак прыхільнікаў у старонкі ня так ужо і шмат, яна набірае сама болей да тысячы лайкаў. Свае камэнтары тут пакідаюць і праціўнікі помсты, у тым ліку і тыя, хто выжыў падчас трагедыі на высьпе.

21-гадовы Хрысьціян застаўся цэлы, але страціў лепшую сяброўку і яшчэ пяцёх добрых знаёмых.:

«Я не жадаю яму сьмерці. Помста — гэта не пакараньне, гэта ўсяго толькі чыстае зло. Адзіная расплата, якой варты Брэйвік, — пачуцьцё віны. Хоць ня думаю, што яно ў ім калі-небудзь прачнецца. І ўсё-ткі мы даем яму час падумаць пра тое, што ён зрабіў. Наўрад ці Брэйвік калі-небудзь вернецца ў грамадзтва».

Свэн Андэрсан, які бярэ ўдзел у сёлетнім летніку на Ютая, мяркуе:

«Няўжо можна стварыць лепшы сьвет, распаўсюджваючы нянавісьць? Хіба гэтай нянавісьці недастаткова на Зямлі? Падумайце, што ўсе вашы праявы агрэсіі ды нянавісьці ў дачыненьні да гэтага чалавека толькі нададуць яму яшчэ больш энэргіі».

Адзін зь ініцыятараў сёньняшняга летніка на Ютаі, 28-гадовы лідэр AUF Мані Гусаіні ( яго сям’я перабралася ў Нарвэгію зь Сірыі, калі Мані было 12 гадоў) лічыць, што трэба думаць не пра Брэйвіка, а пра тое, як змагацца зь ягонымі ідэямі:

«Гэтыя ідэі, у якія ён верыў і працягвае верыць прадстаўляюць маштабную тэрарыстычную пагрозу. Трэба змагацца зь імі, за тое, каб будаваць інклюзіўную дзяржаву, у якой галоўнымі каштоўнасьцямі лічацца дэмакратыя і салідарнасьць. Вось на што я трачу свой час. Пра Брэйвіка я ня думаю нічога», — кажа нарвэскі моладзевы лідэр, сірыец паводле паходжаньня.

Што стаіць за падобнымі поглядамі — дзяржаўная ідэалёгія ці мэнтальная дабрыня? У любым выпадку, як паказала апытаньне мінакоў на вуліцах беларускага Магілёва, такое стаўленьне нарвэжцаў да крывавага забойцы нашаму чалавеку зразумець цяжка. «Мне ўсё роўна, што думае Нарвэгія, — сказаў адзін з апытаных, — асабіста я лічу, што за тэрарызм трэба расстрэльваць»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG