Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ядзьвіга Рубцова: «У мяне зьявілася надзея на вызваленьне мужа»


Віктар і Ядвіга Рубцовы

Віктар і Ядвіга Рубцовы

Родныя палітвязьня Юрыя Рубцова з Гомеля паглядзелі на сайце Радыё Свабода відэасюжэт пра тое, як Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў на гісторыю перасьледу гомельскага кіроўцы, пераказаную кіраўніку дзяржавы на прэсавай канфэрэнцыі карэспандэнтам Радыё Свабода Валерам Каліноўскім.

Жонка палітвязьня Ядвіга Рубцова паведаміла, што пасьля прагляду відэасюжэту ў яе зьявілася нейкая надзея на лепшую долю для мужа:

«Я асабіста, будучы на яго (Лукашэнкі. — РС) месцы, проста адпусьціла б мужа — зрабіла б такі жэст добрай волі, паказала б, што ў нас ёсьць дэмакратыя, захоўваецца законнасьць. Ён жа сам сказаў, што надпіс „Лукашэнка, сыходзь“ — „гэта не злачынства, я разгледжу“. І калі ўжо кажаш так, то нешта ж трэба рабіць, бо прыгожыя словы ўсе ўмеюць казаць».

Ядвіга Ёсіфаўна наагул зьдзіўляецца, што мужа пакаралі за адмову працаваць:

«Другі раз яго пасадзілі за тое, што чалавеку 54 гады, а ў яго 38 гадоў стажу, і ён нібыта адмаўляецца ад працы — гэта ж сьмешна. Чалавек, лічыце, усё жыцьцё працаваў».

Сын палітвязьня Віктар апавёў, што відэа на сайце Радыё Свабода напярэдадні паглядзеў ажно тры разы:

«Выдатна журналіст пытаньні задаваў — было прыемна паглядзець. Разы тры праглядаў. Надзея на вызваленьне як бы й нарадзілася: ну, а калі раптам? Але што будзе ў рэальнасьці? Бо, як заўсёды, падманвае наш прэзыдэнт. Магчыма, недзе ў калёніі крыху зьменіцца стаўленьне да бацькі, але ў выніку нічога ня будзе. Калі запатрабуюць заяву на памілаваньне пісаць — гэта звычайная практыка, — то бацька, наколькі я яго ведаю, ніякіх заяваў на памілаваньне падпісваць ня будзе. Мне так падаецца».

Віктар Рубцоў кажа, што ў казкі ня верыць:

«Не бяруся прагназаваць, што будзе далей, але ў казкі ня веру. Увесь перасьлед бацькі выглядае поўным трызьненьнем. Мой бацька — ніякі не Статкевіч. Я наагул не лічу, што ён хоць неяк зьвязаны з палітыкай. Ён не прэтэндаваў на прэзыдэнта, ніякай агрэсіі зь яго боку не было. Не магу нават уявіць, што ён за кратамі сядзіць. Проста вар’яцкая сытуацыя. Я разумею, калі гэта нейкі канкурэнт, як той жа Статкевіч, — ён уяўляе нейкую небясьпеку, ён удзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі. Мой бацька ў прэзыдэнцкіх кампаніях ня ўдзельнічаў. Уся ягоная віна ў тым, што ён незвычайным чынам выказаў сваё меркаваньне, якое прыкладна праз аднаго выказваюць нават у транспарце: „Лукашэнка, сыходзь!“. Нічога новага, стратэгічна важнага ён не сказаў».

Рубцоў-малодшы далучаецца да думкі, што вінаваціць бацьку ва ўхіленьні ад працы — гэта блізка да маразму: бацька патрабаваў за працу годны заробак, які дэкляраваў кіраўнік дзяржавы. Такі заробак у Пружанскай спэцкамэндатуры яму даць не маглі — і вінавацілі ва ўхіленьні ад працы:

«Я наагул не разумею, за што ён адбывае тэрмін? І артыкул гэты... Чалавеку на пэнсію можна было ісьці гадоў дзесяць таму, а яго пасадзілі за тое, што адмовіўся працаваць. Гэта нейкі нонсэнс — блізка да маразму».

Юры Рубцоў падчас суду ў Пружанах

Юры Рубцоў падчас суду ў Пружанах

У 2014 годзе Юры Рубцоў прыехаў у Менск на санкцыянаваны «Чарнобыльскі шлях» у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Міліцыянты яго схапілі, сарвалі майку і напаўголага завезьлі ў суд. Пратакол склалі як звычайна — за лаянку і непадпарадкаваньне міліцыі. Судзьдзя Кірыл Палулех прысудзіў напаўголаму Рубцову дваццаць пяць сутак. Рубцоў абурыўся, нешта сказаў, гэта стала абразай судзьдзі. Рубцова зноў судзілі — пакаралі «хіміяй». Накіравалі адбываць пакараньне ў вёску Куплін Пружанскага раёну. Там Юры Рубцоў набіў сабе на грудзях татуіроўку — «Лукашенко, уходи». Патрабаваў працу з аплатай 600 даляраў, якую кіраўнік дзяржавы назваў сярэдняй па краіне. Рубцова абвінавацілі ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня, завялі новую крымінальную справу. Пружанскі раённы суд пакараў яго 2 гадамі калёніі. Цяпер Юры Рубцоў у Баранавіцкім СІЗА.

Касацыйную скаргу Рубцова Берасьцейскі абласны суд адхіліў. Палітвязень з адвакатам рыхтуюць скаргу ў парадку нагляду на імя старшыні Берасьцейскага аблсуду.

Гісторыю палітвязьня коратка пераказаў кіраўніку дзяржавы карэспандэнт Радыё Свабода на прэсавай канфэрэнцыі, запытаўшыся: «Гэта злачынства — заклікаць „Лукашэнка, сыходзь?“»

Аляксандар Лукашэнка адказаў, што гэта не злачынства:

«Не, калі ён так напісаў, то гэта, ведаеце, маральна непрыгожа, ну ня трэба, калі ты рабацяга, добры чалавек і іншае, ну не пішы гэтага. Добра ці кепска, але гэта ўсё ж твой прэзыдэнт. Але гэта справа густу... Пра гэта я першы раз чую, схапілі за нейкую майку, калі гэта сапраўды было, дэманстрацыя нейкая была, розныя лёзунгі бываюць. Гэта меркаваньне чалавека, ня думаю, што трэба было хапаць і за гэта саджаць. Напэўна, там нешта было іншае...»

XS
SM
MD
LG