Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адэкватна ўспрымае Аляксандар Лукашэнка эканамічную рэальнасьць?


Апошнімі днямі кіраўнік дзяржавы выступіў з важнымі заявамі наконт эканамічных пэрспэктываў Беларусі. Як аддзяліць перадвыбарчы піяр ад сапраўднай палітыкі? Наколькі глыбокі эканамічны крызіс? Ці гатовы Аляксандар Лукашэнка да рынкавых рэформаў?

Удзельнікі: эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў і дырэктар па дасьледаваньнях «Лібэральнага клюбу» Яўген Прэйгерман.

Як аддзяліць перадвыбарчы піяр ад сапраўднай палітыкі?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «І падчас інтэрвію з прадстаўнікамі незалежных мэдыяў, і падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым Аляксандар Лукашэнка выказаў шэраг канцэптуальных рэчаў адносна цяперашняй сытуацыі ў беларускай эканоміцы і яе пэрспэктываў.

Вось у згаданым інтэрвію ён заявіў: „Я ўпэўнены, што цягам году-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора. Нават калі сытуацыя на нашых традыцыйных рынках будзе такой жа, як цяпер“.

Ці вось яшчэ. „Ва Ўфе мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. Мы будзем праводзіць мадэрнізацыю больш спакойна і не пазычаць такія вялікія грошы“.

Падчас сустрэчы з Кабяковым ён запатрабаваў ад ураду новых высілкаў, каб разгрузіць склады, захаваць працоўныя месцы. Дзе тут канчаецца перадвыбарчы піяр і пачынаецца сапраўдная палітыка?»

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў: «Як на мяне, дык гэта суцэльны перадвыбарчы піяр. Бо ў абодвух выпадках я ня бачу крыніц, якія б дазволілі выправіць цяперашнюю сытуацыю. Гэта проста пажаданьні, якія выдаюцца камандным голасам. І ня больш за тое.

Наконт вяртаньня ўзроўню заробкаў. Лукашэнка сам кажа, што за кошт вонкавых рынкаў мы бліжэйшым часам ня выправім сытуацыю. Тады ёсьць толькі адзін варыянт: за кошт унутранага рынку. А чым канчаецца павышэньне попыту на ўнутраным рынку, мы добра ведаем: фінансавым крызісам, дэвальвацыйнай хваляй. Таму, калі гэта проста перадвыбарчы піяр — то гэта яшчэ паўбяды. Галоўнае, каб гэты сцэнар не пачалі рэалізоўваць».

Наконт таго, што мы ня будзем бліжэйшым часам браць крэдытаў. Толькі што Беларусь атрымала ад Расеі 1,3 млрд даляраў крэдытаў: міждзяржаўны крэдыт плюс крэдыт «Сбербанка» «Беларуськалію». І гэтыя грошы пайшлі на выплату ранейшых даўгоў.

Цяпер Беларусь вядзе перамовы, каб атрымаць ад МВФ ня менш як 2,5 млрд даляраў, ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця — 3,5 млрд даляраў.То бок гаворка ідзе аб прыцягненьні замежных крэдытаў на 6 млрд даляраў. Гэта беспрэцэдэнтна ў гісторыі Беларусі. Сама сума сьведчыць пра маштаб праблемаў. І гэта мяне пужае«.

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман: «Лукашэнка ўвесь час займаецца піярам, нават бяз выбараў. Мы ўступілі ў самы цяжкі эканамічны пэрыяд за апошнія 10–15 гадоў. Але ў кіраўніцтва краіны няма праграмы выхаду з крызісу. І тут мы назіраем клясычны клэш паміж эканамічнай рэчаіснасьцю, рацыянальнасьцю і палітыкай.

Праблема ў тым, што беларуская эканамічная мадэль больш ня можа генэраваць эканамічны рост нават ва ўмовах традыцыйных прэфэрэнцыяў з боку Расеі».

Карбалевіч: «Вось тое, што беларуская эканамічная мадэль не працуе, — Лукашэнка гэта разумее, але робіць выгляд, што ўсё ў парадку, ці не разумее?»

Прэйгерман: «Я ня ведаю, ці ён разумее, але эканамічныя паказчыкі кажуць самі за сябе. Але складаецца ўражаньне, што ён верыць, нібыта цяперашняя сыстэма дзяржаўнага кіраваньня здольная вывесьці з крызісу ранейшымі мэтадамі, то бок жорсткай рукой прымусіць усіх працаваць. Нішто ня сьведчыць пра магчымасьць ператварэньня Лукашэнкі ў Лі Куан Ю (былы прэм’ер-міністар Сынгапура, аўтар сынгапурскага „эканамічнага цуду“. — РС)».

Ці пойдзе Лукашэнка на рынкавыя рэформы пасьля выбараў?

Карбалевіч: «Але якое выйсьце бачыць кіраўніцтва Беларусі, каб выйсьці з крызісу? Апошнім часам у асяродзьдзі незалежных экспэртаў існуе думка, што пасьля выбараў Лукашэнка пойдзе на рынкавыя рэформы — маўляў нікуды ня дзенецца, эканоміка прымусіць. Вось, напрыклад, нядаўна пра гэта казаў Станіслаў Багданкевіч.

З выказваньняў Лукашэнкі на сустрэчы з Кабяковым можна зразумець, што прэм’ер-міністар прыйшоў з прапановай рынкавых рэформаў. Але Лукашэнка яе адрынуў. Ён кажа: „І самае галоўнае, калі ўжо казаць пра канцэптуальныя вашы прапановы, — я не хачу стварыць такое буржуазнае або буржуазна-дэмакратычнае грамадзтва, дзе будзе прорва паміж багатымі... і звычайным народам... Я бачыў, што многія дзяржавы гэта перажывалі, і бачу наступствы падобных рэформаў. У нас таксама ў некаторых сьверб, у часткі нашага грамадзтва: вось не атрымліваецца, патрэбныя нейкія перамены“. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Жбанаў: «Ён ніколі сябе і не пазыцыянаваў як прыхільнік рынкавых рэформаў. Крыніцай натхненьня для яго заўсёды было нашае савецкае мінулае. То бок нейкі варыянт сацыялізму. Можна сказаць, што па ўзроўні сацыяльнай абароны Эўропа ўжо пабудавала сацыялізм, толькі ідучы не рэвалюцыйным, як СССР, а эвалюцыйным шляхам. Праблема ў тым, дзе Лукашэнка знойдзе крыніцы, каб забясьпечыць тую роўнасьць, якую ён баіцца страціць. На што разьлічвае Лукашэнка? На вялізныя нафтавыя і газавыя запасы ў беларускіх нетрах. А на што яшчэ спадзявацца? Але гэта хімэра і фантастыка».

Прэйгерман: «Даўно вядома, што Лукашэнка адрынае ідэю рынкавых рэформаў. Але ў цяперашняй крытычнай сытуацыі ён будзе вымушаны пайсьці на нейкія невялікія крокі ў бок рынку. Магчыма, гэта і меў на ўвазе Багданкевіч. Гэта трэба рабіць хаця б дзеля крэдытораў: МВФ і іншых. Зьвярніце ўвагу, што ў пытаньнях замежнай палітыкі Лукашэнка дэманструе пэўную гнуткасьць, а ў эканамічных пытаньнях — не. А сыстэмныя рэформы прадугледжваюць макраэканамічную стабілізацыю, мікраэканамічную лібэралізацыю, і толькі на апошнім этапе — прыватызацыю».

Карбалевіч: «Хачу заўважыць, што ў чацьвер на нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалася пытаньне пра новы варыянт дырэктывы «Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны».

Прэйгерман: «Заўсёды ў крытычных сытуацыях Лукашэнка робіць стаўку на мабілізацыю, умацаваньне дысцыпліны».

Жбанаў: «Дарэчы, місія МВФ зьехала зь Беларусі, не атрымаўшы ад вышэйшага кіраўніцтва сыгналаў пра гатоўнасьць да рынкавых рэформаў».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG