Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Робэрт Конкўэст, чалавек травы

  • Аляксандар Лукашук

Робэрт Конкўэст. На здымку сярод кнігаў - выданьне Бібліятэкі Свабоды "Прыгоды АРА ў Беларусі"

Робэрт Конкўэст. На здымку сярод кнігаў - выданьне Бібліятэкі Свабоды "Прыгоды АРА ў Беларусі"

Памёр самы вядомы на Захадзе дасьледнік савецкага таталітарызму, публіцыст, паэт Робэрт Конкўэст (1917-2015). Публікуем фрагмэнт з кнігі Аляксандра Лукашука «Дзясяты паверх»​.

Мякка кажучы, ня самая лепшая ідэя — пытацца аўтара самага знакамітага ў сьвеце дасьледаваньня савецкага таталітарызму, якое вывучаюць ва ўсіх прыстойных унівэрсітэтах, паэта, якога перакладаў сам Рыгор Барадулін, чалавека, уганараванага за словы, якія ён напісаў на паперы, найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Эстоніі, Украіны — я мог бы, вядома, працягваць характарыстыкі, нават згадаць тут пра чатыры жонкі Конкўэста, — але ўжо са сказанага ясна, што задаваць такому суразмоўцу пры першай сустрэчы першае пытаньне пра правілы хаджэньня па газонах — ня самая лепшая ідэя.

Я задаваў і іншыя пытаньні — што было б, калі б Ленін пражыў яшчэ дзесяць год, ці не памыліўся яго любімы Оруэл з прыродай таталітарызму, чаму, на яго думку, Беларусь завязла ў багне савецкага мінулага — але напачатку спытаўся пра траву.

Галоўная праблема, якая цікавіла Конкўэста на пачатку XXI стагодзьдзя, была скажоная рэальнасьць: якім чынам нараджаецца адчужэньне і інтэлектуальная агіда да рэальных фактаў жыцьця

Гэта быў першы мой тыдзень у Гувэраўскім інстытуце, куды я прыляцеў як першы стыпэндыят ад Радыё Свабода. Канец жніўня, навучальны год пачынаецца толькі празь месяц, Стэнфардзкі ўнівэрсытэцкі гарадок пусты. Гарадок — гэта так называецца, насамрэч хутчэй раён, які раскінуўся на сотнях гектараў, які прарэзваюць асфальтавыя дарогі, роварныя дарожкі, акуратныя алеі, тратуары, выкладзеныя бэтоннай пліткай, а паабапал зелянее, нягледзячы на каліфарнійскае сонца, сакавітая трава, якую паліваюць тайныя водаправоды.

Па такой траве хочацца хадзіць ня толькі таму, што напрасткі бліжэй, але таму, што на ёй хочацца валяцца, рабіць пікнікі, гуляць у мяч ці фрызьбі — але кампус пусты, хто яго ведае, як тут прынята, у Амэрыцы нават піва п’юць з пакетаў, каб не арыштавалі.

На кніжнай паліцы ў заваленым паперамі, часопісамі, гранкамі офісе Конкўэста недзе стаяць кнігі Алеся Адамовіча, пераклады Васіля Быкава — імёны гэтых двух беларусаў гаспадар добра ведае, гэтаксама, як імёны Чарвякова, Галадзеда, Шаранговіча, Панамарэнкі, Цанавы, і мы пра іх яшчэ з ім пагаворым, але пазьней.

Галоўная праблема, якая цікавіла Конкўэста на пачатку XXI стагодзьдзя, была скажоная рэальнасьць: якім чынам нараджаецца адчужэньне і інтэлектуальная агіда да рэальных фактаў жыцьця, якая выяўляецца як нэгатыўныя ўтопіі (капіталізм дрэнны, глябалізм дрэнны, дэмакратыя дрэнная) і спалучаецца зь нецярпімасьцю і перакананасьцю ва ўласнай праваце. Ён не ідэалізаваў Захад — наадварот, падкрэсьліваў, што дзьве самыя разбуральныя ідэалёгіі XX стагодзьдзя былі параджэньнем заходняй культуры. Але рэалістычны погляд дазваляе бачыць насамрэч вартае і ведаць яму цану сярод акіяну прыкрасьцяў, несправядлівасьцяў і іншай недасканаласьці свабоды.

Конкўэст уступіў у брытанскую кампартыю дваццацігадовым, у 1937-м, выйшаў у 1948-м, жахнуўшыся ад пабачанага ў Баўгарыі і іншых сацыялістычных рэжымах. Ён стаў вывучаць гісторыю і вельмі хутка пераканаўся, што адкрытыя сталінскія працэсы, выкрыцьцём якіх ганарыўся Хрушчоў, — кропля ў моры злачынстваў калектывізацыі, галадамору і генацыду. Ад пачатку 1960-х Конкўэст ужо ўпэўнена пісаў пра распад СССР як пра нешта непазьбежнае і немінучае: рэжым радыкальна супярэчыць законам рэальнасьці, і яго канец — толькі пытаньне часу. Калі пасьля 1991-га ўзбуяла ўбогая хімера — маўляў, ніхто не прадказваў такога канца, усё магло быць іначай, ён апублікаваў падборку са сваіх кніг за два з паловай дзесяцігодзьдзі, якія са спакойнай перакананасьцю даводзілі, чаму, калі і як гэта адбудзецца. Бо гісторыя — навука. Іначай, як казаў адзін герой Дастаеўскага, які ж я капітан, калі Бога няма.

Конкўэст ня часта запрашаў наведнікаў у свой кабінэт, аддаючы перавагу засяроджанай працы ў цішы. Ад яго офіса да адведзенай мне дасьледніцкай кельлі ў Гувэраўскай вежы было мэтраў дзьвесьце, але я ня бачыў нават будынка: акно ня мылі зь мінулага дажджу, гады прыкладна тры, як удакладніла супрацоўніца з суседняга кабінэту. На другі дзень я знайшоў анучу, набраў вады, залез на падвоканьне і стаў мыць шыбы.

Аказалася, што гэта было самым правільным крокам, які адкрыў мне дзьверы ў замкнёны сьвет нобэлеўскіх ляўрэатаў, прэзыдэнцкіх дарадцаў, былых і будучых дзяржаўных сакратароў і, самае галоўнае, іх сакратарак. Верагодна, лічылася, што чалавек, які сам мые свае вокны, варты даверу.

Мая суседка па калідоры аказалася шматгадовай памочніцай Конкўэста, яе імя стаіць у прысьвячэньнях у ягоных кнігах, ён згадвае Эмі Дэсаі ва ўступах і заключэньнях, г. зн. самых інтымных месцах кнігі, якія аўтар піша для самога сябе.

Яна і завяла мяне да Конкўэста. На яго радзіме, у Вялікабрытаніі, ён быў вядомы перш за ўсё як дарадца Маргарэт Тэтчэр у справах СССР, яна пра яго цёпла піша ў сваіх мэмуарах, і я спытаўся — што ж такога мог гісторык парадзіць прэм’ер-міністру ў 1979-м, годзе пачатку аўганскай вайны, што не маглі штатныя палітычныя кансультанты, аналітыкі, міністры і дыпляматы.

— Гэта проста. Ва ўсіх справах з савецкім кіраўніцтвам трэба памятаць, што яны выглядаюць, як мы, апранаюцца, як мы, гавораць, як мы, — але яны не такія, як мы. Словы гучаць аднолькава, але ў іх яны азначаюць зусім ня тое, што думаем мы.

Тэтчэр неяк адразу ўспрыняла і зразумела, што ён сказаў — і разам з Рэйганам жалезнай рукой узяла за горла і трымала крамлёўскую братву, якая спрабавала па звычцы размахваць кулачкамі.

Раз на тыдзень той амэрыканскай восеньню я рабіў перадачу для радыё, якая называлася «Лісты з Каліфорніі», і музычнай тэмай была, канечне, непазьбежная баляда Eagles пра гатэль, у які можна пасяліцца, але немагчыма выпісацца. Страшнаватая мэтафара таго, што часам адбываецца пры сутыкненьні ілюзіі з рэальнасцю. Адзін зь «Лістоў» быў прысьвечаны Конкўэсту, а паколькі ён падарыў мне сваю кнігу паэзіі, дык я зрабіў падрадкоўнік верша, у назьве якога было слова «рэалізм», праўда, «сацыялістычны», і паслаў Рыгору Барадуліну, які пераклаў:

Бясплоднае й паліраванае
Паветра бразгоча ў затаі
Над палітычным горадам;
Барабаны, статуі,
Арганізацыя адсутнасьці
Любое любові.

«Арганізацыя адсутнасьці любові» — геніяльнае, па-мойму, вызначаньне сацыялізму і мноства іншых «ізмаў».

Вось, бадай, і ўсё. Пошта зрэдзьчас прыносіць мне падпісаную ім кнігу, я перадаю прывітаньні праз сваю сяброўку Эмі, паштоўкі ад якой працягваюць рэгулярна прыходзіць у Прагу, і калі мне ў розных месцах пры розных абставінах час ад часу робяць заўвагі, каб я не хадзіў па траве, я адказваю фразай рэаліста Конкўэста:

— Я ня думаю, што Бог стварыў мяне дзеля таго, каб я хадзіў па бэтонных плітах.

XS
SM
MD
LG