Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч адмовіўся прыехаць на допыт у Кіеў


Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч адмовіўся прыехаць у Кіеў на допыт, прызначаны на 11 жніўня.

Адвакат Януковіча Віталь Сярдзюк патлумачыў у эфіры «Грамадзкага ТБ», што экс-прэзыдэнт «ня будзе прысутнічаць на допыце з-за пагроз яго жыцьцю і здароўю».

У той жа час Сярдзюк паўтарыў, што Віктар Януковіч гатовы даць паказаньні па відэасувязі: «Генэральная пракуратура ўжо паінфармаваная намі пра гатоўнасьць даць паказаньні па месцы знаходжаньня», — сказаў адвакат.

6 жніўня ў афіцыйным выданьні цэнтральных органаў выканаўчай улады Ўкраіны была апублікавана позва генэральнай пракуратуры, у якой Януковіча выклікалі на допыт для правядзеньня сьледчых і працэсуальных дзеяньняў у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы.

Справа супраць Януковіча аб узурпацыі ўлады была адкрыта 8 красавіка 2015 года. Таксама расьсьледуецца справа аб незаконным завалоданьні дзяржаўнай маёмасьцю.

Януковіча адхілілі ад улады неўзабаве пасьля ўзброеных сутыкненьняў на кіеўскім Майдане. Ён уцёк у Расею, дзе некалькі разоў выступаў па тэлебачаньні з афіцыйнымі заявамі, у якіх, у прыватнасьці, называў сябе легітымным прэзыдэнтам.

XS
SM
MD
LG