Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Рубцоў застаецца ў сьледчым ізалятары


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Палітвязень працягвае чакаць, калі яго накіруюць у калёнію адбываць пакараньне.

«Пакуль ніхто ня ведае, калі і што будзе. Павінен быць нейкі этап, але пакуль ён застаецца там (у баранавіцкім сьледчым ізалятары. — РС). Калі ён там затрымаецца на наступным тыдні, то я да яго зьежджу, і мы тады пададзім наглядную скаргу», — паведаміла адвакатка Юрыя Рубцова Радыё Свабода.

Куды палітвязьня накіруюць адбываць пакараньне дагэтуль таксама не вядома.

Адвакатка ня бачылася з Рубцовым зь мінулага месяца. Але 1 жніўня з палітвязьнем сустрэлася яго жонка Ядвіга.

«Жонка кажа, што ягоны фізычны стан нармальны. Ён не галадае. Калі я яго бачыла апошнім разам, ён таксама выглядаў цалкам нармальна, ні на што асабліва ня скардзіўся», — кажа адвакатка.

На інтэрвію, якое Аляксандар Лукашэнка даў журналістам Радыё Свабода, Эўрарадыё і Tut.by, Валер Каліноўскі запытаў кіраўніка дзяржавы наконт справы Юрыя Рубцова, якога перасьледуюць за заклік «Лукашэнка, сыходзь».

«Не, калі ён так напісаў, то гэта, ведаеце, маральна непрыгожа. Ну ня трэба. Калі ты рабацяга, добры чалавек і іншае, ну не пішы гэтага. Добра ці дрэнна, але гэта ўсё ж твой прэзыдэнт. Але гэта справа густу... Пра гэта я першы разу чую, схапілі за нейкую майку, калі гэта сапраўды было, дэманстрацыя нейкая была, розныя лёзунгі бываюць. Гэта меркаваньне чалавека, ня думаю, што трэба было хапаць і за гэта саджаць. Напэўна, там нешта было іншае...», — заявіў на гэта Лукашэнка.

Адвакатка сумняецца, што гэтае інтэрвію неяк паўплывае на лёс Рубцова. Але ў нагляднай скарзе словы Лукашэнкі, магчыма, будуць узгаданыя, дадала яна.

У кастрычніку 2014 году грамадзкі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў быў пакараны 1,5 гадамі «хіміі» за тое, што назваў «падонкам» судзьдзю Савецкага раённага суду Менску Кірыла Палулеха, які пасьля Чарнобыльскага шэсьця судзіў яго паўразьдзетага. У красавіку 2014 году Юры Рубцоў удзельнічаў у Чарнобыльскім шляху, на ім была майка з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Пасьля шэсьця міліцыянты затрымалі актывіста, сарвалі зь яго майку і гэтак прывезьлі ў суд.

На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў на грудзях тату з такім жа надпісам — «Лукашэнка, сыходзь» — і адмовіўся выйсьці на працу зь нізкім заробкам. Пасьля гэтага на актывіста завялі крымінальную справу паводле артыкула аб ухіленьні ад адбыцьця пакараньня. Суд Пружанскага раёну 28 траўня 2015 году прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым па гэтым артыкуле і пакараў 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

24 ліпеня Берасьцейскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу Юрыя Рубцова, пасьля чаго прысуд Пружанскага райсуду аўтаматычна ўступіў у сілу.

Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязьнем сумленьня.

XS
SM
MD
LG