Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Летапісец Аляксандра Лукашэнкі пераключыўся на Якуба Коласа


Музэйны супрацоўнік Мікола Жыгоцкі

Музэйны супрацоўнік Мікола Жыгоцкі

Музэйны супрацоўнік Мікола Жыгоцкі, які апошнія два дзясяткі гадоў адну за другой выдаваў кнігі пра Аляксандра Лукашэнку, не дачакаўшыся падзякі і ўганараваньня, пераключыўся на клясыкаў беларускай літаратуры. Днямі сьвет пабачыў сыгнальны экзэмпляр кнігі «Прыйшоў у жыцьцё дзеля нас», прысьвечаны жыцьцю і творчасьці Якуба Коласа.

83-гадовы Мікола Жыгоцкі больш за паўстагодзьдзя праслужыў у Літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа, ягонаму пяру належаць газэтныя і часопісныя нататкі, прысьвечаныя як самому пісьменьніку, так і знакавым коласаўскім героям. Апошняя праца стала своеасаблівым падсумаваньнем працяглай музэйна-навуковай дзейнасьці:

«Я адпрацаваў у музэі 56 гадоў, фактычна ад самага пачатку займаюся гэтай тэмай. Высілкаў і часу пакладзена шмат, літаральна па крупінках зьбіраў матэрыялы, езьдзіў па мясьцінах, зьвязаных зь Якубам Коласам — як у Беларусі, так і за межамі рэспублікі. Наведваў Слуцк, Люсіна, Пінкавічы, Дзьвіншчыну; езьдзіў у Расею на Куршчыну, дзе ён працаваў настаўнікам. А яшчэ раней сын паэта Даніла Міцкевіч накіраваў мяне ў Ташкент, дзе Колас жыў падчас вайны. Там адшукаў коласаўскія мясьціны, пазнаёміўся з узбэцкімі пісьменьнікамі, якія сустракаліся зь беларускім калегам падчас эвакуацыі, сабраў іх успаміны. А рэдактар газэты „Правда Востока“, даведаўшыся, што я зь Беларусі, прыкамандзіраваў да мяне фатографа, і мы зрабілі здымкі вуліцы імя Якуба Коласа і дома, дзе ён перачэкваў вайну ў Ташкенце. Вось прывёз адтуль такія рэдкія здымкі».

Спадар Жыгоцкі наракае, што кніга «марынавалася» ў выдавецтве больш за тры гады — пры тым, што адпачатку была рэкамэндаваная ў якасьці дапаможніка для сярэдніх школаў і вышэйшых навучальных установаў. На перакананьне аўтара, у час павальнай інтэрнэтызацыі, калі дзяцей усё больш паглынае віртуальная прастора, тыражаваньне зьвестак пра беларускіх клясыкаў павінна адыграць выключную ролю:

«Я перакананы, што такія выданьні павінны дапамагчы аднавіць цікавасьць да нашай літаратурнай спадчыны. Цяпер дзеці сапраўды мала чытаюць. Але калі малады чалавек разгорне кнігу, у якой шмат рэдкага ілюстратыўнага матэрыялу, думаю, што яму самому будзе цікава заглыбіцца ў тэму. Як аўтар я за прамінулы час проста зжыўся як зь мясьцінамі, дзе жыў і тварыў Якуб Колас, так і з кніжкай. Можа, у тым ліку і таму, што кніга доўга выходзіла, ажно тры гады ляжала ў выдавецтве, я нават ужо раззлаваўся. Дарэчы, маім рэдактарам была Алена Бельская, якая вельмі скрупулёзна правярала ўсе факты. У любым разе, нават цяпер па-новаму яе перачытваю, нават для мяне як аўтара ўсё гэта цікава. Так што раю і іншым акунуцца ў яе зьмест. Тым больш што выданьне арыентаванае, як некалі казалі, на масавага чытача — для школьных установаў, для студэнтаў. Для ўсіх, хто захапляецца творчасьцю Якуба Коласа».

Цягам апошніх гадоў Мікола Жыгоцкі быў сканцэнтраваны на іншай асобе — кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. Кажа, што ўсур’ёз зацікавіўся фэномэнам свайго шклоўскага земляка, які ад сярэднестатыстычнага саўгасьніка скарыў шлях да першага і пакуль адзінага прэзыдэнта краіны. Дзеля гэтага спадар Жыгоцкі нават укладаў у выданьне ўласныя сродкі. Праўда, ягоных высілкаў асабліва ніхто не ацаніў, і прыбыткаў кнігі не прынесьлі. Затое на Коласу аўтар разьлічвае нават зарабіць:

«Не, у дадзеным выпадку сваімі грашамі ўкладацца не давялося. Мала таго, нават будзе нейкі ганарар, прынамсі, так мне абяцалі. Празь месяц, як крыху разыдзецца кніжка, павінны нешта за стараньні выплаціць».

Карэспандэнт: «Наколькі ведаю, калі пісалі пра Лукашэнку, даводзілася шукаць спонсараў?».

«Так, шукаў спонсараў, укладаў свае ўласныя грошы — з пэнсіі, адкуль жа яшчэ ўзяць? „Белінвэстбанк“ мне адмовіў, сказалі, што цяпер з грашыма стала цяжка, забаранілі раскідвацца. Таму, сапраўды, выдаваў і за свае зьберажэньні. Каб выдаць 50 асобнікаў, патрэбна 9 мільёнаў рублёў. Для дзяржавы гэта ж ня грошы, правільна? А для мяне, пэнсіянэра — канечне. А тут ужо крыху лягчэй пайшло, гэта праўда».

Некаторыя асабістыя рысы Якуба Коласа сучасьнікі ацэньвалі неадназначна, падкрэсьліваючы ягоны досыць складаны характар. Аднак Мікола Жыгоцкі называе гэта выдумкамі зласьліўцаў, а клясыка характарызуе як «надзвычай чалавечнага»:

«Ведаеце, Колас для свайго статусу заставаўся вельмі чалавечным, нягледзячы на тое, што быў дэпутатам Вярхоўных Саветаў СССР і БССС, віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук, клясыкам савецкай і беларускай літаратуры. Калі хто прыходзіў да яго на прыём, заўсёды сустракаўся, унікаў у сутнасьць праблемы. Прызначаючы спатканьне, нават зьяўляўся раней на 10–15 хвілін. Гэтаксама не цураўся пачаткоўцаў у літаратуры, цікавіўся, зь якім багажом да яго прыйшлі, над чым маюць працаваць. Іншымі словамі, ставіўся да людзей вельмі лагодна і прыязна, хоць быў фактычна ўжо на вяршыні літаратурнага Алімпу. То бок не лічыўся са статусам, заўсёды заставаўся ўважлівым, чалавечным».

Мікола Жыгоцкі нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Мерч на Шклоўшчыне. Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум, а пасьля службы ў войску — аддзяленьне журналістыкі філфаку Белдзяржунівэрсытэту. Супрацоўнічаў з шэрагам раённых і рэспубліканскіх рэдакцыяў, ад 1957 году — навуковы супрацоўнік Літаратурна-мэмарыяльнага музэя Якуба Коласа. Аўтар кніг «Сьцежкамі паэта: Па коласаўскіх мясьцінах», «Сэрца пакідаю вам», «Легендарны дзед», «Побач з Коласам», «Прыйшоў у жыцьцё дзеля нас». Аўтар пяці кніг, прысьвечаных Аляксандру Лукашэнку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG