Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што казаў Лукашэнка ў інтэрвію Радыё Свабода 20 гадоў таму?


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Тады, падчас кульмінацыі выбарчай кампаніі 1994 году, з Аляксандрам Лукашэнкам гутарыла журналістка Свабоды Галіна Айзэнштат.

Напярэдадні другога туру выбараў 1994 году кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Лукашэнка казаў, што ходзіць «па лязе нажа» і выказваў занепакоенасьць, што вынікі галасаваньня могуць сфальсыфікаваць.

«З Расеі перакінута некалькі груп махінатараў і фальсыфікатараў выбараў, ім вельмі нават прыстойна заплачана. Там ёсьць, паводле нашай інфармацыі, і людзі з былых структур спэцслужбаў, якія сёньня нядобрую граюць ролю ў Рэспубліцы Беларусь, пачынаючы ад чутак да фармаваньня гэтай перадвыбарнай тактычнай барацьбы на гэты тыдзень (тыдзень да другога туру выбараў. — РС)», — заявіў ён.

На пачатку ліпеня 1994 году Лукашэнка казаў Свабодзе, што над ім і ягонай сям’ёй вісіць «рэальная пагроза»:

«Я ўжо, шчыра кажучы, акрамя аднаго маршруту — гасьцініца „Кастрычніцкая“ — Дом ураду, дзе я працую — ужо не перамяшчаюся па іншых маршрутах, і то пад узмоцненай аховай. Я нядаўна ноччу быў вымушаны вывезьці сваіх дзяцей — вельмі ўдзячны супрацоўнікам КДБ, якія аказалі мне ў гэтым дапамогу, своечасова паінфармаваўшы. Спазьніся мы на 30 хвілін — дзяцей бы ўзялі ў закладнікі. Дарэчы, мы сутыкнуліся з тымі людзьмі, якія туды выехалі на фальксвагенах і ўжо хадзілі там каля майго дому. Таму сытуацыя больш чым напружаная, больш чым сур’ёзная, пагрозы пастаянна нарастаюць. Я ўжо пачынаю адчуваць, што кальцо настолькі сьціснулася, усё вакол настолькі сьціснута, што ну яшчэ нейкі неасьцярожны рух — і адбудзецца нейкі выбух. Таму цяпер сапраўды ходзіш як па лязе нажа. І гэта ў нашым памяркоўным, дэмакратычным грамадзтве, як мы яго называем».

Але пры гэтым Лукашэнка дадаў, што ў выпадку паразы ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў эміграваць не зьбіраецца:

«Лукашэнка з рэспублікі не паляціць, яму эміграваць няма куды, у яго зямля адна. Я грамадзянін гэтай рэспублікі, я нарадзіўся тут і вырас, усе мае сваякі, маці мая нарадзілася і вырасла. Я знайду сабе месца тут, калі выбары будуць сфальсыфікаваныя. Мне яшчэ будзе 40, у мяне наперадзе яшчэ доўгае-доўгае жыцьцё. Але шкада будзе Рэспублікі Беларусь, якая надоўга-надоўга агорнецца цемрай, і вырваць яе з гэтых абдымкаў будзе ўжо значна складаней, чым цяпер».

XS
SM
MD
LG