Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына вярнулася зь Вены з новай скураной торбай


Пра гэта сёньня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі паведаміла журналістам пасьля паседжаньня ЦВК.

Журналісты запыталіся, як яна рыхтуецца да 11 кастрычніка, дня правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, і ці не рыхтуе яна пад гэты дзень нейкую абнову для сябе.

На гэта Ярмошына адказала: «Не, я пра гэта ня думаю, але я заўжды стараюся адзявацца ў новыя рэчы. Вось і гарнітур, у якім я сёньня перад вамі, — таксама новы».

Пачуўшы гэтыя словы, карэспандэнт Свабоды вырашыў удакладніць у старшыні ЦВК, ці не набывала яна гэты строй у Вене падчас нядаўняй паездкі на міжнародны сэмінар.

«Не, — адказала на гэта Лідзія Ярмошына, — у мяне няма такіх грошай, каб купляць гарнітуры ў такім дарагім горадзе, як Вена. Адзінае, што я там змагла набыць, у краме Duty Free — скураную торбу».

А на ўдакладняльнае пытаньне карэспандэнта Свабоды, якога колеру, Лідзія Ярмошына сказала:

«Чорнага. Гэты колер унівэрсальны на розныя выпадкі жыцьця».

Карэспандэнт Свабоды таксама папрасіў старшыню ЦВК выказаць сваё стаўленьне да ініцыятывы першага намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, які прапануе дэмакратычным кандыдатам на прэзыдэнта правесьці ў сваім коле аўдыт і праверку якасьці сабраных іх подпісаў.

На гэта Лідзія Ярмошына адказала так:

«Па-першае, я не зусім уяўляю, як можна праверыць некалькі соцень тысяч подпісаў. Ну, напрыклад, можна патэлефанаваць чалавеку і запытацца, ці ставіў ён гэты подпіс. Але фактычна прадстаўнікі руху „За свабоду“ ня маюць такога права. Правесьці нейкую графалягічную праверку — таксама будзе складана, да таго ж гэта платная працэдура. Таму мне цяжка ўявіць, як гэта можна ажыцьцявіць у рэальнасьці.

І па-другое, такая праверка, калі яна нават і адбудзецца, яна будзе юрыдычна нікчэмная, бо яна пройдзе па-за межамі юрыдычнага поля і ня будзе мець ніякіх юрыдычных наступстваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG