Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парыж афіцыйна скасаваў кантракт з Масквой па «Містралях»


Прэзыдэнты Расеі і Францыі прынялі сумеснае рашэньне аб спыненьні дзеяньня кантракту аб пастаўках Маскве двух верталётаносцаў «Містраль».

Як паведаміла ў сераду прэсавая служба Крамля, пытаньне было ўрэгуляванае ў ходзе тэлефоннай размовы ў сераду паміж Уладзімерам Пуціным і Франсуа Аляндам.

У паведамленьні гаворыцца, што Францыя ўжо пералічыла Расеі сродкі, выплачаныя па кантракце. У адміністрацыі прэзыдэнта Францыі пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

У Элісейскім палацы заявілі, што, паводле дамоўленасьцяў, Францыя «выключна і цалкам» пакрывае Расеі суму авансу за караблі. З паведамленьня вынікае, што французскі бок ня будзе ажыцьцяўляць штрафныя выплаты за зрыў кантракту.

Варта адзначыць: да гэтага часу расейскія крыніцы сьцьвярджалі, што сума, якую верне Францыя, будзе значна больш, чым выплачаны расейскім бокам авансавы плацёж у памеры 800 млн эўра. У прыватнасьці, гучала прагнозная сума ў 1,2 млрд эўра.

Акрамя таго, Элісейскі палац заявіў, што ўсталяванае на «Містраль» абсталяваньне пасьля разрыву кантракту будзе дэмантавана і перададзенае Расеі: «Расейскае абсталяваньне, усталяванае на судах, будзе вернута». Дэмантаж абсталяваньня павінен пачацца ў верасьні.

Элісейскі палац асобна адзначыў, што Францыя атрымала права свабодна распараджацца караблямі, гэта значыць ніякіх абмежаваньняў на іх продаж не ўстаноўлена. Раней Парыж праводзіў перамовы з Кітаем аб продажы «Містраляў», першапачаткова прызначаных для РФ, піша ўкраінскі сайт «Європейська правда».

Кантракт коштам 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў быў падпісаны ў 2011 годзе. Плянавалася, што першы карабель паступіць на ўзбраеньне расейскага флёту ў 2014 годзе, аднак Парыж прыпыніў яго выкананьне ў рамках санкцый ЭЗ у дачыненьні да Масквы, якія сталіся адказам на анэксію Расеяй Крыма і яе ўдзел у вайне і дэстабілізацыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG