Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядаўнім інтэрвію Лукашэнкі незалежным мэдыям ёсьць цікавы момант. Разважаючы пра сваіх сыноў, ён кажа:

«Я хачу, каб мае дзеці былі людзьмі. Гэтаму я іх і вучу. Усё, што ўмею рабіць я, умеюць рабіць і мае старэйшыя сыны, я хачу, каб і малодшы гэта ўмеў. Ён умее, але ён пакуль малы, ён ня ўмее так секчы дровы і так касіць траву, як я. А для мужыка гэта трэба».

Маладыя людзі, мусіць, моцна зьдзівяцца такому патрыярхальнаму ўяўленьню пра тое, што павінен умець сучасны мужчына. Але Лукашэнка хваліцца, што ў Драздах ён вядзе сялянскую гаспадарку, косіць траву, вырошчвае бульбу, капусту, мае дзесяць кароў, авечак і інш. Пра гэта кіраўнік дзяржавы расказваў у траўні рабочым МТЗ.

Вось і цяпер ён прызнаецца:

«Таму мяне не папракнеш — я як быў простым чалавекам, селянінам, так ім і застаўся. І гэта для мяне на ўсё маё жыцьцё. І я ведаю, зь якога, прабачце, г..на я вылез».

І, зьвярніце ўвагу, Дэпардзьё Лукашэнка вучыў касіць траву, а не напрыклад, павёў на МАЗ. Пасьля гэтага, наведаўшы яшчэ фэрму, францускі актор зьехаў у поўнай упэўненасьці, што Беларусь — сялянская краіна.

Патрыярхальная сьвядомасьць Лукашэнкі выяўляецца ў кульце сельскай гаспадаркі. «Хлеб — самая вялікая палітыка», «галоўнае для рэспублікі — гэта збожжа», — заяўляе ён.

Карл Маркс сьцьвярджаў, што гістарычныя эпохі адрозьніваюцца ня тым, што вырабляюць, а тым, чым вырабляюць. Прылады працы ва ўяўленьні Лукашэнкі як люстэрка эпохі, у якой ён жыве, — вельмі цікавы ракурс. Выступаючы на нарадзе, прэзыдэнт заяўляе: «Няма ў вас гаруча-змазачных матэрыялаў — бярыце коней і запрагайце, няма коней — бярыце рыдлёўкі і капайце»; «Калі ў нас ёсьць такія гаспадаркі, прабачце, зачуханыя, якія 15 пляцаў ня могуць разараць, тады вы хамут вешайце на кіраўніка, і хай ён чапляе і арэ сам». Заўважце, прапануецца ўзяць ня трактар, а матыкі, граблі, рыдлёўкі, хамут, сякеру.

Зь іншага боку, Лукашэнка нэгатыўна ставіцца да інтэрнэту, называе яго «сьметніцай», «памыйніцай», разглядае яго не як велізарны прагрэс, а як праблему, бо інтэрнэт — гэта свабодны рух інфармацыі. Парк высокіх тэхналёгіяў — іншароднае цела ў беларускай сацыяльнай мадэлі. Людзі, якія там працуюць, для кіраўніка дзяржавы мала зразумелыя, ён іх называе «яйкагаловымі».

Але ня варта разглядаць гэтыя рэплікі як толькі адлюстраваньне патрыярхальнай сьвядомасьці самога Лукашэнкі. Гэта для яго яшчэ і піяр. Увесь сэнс словаў пра граблі, хамут і сякеру — гэта дакладны, адрасны зварот менавіта да свайго электарату, які яго добра разумее. У першы пэрыяд свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка стаўся найбольш пасьлядоўным выразьнікам мэнтальных стэрэатыпаў даіндустрыяльнай эпохі і тых сацыяльных слаёў, якія выступаюць іх носьбітамі.

Патрыярхальная сьвядомасьць не ўспрымае іншай працы, акрамя фізычнай, як годнага і грамадзка значнага занятку. «Хай займаюцца вытворчасьцю... Няхай пачынаюць працаваць», — кажа Лукашэнка пра індывідуальных прадпрымальнікаў. І электарат яго разумее. Сапраўды, што гэта за праца — гандляваць на рынку? Араць поле, касіць траву, плесьці кошыкі або, у горшым выпадку, стаяць каля станка — вось гэта сапраўдная праца!

У апошнім інтэрвію недяржаўным мэдыям ёсьць эпізод пра тое, як Лукашэнка прадухіліў аддзяленьне Палесься ад Беларусі: «І я яго патушыў, як селянін, элемэнтарна. У мяне дзесьці нават фатаздымак захаваўся. Калі я прыехаў, там жа на Палесьсі сапраўдныя беларусы, палешукі: „Ну, паглядзім, што ён можа, гэты наш малады Лукашэнка. Ну, на табе касу“. Яны на Палесьсі поймы касілі. — „Ну, давай касу“. А тады — граблі. І я зь імі паўдня правёў, з гэтымі людзьмі. Мы селі абедаць, у мяне нейкі з сабой быў чамадан, я раскладваю ежу. І яны селі, шмат вельмі людзей было, уборка ішла кармавых. Дарэчы, і самагон у некаторых быў. Я кажу: „Ды добра, стаўце ўжо, раз прывезьлі“. Ну, хтосьці выпіў. Я чую, мужыкі сабраліся: „Не, гэта наш“. Усё, пытаньне з „Палескай рэспублікай“ было вырашана».

Увесь сюжэт падобны да гумарэскі, якую прамаўляюць артысты размоўнага жанру. Але тут галоўнае ў тым, па якой прыкмеце народ прызнае прэзыдэнта сваім.

Аднак за 21 год кіраваньня Лукашэнкі беларускае грамадзтва моцна зьмянілася. Дык ці не памыляецца ён, апэлюючы да людзей, якія яшчэ жывуць у даіндустрыяльнай эпосе?

Пытаньне не такое простае, і адказ не адназначны. Па структуры эканомікі, узроўні адукацыі, дэмаграфіі, нават па колькасьці разводаў, распадаў шлюбаў беларусы — мадэрновая нацыя. Амаль усё насельніцтва мае мабільнікі, 60% карыстаюцца інтэрнэтам. Дачнікі і нават калгасьнікі ўжо даўно косяць траву газонакасілкай.

Але перажыткі патрыярхальнага грамадзтва вельмі моцна сядзяць у сьвядомасьці тых людзей, якія пра гэта нават не здагадваюцца. Ідэя патэрналісцкай дзяржавы на чале з «Бацькам» — гэта адтуль, з эпохі вялікай патрыярхальнай сям’і. Нэгатыўнае стаўленьне да апазыцыі таксама шмат у чым тлумачыцца ўяўленьнямі, што гэта нявыхаваныя дзеці, якія ня слухаюць «Бацьку». Нізкія запатрабаваньні, спажывецкія стандарты — таксама перажытак той беднай эпохі. Адсюль і такія настроі: маўляў, як-небудзь перажывем крызіс, абы не было вайны.

06.08.2015

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG