Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальжына Морт у Менску: «Хачу надаваць мове па галаве і паглядзець, як яна будзе хадзіць з траўмай»


Вальжына Морт і Альгерд Бахарэвіч

Вальжына Морт і Альгерд Бахарэвіч

Пасьля шматгадовага перапынку ў Менску выступіла Вальжына Морт.

Ужо не ўзыходзячую, а паўнавартасную зорку сусьветнай паэзіі, аўтарку двух амэрыканскіх паэтычных зборнікаў — Factory of Tears (2008) і Collected Body (2011) — абодва выйшлі ў выдавецтве Copper Canyon Press, уганараваную прэстыжнымі прэміямі і стыпэндыямі, на гарачым ганку кнігарні «Логвінаў» прывіталі перавыданьнем яе першай і адзінай беларускай кнігі — «Я тоненькая, як твае вейкі».

Вальжына Морт выкладае прыгожае пісьменства ў элітным Корнэльскім унівэрсытэце, дзе калісьці чытаў свае лекцыі па расейскай літаратуры Ўладзімер Набокаў. Яе трохгадовая дачка ўпершыню ў Беларусі і цяпер за горадам з бабуляй і дзядулем «вучыцца лавіць катоў» — кажа Вальжына. І гэта ўсё, што ўдаецца даведацца пра яе асабістае жыцьцё.

Вальжына па-амэрыканску адкрытая і ўсьмешлівая і па-беларуску сьціплая. У гэтым стыхійным інтэрвію, узятым напярэдадні яе менскага выступу, лішнія толькі пытаньні.

З радкоў вашай біяграфіі складаецца вобраз прынцэсы, якая трапіла ў дзівосную краіну, выступае на чароўных імпрэзах і цалкам шчасьліва жыве тым, што піша вершы. Колькі паэзіі ў вашым штодзённым жыцьці?

Кожная беларуская прынцэса ведае, што прынцэсы паэзіяй не жывуць. Беларускія прынцэсы жылі звычайна гвалтам. Таму я, наадварот, не прынцэса. Канечне, паэт жыве паэзіяй, але гэта зусім ня казачнае жыцьцё. Я зайздрошчу жыцьцю нармальнаму, калі можна прыйсьці з працы, скінуць зь сябе ўсё і займацца гародам, дзецьмі, глядзець тэлебачаньне.

А паэзію зь сябе ніколі ня скінеш. І дзе б ні была, што б ні рабіла, заўсёды пішаш, заўсёды думаеш пра верш. Ці свой, ці чужы.

Вы выкладаеце паэзію — хіба гэтаму можна навучыць?

Я выкладаю ў Корнэльскім унівэрсытэце прыгожае пісьменства — паэзію, часам прозу. Пішам са студэнтамі вершы.

Можна навучыць прасодыі, пэўным рыфмам. Кожнага ідыёта можна навучыць рыфмаваць. Можна навучыць шукаць цікавыя вобразы, можна навучыць густу, і можна яго разьвіваць разам. Мы ходзім у музэі, глядзім на карціны, размаўляем пра вобразы, потым самі іх ствараем.

Мы займаемся таксама чытаньнем, таму што прыгожае пісьменства, перш за ўсё — прыгожае чытаньне, глыбокае чытаньне. І гэта самы любімы, самы лепшы мой аспэкт выкладаньня пісьменства — калі мы разам са студэнтамі чытаем верш, а потым яго абмяркоўваем. Па адным слове. Ад слова да слова.

Ёсьць стэрэатып успрыманьня амэрыканскага грамадзтва як вельмі рацыянальнага. На якой стадыі разьвіцьця людзі пачынаюць разумець, што ім трэба вучыцца пісаць вершы? Чаму ў Беларусі нікому ў галаву не прыходзіць пайсьці на такія курсы?

Такія курсы ёсьць і ў Беларусі. Мне толькі што Юлія Цімафеева (паэтка, перакладчыца, куратарка Школы маладога пісьменьніка. — РС) казала, што кіруе такімі курсамі. У ЗША гэта на акадэмічным узроўні. Можна пайсьці ў магістратуру і атрымаць дыплём паэта.

Студэнты сабе купляюць і знаходзяць час, каб пісаць кніжку, якую яны хочуць напісаць, каб працаваць разам з мэнтарам і іншымі маладымі пісьменьнікамі і паэтамі. Вынік гэтых курсаў — рукапіс, якім ім альбо трэба перапісваць, альбо можна друкаваць.

Я думаю, што шмат хто так працуе і ў Беларусі, насамрэч. Проста гэта не абавязкова існуе на акадэмічным, унівэрсытэцкім узроўні. Калі я пісала сваю першую кніжку, я паказвала вершы старэйшым паэтам, якія мне нешта раілі, вучылі, паказвалі, што чытаць. Гэта і ёсьць навучаньне пісьменству.

Вашы студэнты ўспрымаюць вас як паэта зь Беларусі?

Так, для іх я, мабыць, паэт з акцэнтам.

Вы кранальна і дэталёва ведаеце Менск. Якім вы знайшлі горад у гэты прыезд?

З-за нейкіх бюракратычных прычын я даўно не была дома. Я вырасла ў Менску ў спальным раёне, а вучылася ў цэнтры гораду. І кожныя выходныя езьдзіла ў дзіцячую студыю ў Опэрным тэатры. Таму раён за Опэрным тэатрам — гэта мая любімая частка Менску. Мы заўсёды сьпявалі, рэпэціравалі ў тэатры на пятым паверсе, і праз адчыненае вакно можна было бачыць гэтыя дахі за тэатрам. Для мяне гэта і ёсьць Менск. Але пры гэтым я вельмі люблю спальныя раёны таксама.

Менск для мяне вельмі асабісты. Калі я ўзгадваю яго — гэта мае асабістыя помнікі майму дзяцінству. Гэта шлях з дому да дзіцячай бібліятэкі. Ці вось гэты ляндшафт дахаў. Дарога ў школу. Я вучылася ў 24-й гімназіі, куды езьдзіла на тралейбусе з Паўднёвага Захаду. Звычайна я прыяжджала ў школу за гадзіну да заняткаў, каб пазьбегнуць цісканіны ў тралейбусе. І цэлую гадзіну сядзела ў Чырвоным касьцёле, таму што гэта быў адзіны адчынены будынак у той час. Гадзіна маўчаньня, гледзячы, як нехта прыбірае, мые падлогу ў касьцёле.

Мой Менск вельмі асабісты.

Ён застаўся такі самы?

Я, канечне, заўважаю новыя будынкі. Пры прыгожы горад ня хочацца гаварыць дрэнна. Ня хочацца нават пра іх размаўляць, пра гэтыя новыя будынкі.

Ці вы прывезьлі новую кнігу?

Я не прыехала з пэўнай кнігай, але спадзяюся, што выйдзе кніжка па-беларуску. Я буду чытаць вершы з маёй другой «амэрыканскай» кніжкі. Пішу я заўсёды. Пішу марудна, нікуды не сьпяшаюся.

Я пішу на дзьвюх мовах — па-беларуску і па-ангельску. Бо чытаю шмат па-ангельску, жыцьцё маё ў асноўным англамоўнае. Хаця б і не хацела пісаць па-ангельску — пішацца, не атрымліваецца інакш.

Я сябе часта адчуваю ў прасторы паміж мовамі, ня ў моўнай, у зусім невэрбальнай прасторы. І мне гэтая прастора падабаецца, бо мне падаецца, што менавіта зь яе зьяўляецца паэзія. Зь невэрбальнасьці, з маўчаньня, зь цішыні.

Але вобраз мовы, менавіта беларускай мовы ў вашай паэзіі — адзін з самых пастаянных?..

Беларуская мова, мне здаецца, заўсёды прысутнічае ў беларускіх вершах, пра што б яны ні былі напісаныя. Пра каханьне, пра ігрушы — яны заўсёды пра мову. Пра гісторыю мовы, пра гвалт над мовай. Што б я ні чытала — я чую «беларуская мова, беларуская мова» як галоўны суб’ект, галоўная тэма беларускай літаратуры. Пра што б я ні пісала, я заўсёды пішу пра беларускую мову.

Гэта, напэўна, уплыў амэрыканскай паэзіі на мяне, але цяпер мне вельмі цікавы ляндшафт, я шмат пішу пра гэта. Ляндшафт, у якім я вырасла — ня толькі менскі, але і вясковы. Як кожнае савецкае дзіця, я кожнае лета праводзіла ў вёсцы. Вёска знаходзілася побач зь месцам, дзе калісьці быў хутар, на якім жылі мае продкі. Кожны дзень, калі я выходзіла з хаты, каб з калодзежа вады папіць, бачыла тую зямлю, на якой жылі пакаленьне ад пакаленьня мае продкі. І пра гэты ляндшафт я шмат пішу. Гэта тое, пра што мне вельмі цікава пісаць.

Дэрэк Ўолкат казаў, што ня будзе пісаць ні пра што іншае, пакуль не апіша кожны куст, кожную кветку свайго вострава Сэнт-Люсіі. І ў мяне дзесьці такая патрэба — напісаць пра гэты кавалачак зямлі, які я заўсёды бачыла з нашай хаты вясковай.

Калі вы зьяжджалі, мова яшчэ ўспрымалася як стыгма, траўма, боль. Цяпер, выглядае, усё больш маладых людзей успрымаюць яе як перавагу, калі не ганарацца, то прынамсі паважаюць. Вы заўважылі нейкія зьмены ў стаўленьні да мовы?

Мне здаецца, такія зьмены былі, калі я яшчэ жыла ў Менску. Ці нэгатыўна, ці занадта пазытыўна — гэта ўсё роўна ператварае мову ў нейкі фэтыш. Мне хочацца як чалавеку ставіцца да яе нэўтральна. Як паэту мне хочацца, канечне, яе бурыць і ламаць.

У гэтым адзін з галоўных канфліктаў беларускага паэта. Паэт заўжды хоча мову ламаць, такі дэмантаж мовы рабіць. А ёсьць патрэба, наадварот, яе склейваць з таго, што ад яе засталося. І гэта парадокс, і паэту гэта вельмі цяжка. Мне ня хочацца адраджаць мову, мне хочацца надаваць ёй па галаве і потым паглядзець, як яна будзе хадзіць з траўмаю галавы.

Гэта тое, што рабілі паэты, якіх я больш за ўсё люблю. І мне самой гэта цікава. Нямецкая мова Поля Цэляна ці нават руская мова Осіпа Мандэльштама. Гэта траўмаваная мова. Разьбітая крыху, разабраная, як дзіця разьбірае цацку, замест таго каб зь ёй гуляць. Так і паэт хоча — разабраць, зламаць. Гуляць ня хоча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG