Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брат кінуўся на дапамогу брату, які ўдарыў трубой міліцыянта. Старэйшаму брату — 20 гадоў калёніі, малодшаму — 12


У Менскім гарадзкім судзе разгледжана крымінальная справа двух братоў з Казахстану, якіх абвінавачвалі ў спробе ўцёкаў зь беларускага суду і ў замаху на забойства міліцыянтаў.

Старэйшага з братоў Віталя Папова суд прызнаў вінаватым у спробе ўцячы з-пад варты і замаху на жыцьцё міліцыянта ды асудзіў на 20 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Малодшы брат, Яўген Папоў, атрымаў ад суду 12 гадоў зьняволеньня за саўдзел у тых самых злачынствах, за якія асудзілі брата. Абодва паводле суду мусяць выплаціць 150 мільёнаў рублёў кампэнсацыі менскаму міліцыянту Аляксандру Букшту, які пацярпеў ад іхняга нападу.

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, таму цяжка з пэўнасьцю сказаць, што ж сапраўды адбылося ў Савецкім судзе 29 лістапада 2014 году. Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, якія зьявіліся яшчэ да суду, браты Паповы нібыта ўступілі ў змову адносна ўцёкаў. Пасьля абвяшчэньня прысуду за махлярства яны папрасіліся ў прыбіральню, адкуль іх адвялі ў канвойны пакой. Але там, паводле сьледзтва, Віталь Папоў дастаў з адзежы абрэзак трубы і ўдарыў ім ахоўніка. Тады, паводле матэрыялаў справы, на дапамогу старэйшаму брату кінуўся малодшы Папоў. Абодвух удалося сьцішыць толькі папераджальнымі стрэламі. Апошняе, магчыма, так і было — у прысудзе сапраўды фігуруюць дзьве стрэляныя гільзы і абрэзак трубы. Але ці была ў братоў Паповых папярэдняя змова і ці сапраўды яны зьбіраліся насуперак здароваму сэнсу ўцячы з-пад варты проста ў судзе?

Менскі гарадзкі суд 5 жніўня адказаў на гэтыя пытаньні станоўча, а вось абвінавачаныя змову і намер уцёкаў адмаўлялі да апошняга. Паводле зьвестак з суду, Віталь Папоў даводзіў, што выпадкова знайшоў кавалак трубы ў судовай прыбіральні і накінуўся зь ёй на міліцыянта «ў эмацыйным парыве» — гэтак яго абурыў прысуд у 8 гадоў за махлярства з аўтамабілямі, набытымі ў Беларусі. Ягоны брат Яўген казаў, што стаў сьведкам канфлікту і толькі «кінуўся на дапамогу», але рэальна нічога незаконнага супроць ахоўніка не зрабіў.

Пасьля прысуду Яўген Папоў актыўна распытваў адваката пра магчымасьць абскардзіць прысуд. Аднак адвакаты пакуль ня могуць з пэўнасьцю сказаць, ці будзе скарга пададзеная. Акалічнасьці справы адвакаты братоў Паповых не раскрываюць і яе вынік не камэнтуюць, спаслаўшыся на тое, што далі падпіску пра неразгалошваньне.

Судзьдзя Алена Шылько, якая выносіла прысуд, зрабіла прыватнае вызначэньне на адрас начальніка ўправы Сьледчага камітэту Менску, адзначыўшы пэўныя парушэньні закону з боку сьледчых падчас папярэдняга расьсьледаваньня справы братоў Паповых. У чым выявіліся гэтыя парушэньні, адвакаты братоў Паповых не ўдакладнілі.

Старэйшаму з братоў Паповых, Віталю, 36 гадоў. Ён пражываў у Алматы і ў Маскве. Яўген Папоў на 14 гадоў маладзейшы за брата. Ён таксама зарэгістраваны ў Алматы, а жыў апошнім часам у Маскоўскай вобласьці. Браты Паповы маюць вышэйшую адукацыю. У Беларусі, паводле сьледзтва, браты займаліся аўтабізнэсам, які Савецкі раённы суд палічыў махлярствам.

У жалезнай клетцы Віталь і Яўген Паповы трымаліся ўпэўнена, ніяк не дэманстравалі разгубленасьці адносна магчымага жорсткага прысуду — пракурор напярэдадні папрасіў для братоў 20 і 14 гадоў зьняволеньня. Перад абвяшчэньнем прысуду абодва падсудныя запратэставалі супроць фатаздымак, аднак ахоўнікі забаранілі ім выказваць пратэст. Тады браты адвярнуліся ад аб’ектываў фатакамэр.

На прысудзе ў справе братоў Паповых нікога са сваякоў ці знаёмых Віталя і Яўгена Паповых не было. Не прыйшлі ў суд і прадстаўнікі амбасады Казахстану ў Беларусі. За тым, каб Віталь і Яўген Паповы зноў не паспрабавалі ўцячы зь беларускага суду, сачылі 9 узброеных міліцыянтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG