Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заступіў на пасаду


Анджэй Дуда

Анджэй Дуда

Сёньня новаабраны прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда склаў прэзыдэнцкую прысягу ў будынку польскага парлямэнту і пачаў свой пяцігадовы прэзыдэнцкі тэрмін.

У прамове перад дэпутатамі Сэйму і сэнатарамі Анджэй Дуда сказаў, сярод іншага:

«Дарагія суродзічы, я хачу сказаць, што зраблю ўсё, каб не падмануць спадзяваньняў. Я выканаю абяцаньні, бо я — нязломны чалавек».

Кажучы пра замежную палітыку Польшчы, Дуда сказаў, што яна не патрабуе рэвалюцыі, толькі карэктуры. Падкрэсьліў, што Польшча павінна рупіцца пра ўзмацненьне Эўразьвязу і НАТО. Адносячыся да НАТО, Дуда сказаў, што Польшча патрабуе «большых гарантый бясьпекі» з боку альянсу і «большай прысутнасьці НАТО ў гэтай частцы Эўропы».

Напярэдані складаньня прэзыдэнцкай прысягі Анджэй Дуда сказаў у інтэрвію журналістам агенцтва ПАП, што будзе весьці больш актыўную палітыку ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе.

«Я — прыхільнік узмацненьня супрацоўніцтва дзяржаваў гэтага рэгіёну, ад Балтыйскага мора ў бок Адрыятыкі і да Чорнага мора. [Гэтыя дзяржавы] маюць агульны досьвед з другой паловы ХХ стагодзьдзя і часта агульныя праблемы сёньня», — адзначыў Дуда.

43-гадовы Анджэй Дуда, якога падтрымлівала апазыцыйная партыя Права і справядлівасьць, перамог папярэдняга прэзыдэнта Браніслава Камароўскага ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 24 траўня, набраўшы 51,55% галасоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG