Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Баку судзяць цяжка хворых праваабаронцаў


Лэйла і Арыф Юнус

Лэйла і Арыф Юнус

Азэрбайджанскія ўлады павінны спыніць перасьлед Лэйлы і Арыфа Юнус, пажылых праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў цяжкім стане, і неадкладна вызваліць іх з-за кратаў — заявіла праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

Пра гэта паведамляе азэрбайджанская служба радыё Свабода.

Арыф Юнус і яго жонка, дырэктар Інстытуту міру і дэмакратыі Лэйла Юнус, абвінавачваюцца ў эканамічных злачынствах і здрадзе радзіме. Муж і жонка віну не прызнаюць, а іх перасьлед падвяргаецца рэзкай крытыцы з боку прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці і праваабарончых арганізацый. Amnesty International прызнала мужа і жонку Юнус «вязьнямі сумленьня».

Абвінаваўца запатрабаваў для Лэйлы Юнус 11 гадоў турмы, для яе мужа — 9.

3 жніўня артэрыяльны ціск Арыфа Юнуса рэзка падскочыў, і ён страціў прытомнасьць ў судзе. Падчас слуханьняў 4 і 5 жніўня ягоны стан быў ня лепшы.


«Арышт і перасьлед Лэйлы і Арыфа Юнус стала пародыяй на правасудзьдзе, а падобны судовы працэс, улічваючы іх слабае здароў’е, выклікае толькі пагарду», — сказаў Х’ю Ўільямсан, дырэктар HRW па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.


Эльчын Гамбар, адвакат Лэйлы Юнус, паведаміў HRW, што лекары рабілі ўколы Арыфу Юнус да і падчас слуханьняў 4 жніўня і 5, але ён зь цяжкасьцю мог сядзець і вялікую частку часу ляжаў на каленях сваёй жонкі ў зашклёнай клетцы для падсудных.

Падчас папярэдняга слуханьня 15 ліпеня Лэйла Юнус паведаміла журналістам, што ў яе мужа зьявілася пухліна на патыліцы, якая не была дыягнаставаная.

За апошнія 18 месяцаў Арыф Юнус перанёс два гіпэртанічныя крызы, у яго дыягнаставаная сардэчная недастатковасьць.

Суд, які пачаўся 27 ліпеня, ужо на завяршальнай стадыі.

Улады зачынілі доступ у суд усім незалежным журналістам і назіральнікам. Толькі некалькі дыпляматаў былі дапушчаныя да маніторынгу.

Арышт і суд над сям’ёй Юнус стаў часткай жорсткай кампаніі арыштаў, турэмнага зьняволеньня і запалохваньня праваабаронцаў, незалежных журналістаў, блогераў і апазыцыйных актывістаў.


«Лэйла і Арыф Юнус маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе, а не ў турме. Міжнародныя партнэры Азэрбайджану павінны катэгарычна і аднагалосна асудзіць гэты зьдзек над правасудзьдзем», — сказаў Х’ю Ўільямсан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG