Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы пра зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў: «Гэта маразм», «Лепш бы аддалі ў дзіцячыя дамы ці бедным»


Расейскія ўлады пастанавілі зьнішчаць затрыманыя на мяжы харчы заходняй вытворчасьці, якія падпалі пад санкцыі.Ад 6 жніўня пачынае дзейнічаць указ прэзыдэнта Пуціна аб зьнішчэньні санкцыйных прадуктаў. Карэспандэнтка Радыё Свабода цікавілася думкаю менчукоў — як яны да гэтага ставяцца.

Спадар сталага веку: «Адмоўна стаўлюся. Прадукты нельга зьнішчаць, іх трэба спажываць. Гэта ненармальна. Сёлета прыкладна ў адзін час адбыліся дзьве выставы: „Расагра“ і „Белагра“. Ды вось: забясьпечанасьць Расеі харчаваньнем, то бок харчовая бясьпека, складае 38%. То бок 60 зь лішнім працэнтаў Расея ўвозіць з другога краю сьвету. І пры гэтым зьбіраецца зьнішчаць прадукты! Каб ня ўвозілі, расейцы наагул бы з голаду сканалі. А ў Беларусі харчовая бясьпека складае 90%. Так што адчуйце розьніцу».

Інтэлігентнага выгляду мужчына: «Я расеец. Расея робіць усё правільна. Гэта цалкам нармальна. Гэта вырашае Расея. Вялікая краіна, вялікі прэзыдэнт. Я яго вельмі паважаю. Гэта яго рашэньне».

Маладая жанчына: «Я лічу, што галоўнае — каб гэтыя прадукты не прыносілі шкоды здароўю. Але калі гэта вырашчана, праверана, адпавядае высокай якасьці — канечне, трэба гэта захоўваць».

Пажылы чалавек: «Лепш аддалі б у дзіцячыя дамы, у інтэрнаты, дамы састарэлых. Трэба знайсьці ім карыснае прымяненьне, калі яны такія прынцыповыя. Але харчы зьнішчаць — не па-людзку».

Малады чалавек: «Гэта поўнае трызьненьне, маразм. Таму што людзі заўсёды хочуць есьці, кошты на харчы ў Расеі пастаянна павышаюцца. Гэта проста маразм».

Юнак: «Людзі ў Афрыцы галадаюць, а ён спальвае прадукты. Ну, гэта наагул нармальна?»

Дзядуля: — «Лепш бедным бясплатна раздаць».

Жанчына сярэдняга веку: «Я жыву ў Беларусі, таму тое, што робіцца ў Расеі, не магу зразумець. Дый мне гэта нецікава, я далёкая ад гэтага».

Мужчына сталага веку: — «А навошта зьнішчаць, калі добрыя прадукты?»

Дзяўчына: «Ну, ня ведаю. Спрэчнае пытаньне. Напэўна, ненармальна».

Яе сяброўка: «А зь іншага боку, ненармальна іх незаконна ўвозіць. Пуціна таксама можна зразумець».

Малады мужчына: — «З маральнага пункту гледжаньня гэта выглядае ненармальна. Але, зь іншага боку, тое, што робяць амэрыканцы сваімі санкцыямі, таксама выглядае не па-чалавечы. Так што гэта адэкватны адказ на дзеяньні другога боку».

Мужчына сталага веку: «Узялі б лепш і аддалі бедным. Я думаю, гэта няправільна — зьнішчаць харчы. Або нам аддалі б».

Жанчына сярэдняга веку: «Я станоўча да гэтага стаўлюся. Пуцін абараняе сваю краіну. А Эўразьвяз няхай падумае пра свае паводзіны. Я Пуціна ва ўсім падтрымліваю».

Спадар: «З аднаго боку, быццам бы і справядліва гэта, калі яны так — то і ім так. А па-чалавечы, я лічу, лепш аддаць бедным. Колькі галадаючых у сьвеце! Аддаць у дзіцячыя дамы, маламаёмным сем’ям».

Малады чалавек: «З аднаго боку, прадукты незаконна ўвозяцца на тэрыторыю Расеі. Хто іх увозіць незаконна, адпаведна, парушае закон. Ну, а тавар я б не зьнішчаў, я б адпраўляў яго ў даход дзяржавы».

Маладая жанчына: — «Людзі вырошчвалі, трацілі сілы, працавалі, укладалі грошы, час. Ні ў якім разе нельга нішчыць. Нішчаць дрэннае, заражанае, а якаснае — нельга! Людзі галадаюць, ёсьць шмат людзей, якія ня могуць дазволіць сабе самае неабходнае. Таму, калі будуць па зьніжаных цэнах гэта прапаноўваць — людзі раскупяць імгненна».

XS
SM
MD
LG