Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У сьпёку ў Менску раздаюць пітную ваду


З прычыны анамальнай сьпёкі, якая ўсталявалася ў Беларусі, у Менску вырашана абмежаваць ці адмяніць правядзеньне масавых мерапрыемстваў на адкрытых тэрыторыях. Калі яны ўсё ж будуць ладзіцца, то арганізатары павінны забясьпечыць дастатковую колькасьць бутыляванай вады.

Як паведамілі ў Менгарвыканкаме на пасяджэньні камісіі па надзвычайных сытуацыях, гэта робіцца дзеля таго, каб не дапусьціць павелічэньня колькасьці пажараў, цеплавых удараў і гібелі людзей на вадзе.

Камісія забараніла на тэрыторыі Менску разводзіць вогнішчы, спальваць сьмецьце і бытавыя адкіды, запускаць піратэхніку.

8–9 жніўня з прычыны пажаранебясьпечнай сытуацыі ў лесапаркавых зонах Менску і Менскага раёну лесьнікі выйдуць на дзяжурства ў поўным складзе. Ва ўзмоцненым рэжыме будуць працаваць і ратавальнікі на вадаёмах.

Тым часам ужо 7 жніўня Чырвоны Крыж арганізаваў у Менску пункты бясплатнай раздачы пітной вады ў месцах масавага збору насельніцтва. Там жа валянтэры аказваюць першую дапамогу пацярпелым ад сьпёкі. Разам з вадой гараджанам раздаюць памяткі аб правілах бясьпекі ва ўмовах экстрэмальна высокіх тэмпэратур.

У Берасьці, Віцебску і Гомелі ваду раздаюць аўтааматарам, работнікам прадпрыемстваў, якія падоўгу бываюць пад сонцам. На Гомельшчыне ваду атрымалі камбайнэры на ўборцы ўраджаю.

Гэтая акцыя праводзіцца сумесна зь Дзяржаўтаінспэкцыяй і рэгіянальнымі упраўленьнямі МНС, перадае БелТА.

У гарачыя дні кіроўцаў грамадзкага транспарту ў Менску таксама бясплатна забясьпечваюць пітной вадой.

Галоўнаму санітарнаму лекару Менску камісія па надзвычайных сытуацыях даручыла наладзіць маніторынг якасьці вады ў менскіх вадаёмах і своечасова інфармаваць насельніцтва пра яго вынікі.

На 7 жніўня ў Беларусі ўжо абмежавана купаньне ў 30 зонах адпачынку, яшчэ ў адной — забаронена.

Ва ўсіх раёнах Беларусі забаронена наведваць лясы, паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі. Гэта зроблена, каб прадухіліць лясныя пажары.

Пры такой забароне зачыняюцца ўсе шлягбаўмы на зьездах з дарог у лясы, выстаўляюцца шыльды з інфармацыяй пра забарону і адказнасьць за яе парушэньне. На аўтатранспарце можна праяжджаць толькі па дарогах да паселішчаў ці ўладкаваных месцаў адпачынку. У лясах і на тарфяніках забаронена распальваць вогнішчы.

За парушэньне пажарнай бясьпекі ў лясах або на тарфяніках ці забароны на іх наведваньне, якое не пацягнула за сабой прычыненьня шкоды, могуць папярэдзіць або аштрафаваць да 25 базавых велічынь (1 базавая велічыня — 180 тыс. рублёў).

Калі парушэньне пажарнай бясьпекі прывяло да зьнішчэньня або пашкоджаньня лесу або тарфянікаў, прадугледжаны штраф у памеры ад 25 да 50 базавых велічынь.

На 7 жніўня ў лясным фондзе Мінлясгасу зарэгістраваныя 604 пажары.

У выходныя 8 і 9 жніўня ў Беларусі чакаецца тэмпэратура, вышэйшая за 35 градусаў. Сыноптыкі ўжо абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі.

XS
SM
MD
LG