Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка стварыў нацыянальную паліцыю. Спадзяецца, што хабару браць ня будуць


Прэзыдэнт Украіны ў прысутнасьці новых патрульных паліцыянтаў падпісаў Закон Украіны «Аб нацыянальнай паліцыі».

Паводле новага закону, паліцыя будзе часткай структуры МУС Украіны. Яна будзе складацца з падразьдзяленьняў крымінальнай паліцыі, паліцыі грамадзкай бясьпекі, транспартнай, дарожнай, судовай і паліцыі аховы. Кіраваць нацыянальнай паліцыяй будзе цывільны міністар, прызначаны па кантракту на 5 гадоў.

Пры гэтым упраўленьні ўнутраных спраў у вобласьцях і раёнах ліквідуюцца, а ўсе цяперашнія супрацоўнікі міліцыі Ўкраіны пройдуць пераатэстацыю.

Як паведамляе сайт прэзыдэнта Ўкраіны, закон быў падпісаны ў прысутнасьці патрульных новай праваахоўнай службы. «На вас глядзіць уся краіна, — сказаў Парашэнка. — Сёньняшні дзень увойдзе ў гісторыю Украіны як дзень, калі ўзаконена нацыянальная паліцыя Ўкраіны».


Парашэнка адзначыў, што «зьмены ў краіне трывала асацыююцца з украінскай паліцыяй». Пры гэтым ён адзначыў: «Шмат каму здавалася, што тыя традыцыі, якія былі ў міліцыі — хабарніцтва, якое, у першую чаргу асацыявалася з ДАІ, сьледчымі, упраўленьнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, не атрымаецца зьмяніць. І толькі вы, сваёй упартай працай, паказалі, што гэта можна зрабіць».

Прэзыдэнт Украіны выказаў упэўненасьць, што станоўчы вопыт першых дзён працы новага падразьдзяленьня патрульнай паліцыі ў Кіеве будзе распаўсюджаны ў іншых гарадах Украіны: «Нам трэба зрабіць, каб як мага хутчэй зьмены адбываліся ня толькі ў законе, але і былі рэалізаваныя на тэрыторыі ўкраінскай зямлі».

XS
SM
MD
LG