Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем камандаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі пераадолелі своеасаблівы экватар: 15 з 30 каляндарных дзён, якія адводзяцца на збор подпісаў, скончыліся. З чым прэтэндэнты прыйшлі на прамежкавы фініш.

Лукашэнка — 538 тысяч

Менавіта гэтую лічбу назвала 6 ліпеня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Прычым усе гэтыя подпісы ўжо перададзеныя на праверку іх сапраўднасьці ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Цягам 10 дзён іх павінны праверыць. Праз кантроль першапачаткова праходзяць 20% сабраных подпісаў.

Гайдукевіч — 87 тысяч

Першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, сын Сяргея Гайдукевіча, прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду ад партыі, кажа:

«Тыя подпісы, якія ўжо прайшлі ўнутраны партыйны маніторынг, сёньня-заўтра будуць здавацца на праверку ў тэрытарыяльныя камісіі па ўсіх абласьцях. Ніхто, акрамя дзейнага прэзыдэнта і нас, яшчэ подпісы на праверку не здаваў. У панядзелак будзем ведаць дакладную лічбу. А сабралі ўжо 87 тысяч подпісаў. Усё ідзе паводле графіку».

Караткевіч — у раёне 75 тысяч

Гэтую лічбу назваў сёньня Свабодзе кіраўнік выбарчага штабу зарэгістраванай у ЦВК групы кандыдаткі на прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў:

«Мы зьбіраем вынікі ў суботу. Таму дакладную лічбу змагу назваць толькі заўтра. На мінулую суботу ў нас было 43 тысячы. Мы зьбіраем дадзеныя па суботах. Але літаральна толькі што прыкінулі, што так званая хуткасьць збору складае прыкладна 5 тысяч подпісаў за дзень. Гэта дзесьці яшчэ 30–35 тысяч».

Цярэшчанка — больш за 65 тысяч

На ўчорашні дзень каманда эканаміста Віктара Цярэшчанкі мела ў сваім актыве больш за 65 тысяч подпісаў. Гэтую лічбу Свабодзе назваў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Алег Несьцяркоў. Ён сказаў, што група па-ранейшаму хоча сабраць болей, чым 100 тысяч неабходных подпісаў, каб мець пэўны запас на так званую выбракоўку.

Улаховіч — лічбу агучаць у панядзелак

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мікалая Ўлаховіча, заснавальніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» — Міхаіл Образаў сказаў Свабодзе, што новая лічба сабраных подпісаў стане вядомая ў панядзелак:

«На 3 жніўня ў нас было 47 тысяч. Але кожны дзень мы прырастаем і прырастаем. Чарговую арытмэтыку будзем падбіваць з раніцы ў панядзелак. Раней за гэты час дакладную лічбу не назаву».

Калякін — болей за 40 тысяч

Кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна Валер Ухналёў паведаміў Свабодзе, што найноўшыя дадзеныя будуць сёньня позна ўвечары:

«Але я так думаю, паводле прыкідак, будзе дзесьці крыху болей за 40 тысяч. На 50 тысяч яшчэ ня выйдзем. Учора былі з Калякіным у Полацку. Там прайшло здорава. Менш як за дзьве гадзіны сабралі 66 подпісаў. Каля гандлёвага цэнтру сталі. Людзі падпісваліся, яны абураюцца сёньняшнім жыцьцём — усё становіцца, заробкі зваліліся да мільёна-паўтара на месяц. Людзі перакананыя — трэба нешта рабіць, трэба мяняць сытуацыю».

Лябедзька — каля 40 тысяч

Такую лічбу называе Віктар Карняенка, кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

«Гэта пакуль дадзеныя са справаздачаў нашых актывістаў. Мы яшчэ непасрэдна падпісных лістоў ня бачылі. І па-другое, невядома, як зьбіраюцца подпісы праз абыход кватэраў. Дадзеныя больш-менш дакладныя мы бачым толькі праз збор на пікетах».

Раманоўская — колькасьць невядомая

У пэдагога Жанны Раманоўскай, якая часова не працуе, у ініцыятыўнай групе толькі 110 чалавек. Ва ўсіх астатніх прэтэндэнтаў — болей за тысячу. Кандыдатка па-ранейшаму адмаўляецца агучваць лічбу сабраных за яе подпісаў.

«Пакуль я нічога не магу сказаць новага. Усё ў працэсе».

На збор подпісаў ініцыятыўным групам, паводле Выбарчага кодэксу, даецца 30 каляндарных дзён. Дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты могуць сабраць апошнія подпісы, — 21 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG