Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: «Няма ніякай разумнай падставы байкатаваць выбары»


У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адказвае на пытаньне, чаму ён заклікае дэмакратычных кандыдатаў не здымацца з выбараў і ісьці да канца, а таксама тлумачыць, чым яму падабаецца Тацяна Караткевіч і ў чым, на ягоную думку, прыхільнікі байкоту ня маюць рацыі.

Цыганкоў: У аўторак вы апублікавалі артыкул «Не здымайцеся!», дзе абгрунтавалі неабходнасьць дэмакратычным кандыдатам заставацца ў выбарчай кампаніі. Чаму вы вырашылі выступіць з гэтым адкрытым лістом — калі ўлічыць, як нэгатыўна шмат хто ставіцца да ўдзелу ў выбарах? Вас жа ніхто не цягнуў за язык?

Янукевіч: Я проста пабачыў, што крытыка пераходзіць на новы ўзровень. Гэта ўжо ня толькі спрэчкі ў інтэрнэце на форумах, пра гэта пачалі пісаць незалежныя мэдыі, сур’ёзныя асобы пачалі выказвацца з заклікамі здымацца — пры гэтым з досыць жорсткімі абвінавачваньнямі на адрас тых, хто ўдзельнічае ў выбарах. І я вырашыў, што прыйшоў час, калі трэба паспрабаваць вярнуць дыскусію з гістэрыкі, з эмацыйнай танальнасьці ў рэчышча лёгікі і разумных аргумэнтаў. І з гэтага пункту гледжаньня паказаць, што няма абсалютна ніякай разумнай падставы байкатаваць альбо ўхіляцца ад удзелу ў выбарах.

Цыганкоў: Добра. Паспрабуйце холадна, лягічна прадставіць вашы аргумэнты за ўдзел.

Незалежна ад таго, ці будуць удзельнічаць дэмакратычныя кандыдаты — і беларускае грамадзтва, і міжнародная супольнасьць будуць прымаць свае рашэньні наконт таго, ці прызнаваць гэтыя выбары і ці прызнаваць гэтую ўладу.

Янукевіч: Перадусім хацелася б сказаць, што ўсе тыя перасьцярогі, нібыта ўдзел апазыцыі пацягне за сабой нейкія жахлівыя наступствы — яны нерэалістычныя. Незалежна ад таго, ці будуць удзельнічаць дэмакратычныя кандыдаты — і беларускае грамадзтва, і міжнародная супольнасьць будуць прымаць свае рашэньні наконт таго, ці прызнаваць гэтыя выбары і ці прызнаваць гэтую ўладу.

Аб’ектыўна толькі падчас выбараў адкрываецца гэтае вакно дадатковых, досыць вялікіх магчымасьцяў для дэмакратычнай апазыцыі — працаваць менавіта так, як гэта павінна быць. То бок мець доступ да людзей, быць бачным і дайсьці да тых, хто не чытае апазыцыйныя форумы.

Цыганкоў: Пытаньне якраз у тым, ці сапраўды гэтае «акно магчымасьцяў» адчыненае, ці гэта ілюзія.

Янукевіч: Дадатковыя магчымасьці ёсьць, і гэта добра відаць цяпер, калі праехаць па цэнтральных праспэктах Менску ці іншых гарадоў. Калі ёсьць на вуліцах бел-чырвона-белыя сьцягі, калі чалавек можа проста ісьці і наткнуцца на прадстаўніка дэмакратычных сілаў ці нават на патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, убачыць, што апазыцыя яшчэ жывая, паслухаць, што яна прапануе, задаць пытаньні, падумаць.

Цыганкоў: Але ўсё гэта дробязь, «праграма-мінімум», бо рэальнай задачы — перамагчы на выбарах — ніхто і ня ставіць...

Мы — тыя, хто ўдзельнічае — згодныя, што выбараў няма як мэханізму зьмены ўлады, таму і перамагчы на іх немагчыма.

Янукевіч: Мы — тыя, хто ўдзельнічае — згодныя, што выбараў няма як мэханізму зьмены ўлады, таму і перамагчы на іх немагчыма. Але дзеля таго, каб адбылася зьмена ўлады, зьмена той палітычнай сыстэмы, якая сёньня пабудаваная — трэба, каб памянялася грамадзтва. І гэты шанец зьмяніць грамадзтва — так, ён кароткатэрміновы, але ён зьяўляецца менавіта падчас выбарчай агітацыі. Хочам мы ці не — але гэтую працу давядзецца рабіць. Калі не цяпер, дык некалі пазьней.

Цыганкоў: Дарэчы, гэты ваш заклік — не здымацца — ці ён абсалютны, ці ён мае нейкія ўмовы? То бок ці ня лічыце вы, што варта выкарыстаць усе тыя магчымасьці выбарчай кампаніі, пра якія вы казалі, цягам збору подпісаў і агітацыі, — а потым зьняцца, перад самым галасаваньнем?

Янукевіч: Не. Такі варыянт я лічу таксама памылковым. Я лічу, што трэба ісьці да канца. І, вядома, не таму, што мы спадзяёмся, што Лідзія Ярмошына абвесьціць нейкія нечаканыя вынікі. Але, па-першае, на этапе падліку галасоў, калі няма апазыцыйных кандыдатаў, уладзе ня трэба рабіць ніякіх маніпуляцыяў. А менавіта па тым, як адбываецца падлік галасоў, і Захад, і беларускае грамадзтва будзе ацэньваць, ці былі сапраўды працэдурныя парушэньні, ці не былі.

Другі момант — шмат хто зь людзей, якія будуць галасаваць за апазыцыйных кандыдатаў, яны яшчэ не перакананыя ў тым, што галасы ў Беларусі ня лічаць. І калі і яны самі галасавалі, і іхнія многія знаёмыя галасавалі за апазыцыйнага кандыдата, а потым яны чуюць, што кандыдат набраў паўтара працэнта — то гэта можа іх падштурхнуць задумацца, ці гэтыя выбары рэальныя.

Цыганкоў: БНФ падтрымаў кандыдатуру Тацяны Караткевіч, але ўвесь час мае да яе нейкія пажаданьні альбо наказы. Што вам падабаецца і што не падабаецца ў гэтым кандыдаце?

Яна такая, якая ёсьць. Калі мы кажам пра кампанію Караткевіч, то, сапраўды, мы лічым, што ідэйная, праграмная частка ў яе недастаткова грунтоўна прапрацаваная.

Янукевіч: Нельга ацэньваць кандыдата з пункту гледжаньня «падабаецца — не падабаецца». Яна такая, якая ёсьць. Калі мы кажам пра кампанію Караткевіч, то, сапраўды, мы лічым, што ідэйная, праграмная частка ў яе недастаткова грунтоўна прапрацаваная. І не на ўсе пытаньні, якія ўзьнікаюць у прыхільнікаў дэмакратычных арганізацыяў, у тым ліку ў прыхільнікаў БНФ, у яе ёсьць ясныя адказы. Мы спадзяёмся, што Тацяна Караткевіч можа і будзе гэта рабіць — даваць больш канкрэтныя адказы, выяўляць больш сваю пазыцыю. У нас няма сумневаў, што асабістая пазыцыя Тацяны Караткевіч шмат у чым адпавядае нашым поглядам і яна слушная...

Цыганкоў: У вас ёсьць сумневы, што пазыцыя «Гавары праўду» не ўва ўсім адпавядае пазыцыі БНФ?

Янукевіч: Пазыцыя «Гавары праўду», безумоўна, не ўва ўсім адпавядае пазыцыі БНФ, бо «Гавары праўду» па шмат якіх пытаньнях, асабліва агульнанацыянальных, ня мае пазыцыі. Гэта не палітычная партыя, і яны сьвядома трымаюцца ўбаку ад таго, каб вызначацца па некаторых пытаньнях. Але мне здаецца, што больш падтрымкі ў грамадзтве Тацяна Караткевіч можа атрымаць — і, я спадзяюся, атрымае, — калі на нейкія пытаньні яна будзе адказваць ня ў стылі «гэта вырашаць людзі, гэта павінны быць паўнамоцтвы не прэзыдэнта». Мне здаецца, што людзі больш хочуць бачыць яе асобу, і мы менавіта ў гэтым кірунку імкнёмся зь ёй працаваць, каб яна больш выяўляла сябе як асобу падчас выбарчай кампаніі.

Цыганкоў: На пачатку размовы вы казалі пра патэнцыйна станоўчыя праявы выбарчай кампаніі. Магчыма, некаторыя зь іх ужо можна паспрабаваць ацаніць. Ці адбылася мабілізацыя актывістаў, прынамсі, у вас, у БНФ — або пераважаюць настроі пасіўнасьці і скептыцызму?

Янукевіч: Не, матывы скептычнасьці не пераважаюць. Ёсьць тыя, хто яшчэ не ўключыўся — гэта праўда. Але тое, што я бачу і што бачаць іншыя кіраўнікі партыі на рэгіянальных узроўнях, — людзі, якія пачынаюць уключацца, імкліва і вельмі хутка запальваюцца. Нехта прыходзіць на пікет і кажа — я пастаю гадзінку. І той, хто пастаяў гадзінку ў пікеце, з наступнага дня ўжо стаіць з раніцы да вечара. Бо гэтая рэальная праца вельмі чапляе людзей. Я сам, калі размаўляю зь людзьмі...

Цыганкоў: Самі стаіце ў пікетах?

Янукевіч: Безумоўна. І калі я чую пазытыўную рэакцыю, то гэта мне надае вельмі шмат сілаў. Бо на сёньня ў інтэрнэце найперш мы чуем абвінавачваньні і кпіны — «апазыцыя нямоглая, слабая, не трымаецца каштоўнасьцяў, ганьбіцца». Але такіх настрояў няма ў грамадзтве. І калі нашы актывісты сустракаюцца зь людзьмі і чуюць пазытыўныя водгукі — то гэта вельмі важна.

Цыганкоў: Натуральна, аднак, што да пікетаў кандыдатаў падыходзіць толькі пэўны працэнт людзей, і тут нельга рабіць высновы пра настроі ўсяго грамадзтва. Але і меркаваньне гэтага працэнта таксама вельмі цікавае. Як бы вы ацанілі настроі людзей, якія падыходзяць да вас — ці гэта лепш, ці горш за тое, чаго вы чакалі? Ці ідзе палітычная актывізацыя грамадзтва, на якую спадзяецца апазыцыя?

Янукевіч: Адназначна гэта лепш, чым мы чакалі. Вельмі мала нэгатыўных водгукаў. Людзі падыходзяць альбо з пазытывам, альбо адкрытыя і зацікаўленыя. Ёсьць тыя, хто ўжо падпісаў заяву на ўступленьне ў БНФ падчас пікетаў, ёсьць тыя, хто далучаецца да пікетаў і жадае дапамагаць, размаўляць зь людзьмі. Так што на сёньня для мяне відавочна, што адбываецца ня толькі актывізацыя сяброў партыі, але адбываецца і пашырэньне кола прыхільнікаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG