Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для чаго існуюць дамы культуры? Каб там адбываліся розныя культурніцкія імпрэзы — выступы музыкаў, пісьменьнікаў, выставы мастакоў, прэзэнтацыі кніг.

З асаблівай ахвотай гэтыя ўстановы расчыняюць свае дзьверы перад землякамі — безьліч разоў мне даводзілася ўдзельнічаць у падобных сьвятах душы ў самых розных кутках Беларусі. І шторазу пераконваўся: увага з боку землякоў для творцы — як прэмія.

На жаль, у нашых беларускіх рэаліях усё часам выглядае з дакладнасьцю да наадварот. Ёсьць дамы культуры, якія нагадваюць хутчэй непрыступныя крэпасьці, куды тая самая беларуская культура доступу ня мае.

Прыклад такой крэпасьці — Зэльвенскі РДК, дзе мясцовыя актывісты колькі гадоў марна спрабавалі зладзіць традыцыйныя Геніюшаўскія чытаньні. І дамаўляліся ўжо, і дазвол патрэбны нібыта атрымлівалі, і народ склікалі, а ў апошні момант — раз, і шыльдачка на дзьвярах: «Дом культуры закрыт по техническим причинам». Трубу прарвала, дах працякае, электраправодку мышы зьелі...

Так адбылося і на 100-я ўгодкі Ларысы Геніюш, калі раённы ДК раптоўна зачыніўся перад сотнямі людзей, якія прыйшлі на прэзэнтацыю новых кніг паэткі і мусілі дзьве гадзіны стаяць пад сьпякотным сонцам, каб усё ж паслухаць Анатоля Вярцінскага, Дануту Бічэль, Уладзімера Арлова, Міхася Чарняўскага, Уладзімера Някляева...

Прэзэнтацыя кніг Ларысы Геніюш на ганку зэльвенскага Дому культуры. 2010 г.

Прэзэнтацыя кніг Ларысы Геніюш на ганку зэльвенскага Дому культуры. 2010 г.

Хтосьці з выступоўцаў тады трапна працытаваў радкі Ларысы Антонаўны:

Прайшлі годы і буры. Перамена ярма. Вунь стаіць Дом культуры — А культуры няма.

Выступае літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч. 2010 г.

Выступае літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч. 2010 г.

Нягледзячы на незычлівасьць раённых уладаў, я тады ўсё ж перадаў у раённую бібліятэку юбілейныя выданьні — сьвежанькія Збор твораў у 2 тамах і біяграфічны альманах «Асоба і час», цалкам прысьвечаны Ларысе Геніюш. Кажуць, у бібліятэцы іх прыхавалі — да лепшых часоў.

Днямі перадам туды ж (хай сабе пакуль таксама на спэцпаліцу) новую кнігу — «Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах і архіўных матэрыялах» (дзякуй таму ж «Лімарыюсу»). Зрэшты, кожны зэльвенец можа прыйсьці ў бібліятэку і запатрабаваць тую спэцпаліцу для чытаньня.

Зборнік «Духу магутныя чары...» — гэта кніга людзкой удзячнасьці, бо менавіта ўдзячнасьці ў ёй найбольш — і ў пасьмяротных згадках, і ў прыжыцьцёвых лістах. Адам Мальдзіс у эсэ «Далікатнае заданьне» расказаў, як ён у 1983 годзе ўратаваў архіў Ларысы Геніюш, прызначаны для зьнішчэньня. Аляксей Марачкін — як маляваў партрэт паэткі з натуры ў сваёй майстэрні. Уладзімер Арлоў згадаў пахаваньне паэткі, на якое прыйшла ўся Зэльва. Вільнянка Леакадзія Шышэя ўспомніла пра сяброўства з паэткай у Гулагу...

У эпісталярнай частцы кнігі прадстаўленыя 50 адрасатаў паэткі, сярод іх поўны сваіх вялікіх задумаў трыццаціпяцігадовы Ўладзімер Караткевіч, якому на ўсё жыцьцё запомніліся цяпло і беларускі дух зэльвенскай хаты, дзе ён «моцна адагрэўся душою». У той хаце (мае 120 гадоў!) на былой Царкоўнай вуліцы, колішняй Юзафа Пілсудскага, сёньняшняй Савецкай, у будучыні (хочацца спадзявацца!) — імя Ларысы Геніюш, пабывалі ці ня ўсе аўтары кнігі «Духу магутныя чары...». Зь яе згаданы ўжо Міхась Чарняўскі выносіў пад покрывам ночы рукапіс «Споведзі» і дзеля засьцярогі ад чужых вачэй даваў кругаля праз стары мост над Зальвянкай і зарэчны лес. З той хаты ў 1971 годзе Васіль Быкаў вывез яшчэ адзін сьмелы па тым часе тэкст, пасьля прачытаньня якога можна было падумаць, што ў ціхамірнай Зэльве высьпявае антысавецкае паўстаньне. А падбухторшчыкамі яго выступаюць... намесьнік рэдактара мясцовай газэты і дэпутатка пасялковага савету, якія (так, прынамсі, выглядала) паставілі свае подпісы пад артыкулам, дзе крытыкавалася нацыянальная палітыка ЦК КПБ. Той напісаны, як мне падаецца, самой Ларысай Геніюш артыкул пад назвай «Ці наступіць гэты доўгачаканы рашучы паварот?» (у кнізе ён зьмешчаны ў разьдзеле «Dubia») Быкаў тады ж, далей ад ліхіх вачэй, перадаў на захаваньне Нілу Гілевічу, а народны паэт (праз сорак з гакам гадоў!) уручыў аўтару гэтых радкоў.

Сярод адрасатаў паэткі згадаю яшчэ Канстанціна Езавітава — іх перапіска (захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі) датуецца 1943 годам. Энэргічны Езавітаў адным зь першых ацаніў талент Геніюш, настойліва рэкамэндаваў яе вершы кампазытару Аляксею Туранкову, распаўсюджваў, дзе толькі мог, яе кнігу «Ад родных ніў». А адзін зь лістоў скончыў шчырым сяброўскім заклікам: «На той зямлі, дзе мы праводзілі першую баразну, зараз Вы мусіце сеяць. Сейце, мая даражэнькая, сейце лепшае, што знойдзецца ў Вашым сэрцы. Сейце зярняткі ўсхожыя, каб зарунела і закаласавала як найхутчэй, як найбуйней!».

Чытаеш кнігу «Духу магутныя чары...», і міжволі прыгадваецца апавяданьне «Цуды ў хаціне» Янкі Брыля. Бо і ў зэльвенскай хаце адбываліся цуды. І найпершы зь іх — цуд пасьвячэньня ў беларусы, калі наведнік пасьля гутаркі з Ларысай Антонаўнай выходзіў на вуліцу чалавекам іншай якасьці. А хіба ня цуд тое нацыянальнае яднаньне, якое здаралася на Геніюшавых шматлюдных днях народзінаў, ці той факт, што аднойчы пасьля пабыўкі ў Зэльве гісторык Мікола Ермаловіч пачаў пісаць вершы? Таленавіты са школьнай лаўкі Алесь Разанаў пісаў іх і раней, але сустрэчу з Геніюш таксама запомніў на ўсё жыцьцё — энэргетыка яе была настолькі адчувальная, што ён мусіў перапыніць размову. Сучасныя парапсыхолягі, магчыма, вытлумачаць гэта фэнамэнальным біяполем ці чымсьці яшчэ, але нас у дадзеным выпадку цікавіць найперш сама зьява.

Фэномэну Ларысы Геніюш, яго паходжаньню і станаўленьню прысьвечана ўжо нямала розных па якасьці тэкстаў, у будучай Беларусі ім зацікавяцца новыя пакаленьні дасьледчыкаў, якія зададуцца «гарэцкаўскім» пытаньнем — што яно?

Бо й сапраўды, усё зь нечага ўзьнікае, усё ў нешта вытлумачальна пераходзіць: смала-жывіца — у каштоўны бурштын, пясчынка на дне марскім — у бліскучую пэрліну, жоўты пясочак — у празрыстае шкло... Сваё паходжаньне, свой «радавод» — па мячы і па кудзелі — Ларыса Геніюш вызначыла мэтафарычна:

Зь беларускай учэпістай гліны І з рабра прынямонскіх вярбін, Я галінка ля белага тыну Незабыўных адвечных сьвятынь.

З гліны Бог стварыў першачалавека Адама, зь ягонага рабра — Еву. У радках паэткі біблейская гісторыя перамяшалася з канкрэтна-быцьцёвай, гліна мэсапатамская — з глінай беларускай, прынямонская вярба перагукнулася з лацінскім verba (словы). Дарэчы, вярба, паводле падлікаў дасьледчыкаў, часьцей за іншыя дрэвы называецца ў беларускай паэзіі. Самае непераборлівае дрэва — дзе ў зямлю ні ўткнеш, там і вырасьце.

Вярба, што аддала сваё рабро для містычнага акта паэтатварэньня, і сёньня паўсюль расьце на Зэльвеншчыне. Яна прарасла ўжо і ў сьвет сьвяточна-сакральны. Хто ж ня ведае прыказкі-прыпеўкі: «Ня я б’ю — вярба б’е, праз тыдзень — Вялікдзень...»

У сувязі з гэтым як не прыгадаць і гісторыю будзённа-празаічную. Неяк папрасіла мяне маці прыехаць і пасекчы на дровы сьпілаваныя дарожнікамі ўзбоч вясновай вясковай вуліцы вербы. Цэлае лета прыехаць не выпадала, а пад самую восень падышоў я зь сякерай да курганка напілаваных калодак і — сумеўся. Даўжынёй усяго па локцю, бязьлітасна і канчаткова адарваныя ад пажыўнай зямлі, яны павыганялі да сонца мэтровыя парасткі! Толькі сваёй унутранай сілай!

Тыя парасткі, што так праглі ўкараніцца ў родную зямлю, я тады перасадзіў з дрывотніка на азёрны бераг. Як яны там пайшлі ў рост — на вачах проста! Максім Багдановіч «чуў у цішы, як расьце трава», а мне хацелася засьведчыць, што бачу, як расьце вярба...

Паэзія — ня скіданае ў стажкі бібліятэк шматкніжжа, не выпадковы збор рыфмаў, эпітэтаў і мэтафараў. У ёй закадаваныя сэнсы, да якіх людзі мусяць прыслухоўвацца і прыглядацца. Беларуская паэзія падае нам вярба-льны знак. І знак гэты адназначна вітальны — мы мусім выжыць, мы павінны расьці — сілкуючыся з роднай зямлі ці (на скрайні выпадак) толькі з назапашаных аўтаномных рэсурсаў. Як тая непераборлівая вярба, што расьце на голых сухадолах, пры балоце-чароце ці на гліне пры даліне. Расьце, каб нехта з паэтаў і ў наступных стагодзьдзях наўсьлед за Ларысай Геніюш мог сказаць: я з рабра беларускай вярбы.

І будуць вербы шумець каля грэблі, і пад вярбой Алена мыцьме ручнікі, і на перадвелікодную Вербніцу нас — так небалюча-ласкава — будзе біць тая вярба... Жыцьцялюбна-неўміручая, як і яе спаконвечны сузямельнік — беларускі народ.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG