Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жніўні 1934 года выходзіць першы беларускі часопіс для пчаляроў «Беларуская борць». Яго стваральніцай была Людвіка Сівіцкая-Войцік, вядомая як Зоська Верас. Перад выхадам часопіса, у ліпені, яна арганізуе «завочныя курсы па зборы і продажы лекарскіх зёлак».

Яна, аўтарка ўнікальнага «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка», усьлед за Якубам Коласам зразумела, што людзі могуць здрадзіць, а прырода — не. Актыўна займалася вывучэньнем расьлін і гадаваньнем пчол.

Яна не любіла балбатуноў і дэмагогаў. Займалася канкрэтнымі справамі — выдавала часопіс для дзяцей «Заранка»; стварыла для пчаляроў каапэратыўнае таварыства «Пчала»; выдала за свой кошт першую кнігу Міхася Машары «Малюнкі»; дзякуючы яе ўспамінам былі рэканструяваныя Беларуская хатка ў Менску і сядзіба ў Ракуцёўшчыне.

Сёньняшняя гераіня нашых 20 фактаў — Зоська Верас.

1) Не любіла «​імёнаў па бацьку»​:

«...не люблю небеларускага звароту па бацьку. (...) Мы па бацьку не называліся ані ў Горадні (...), ані ў Менску ў 1915-18 гадах. Не тытуляваў нас так і Максім Багдановіч».

2) Спэктаклі зь яе ўдзелам захаплялі Івана Луцкевіча:

Будучы ўдзельніцай Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, сыграла ў некалькіх спэктаклях. «Выбралі п’еску „Па рэвізіі“ (...) Я была Пантурчыхай, але, хоць першы раз выступала на сцэне, трэмы ня мела, бо была загрыміраваная так, што мяне родная маці не пазнала». Іван Луцкевіч пісаў: «Я дзіваваўся, гледзячы на артыстаў, як яны ўмелі падгледзець, падсьцерагчы характар вясковых сватаньняў, умелі наладзіць усё так, як яно папраўдзе бывае ў хаце беларусаў».

Зоська Верас каля сваёй Лясной хаткі. Здымак Сяргея Панізьніка

Зоська Верас каля сваёй Лясной хаткі. Здымак Сяргея Панізьніка

3) Яе гонар бараніў Максім Багдановіч:

"...перад Новым годам (...) я яшчэ раз пераканалася ў надзвычайнай чуткасьці (...) Максіма. Госьці пачалі зьбірацца, я яшчэ была ў сваім пакоі. Раптам (...) убягае Максім (...) бледны, узбураны: «Панна Людвіка, прыйшоў Зямкевіч [гісторык літаратуры, які паводле Зоські Верас, «у самым грубым тоне лаяў» яе — В. Дэ Эм]... Максім кінуўся да дзьвярэй... Мы (...) не пасьпелі зарыентавацца, што ён хоча зрабіць. А Максім адразу: «Пане Зямкевіч, хто вас сюды прасіў?».

4) Крытыкавала беларускія арганізацыі за бязьдзейнасьць:

«Ня цешыла праца нашых арганізацыяў (...) Сядзелі, прамаўлялі, дыскутавалі і — таўкліся на месцы (....) у Менску нават Купальля не сьвяткавалі (...) Неяк пайшлі ў лес — Галубок, Ядвігін Ш., Фальскі, Бядуля, я. Пасядзелі гадзінку, памаўчалі і — вярнуліся...».

5) Была прыхільніцай лацінкі:

«...лацінскі альфабэт мае больш гукаў і дакладней вучыць вымаўленьню. (...) возьмем літару Г. Хто добра беларускай мовы ня ведае, у кожным выпадку будзе гэтую літару вымаўляць цьвёрда. (...) у лацінскім альфабэце ёсьць на гэты гук 2 літары — g і h, і тут памылкі быць ня можа».

Эксьлібрыс Зоські Верас. Мастак Вячка Целеш

Эксьлібрыс Зоські Верас. Мастак Вячка Целеш

6) Абуралася пошласьцю камэдыі Ўладзіслава Галубка «Забыўся падперазацца»:

«Гэта была не камэдыя (...) а нешта такое пошлае і грубае, што і акрэсьліць трудна... Мо дзе на кірмашы ў балагане мела б посьпех... Але ці аўтар меў права прынізіць і сябе, і родную мову, каб спадабацца публіцы на найніжэйшым узроўні культуры (...) я змагла толькі сказаць: «Як вы, пане Ўладыславе, маглі пасьля „Апошняга спатканьня“, пасьля ўсіх апавяданьняў, якія я вам перапісвала, як вы маглі так сябе прынізіць?».

7) Нават калі ёй было восемдзесят, адмаўлялася ад матэрыяльнай дапамогі:

«...уявіце сабе мой жах, калі атрымала ад Наліваева [мастак, актор — В. Дэ Эм] ліст, у якім ён піша: „Была ў мяне сустрэча з М. Танкам, пытаўся ён аб Вас, сказаў, што вам дадуць матэрыяльную дапамогу!“ Як бы мне хто па твары даў! Што гэта? Ці я жабравала? Ці я прашу дапамогі? Нашто яна мне? У жыцьці ніколі нічога падобнага не перажыла!»

Рукапіс успамінаў С. Новік-Пяюна аб Зосьцы Верас (рэдактарцы "Заранкі"). 26 верасьня, 1989 г.

Рукапіс успамінаў С. Новік-Пяюна аб Зосьцы Верас (рэдактарцы "Заранкі"). 26 верасьня, 1989 г.

8) У сваім унікальным садзе вырасьціла коркавае дрэва:

Паводле Хрысьціны Балаховіч, у садзе было: «...дзіўнае коркавае дрэва. (...) Зоська Верас казала: „А ці ведаеце, якое ў мяне ёсьць дрэва? Гэта коркавае дрэва“ (...) Падвяла мяне (...) „Вялізнае дрэва!“ (..) Яна пасадзіла яго разам са сваім мужам...».

Зоська Верас. Фота С. Панізьніка. 1978 г.

Зоська Верас. Фота С. Панізьніка. 1978 г.

9) Грамадзкая дзейнасьць для яе была галоўнай, да сваіх вершаў ставілася крытычна:

«Для мяне больш значыць мая праца з уцекачамі [падчас 1-й сусьветнай вайны — В. Дэ Эм], а пасьля ў Вільні — пры арганізацыі „Пчалы“, пчалярскае таварыства, чым уся г. зв. творчасьць...»; «...чаму Вы называеце мяне „паэтэсай“? Я вершаў пісала мала, а друкавала толькі дзіцячыя (...) у „Заранцы“. То якая ж я паэтка?».

Гарадзенскі гурток беларускай моладзі. Зоська Верас у другім радзе другая зьлева

Гарадзенскі гурток беларускай моладзі. Зоська Верас у другім радзе другая зьлева

10) Расчаравалася ў сябрах, якія на яе забыліся

Калі ў 1917 годзе цяжка захварэла, то ніхто яе не наведваў: «...страціла веру ў людзей, у іх праўду. Тыя, хто так прыгожа гаварыў, пісаў (...) якімі павінны быць адносіны паміж намі, беларусамі („усё для чалавека“, „усе, як адна сям’я“), паказалі яўна, што іх словы ня маюць нічога супольнага з паступкамі. Праз час маёй хваробы ніхто (...) не пацікавіўся, што са мной. Толькі ў канцы, як ужо пачала ўставаць, зьявіўся Галубок». Пасьля сьмерці ў 1948 г. яе мужа Антона Войціка: «...асталася абсалютна адна (...) час быў вельмі неспакойны, людзі (...) кралі, нішчылі. А свая беларуская інтэлігенцыя? Пасьля паховінаў ніхто не зайшоў (...), адзіны раз зьявіўся мастак П. Сергіевіч. Пабачыў, што жывая, на тым і скончылася...».

11) Змагалася за аўтэнтычна беларускія назвы расьлін:

«...з назвамі расьлінаў — трагедыя. Каб жа гэта маладыя ня ведалі сапраўдных народных назваў... Але ж якраз наадварот (...), старыя паэты — С. Шушкевіч, М. Лужанін, В. Вітка — падумаць лянуюцца, так і садзяць у свае творы сон-траву, маці-і-мачыху, доньнік...»; У той жа час Янка Станкевіч крытыкаваў яе «Батанічны слоўнік»: «Вялікая шкода, што аўтарка пры кожным назове не паказала, дзе гэты назоў запісаны або адкуль (...) ён узяты. Другою (...) ганай (...) зьяўляецца, што не пастаўлены націск у крывіцкіх (...) назовах яго. Гэтыя дзьве заганы зрабілі тое, што слоўнік утраціў вялікшую часьць свайго навуковага значэньня. (...) Падсолнух — страшны маскалізм (...) таксама сланешнік — полёнізм, па-крывіцку магло б быць сонечнік».

Зоська Верас - Часопіс "Заранка". № 8-9, 1927 г.

Зоська Верас - Часопіс "Заранка". № 8-9, 1927 г.

12) Свае тэксты пісала без чарнавікоў:

«Я ніколі не пішу на чорна. (...) Іншы адшліфаваў бы, а я ня ўмею»; Сьмяялася са Зьмітрака Бядулі: «Яшчэ ўсё шліфуеце? Не раўняю я сябе ні з вамі, ні наагул зь пісьменьнікамі, але (...) ў мяне так як напішацца адразу — добра, а не — у кошык».

13) Дапамагла стварыць у Менску тэатральную трупу:

«...Ждановіч (...) паінфармаваў мяне, што хоча (...) ў Менску арганізаваць беларускую трупу, я яго перапыніла: „Прыходзьце ў суботу ў Беларускую хатку на суботнік. У нас ёсьць невялікі хор, арганізаваў яго Фальскі [актор і палітык — В. Дэ Эм]. Я пэўная, што сябры хору змогуць быць падставай трупы“. Ждановіч згадзіўся, прыйшоў на суботнік... У хуткім часе праца ў іх закіпела».

14) Крытыкавала слоўнікі беларускай мовы за русізмы:

«...Гэта адно засьмечваньне чужаземнымі словамі.

Нават тыя пісьменьнікі, што дагэтуль нядрэнна пісалі (...), засьмечваюць свае творы такімі словамі, як завершаны, пастаянны, прамы і г. д. (...) мала ведаць граматыку, сынтаксыс... трэба адчуваць слыхам, скурай, дзе сваё, дзе чужое (...). Найгорш мяне абураюць біёлягі. (...) Ёсьць такая птушка — дзятлік, па-расейску поползень. І вось чытаю: па-навуковаму — попаўзень, па-народнаму дзятлік.

То чаму ж для нас назоў чыста расейскі, у расейцаў народны, мае быць навуковым? (...) Паводле мяне, навуковым можа быць толькі назоў лацінскі...».

15) Раіла Ларысе Геніюш прыняць савецкае грамадзянства:

«...тады Вас прынялі б у Саюз пісьменьнікаў, і Вы мелі б запэўненую пэнсію — 100 руб. у месяц. Я разумею, што (...) Вам ня хочацца рабіць сябе залежнай, але хто ведае, можа гэта і добра...».

16) Скептычна ставілася да БССР:

«Што ж, Беларускай рэспублікі дачакаліся... Толькі ня мы яе будавалі. Тварыла яе Масква — рукамі маскалёў і жыдоў...». Дачка Ядвігіна Ш. на гэта пісала: «Чаго ты хочаш? Маем рэспубліку, маем усё, што дзяржава мець павінна, чаго больш табе трэба? Няхай працуюць так, як вымагаюць час і абставіны».

Зоська Верас. З мужам Антонам Войцікам. 1926 г

Зоська Верас. З мужам Антонам Войцікам. 1926 г

17) Бедавала, што беларускія пісьменьнікі не размаўляюць дома па-беларуску:

«...столькі друкуецца часапісаў, выходзіць кніжак... Аўтары атрымліваюць плату „ад радка“, а ў сям’і сваёй мовы не ўжываюць... Кажаце, што дачка Госьцева [гарадзенскі краязнаўца — В. Дэ Эм] ня любіць беларускай мовы? А ў якой мове гаворыць дачка Саламевіча [літаратуразнаўца — В. Дэ Эм]? Або сын Танка? А ў нашых сем’ях усё гладка?».

У Зоські Верас у “лясной хатцы”. Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.

У Зоські Верас у “лясной хатцы”. Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.

18) Яе раздражняла, калі маладыя людзі насілі вусы і бароды:

«І нашто яны цяпер абрастаюць бародамі і вусамі? Праціўная мода... Некалі мой бацька запусьціў бараду. Не памаглі ні пратэсты жонкі ні бацькоў (...) Толькі калі пайшоў да бабулі, і яна не прыняла, а загадала пайсьці пагаліцца, паслухаў...».

19) Хварэла на глухату. Адзіны, з кім добра разумелася — з унукам Слаўкам:

Паводле Міхася Скоблы: «яна недачувала з маладосьці. І часта ад гэтага камплексавала — асабліва ў кампаніях (...) Максім Багдановіч яе называў: «нешчасьліва дзевачко...»; «...я адзінокая, бо глухая (...) удома... гавораць паміж сабой (...) я нічога не разумею і адчуваю сябе нейкім дурнем (...) Так і пры гасьцях. З аднаго боку, удзячная за ўвагу, прыемна бачыць сымпатычныя і спрыяючыя асобы, а з другога — чуесься нейкім выкідышам з асяродзьдзя. А ведаеце, калі я найлепш чуюся? Удваіх са Слаўкам! (...) я, відаць, яго неяк інтуітыўна разумею. Слоў ня чую, а — разумею».

Зоська Верас у 80-я гады. Здымак Сяргея Панізьніка

Зоська Верас у 80-я гады. Здымак Сяргея Панізьніка

20) З усёй беларускай савецкай літаратуры любіла творы Янкі Брыля:

«...Або вайна, партызаны, або калгасы зь іх старшынямі і даяркамі... Ды яшчэ ўсё расьцягнутае (...) шматслоўнае. Чытаеш, чытаеш і так хочацца сказаць аўтару: пішы карацей, больш сьцісла, кампактна!... Я ўсё перачытваю (...) Янку Брыля... Коратка, а сколькі глыбокіх думак, сколькі выяўляецца ўніклівага нагляданьня ў навакольле... Думкі плывуць проста з сэрца (...) Мала слоў, а якія глыбокія абразкі-думкі».

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG