Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурора Нямеччыны адправілі ў адстаўку за абвінавачваньне журналістаў у дзяржаўнай здрадзе


Міністар юстыцыі Нямеччыны Хайке Маас
Міністар юстыцыі Нямеччыны Хайке Маас

Міністар юстыцыі Нямеччыны Хайке Маас адправіў у адстаўку генэральнага пракурора краіны Харальда Ранге, які абвінавачваў урад ва ўмяшаньне ў расьсьледаваньне справы аб дзяржаўнай здрадзе. Пра гэта паведамляе BBC.

Як заявіў міністар, давер да Ранге цалкам падарваны. Паводле яго словаў, зробленыя генпракурорам крокі непрымальныя і ствараюць у грамадзкасьці няправільнае ўяўленьне аб тым, што адбываецца.

На мінулым тыдні Ранге аддаў загад пачаць расьследаваньне ў дачыненьні да журналістаў сайту Netzpolitik.org ў сувязі з падазрэньнямі ў дзяржаўнай здрадзе і разгалошваньні дзяржаўнай таямніцы.

Расьследаваньне неўзабаве было прыпыненае, а Ранге заявіў, што яму неабходна заручыцца меркаваньнем незалежных экспэртаў аб тым, ці можна лічыць скандальную публікацыю на сайце Netzpolitik.org разгалошваньнем дзяржаўнай таямніцы.

Паводле Ранге, распараджэньне спыніць справу генпракуратура нібыта атрымала непасрэдна з Бэрліну.

Напярэдадні генэральны пракурор абвінаваціў урад у тым, што ён сваімі дзеяньнямі парушыў прынцып незалежнасьці судовай улады.

Раней на Netzpolitik.org былі апублікаваныя сакрэтныя матэрыялы, якія сьведчаць аб плянах Фэдэральнай службы па ахове канстытуцыі (BFV, нямецкая контрвыведка) пашырыць сачэньне ў інтэрнэце. У прыватнасьці, размова ішла аб павелічэньні фінансаваньня падобных праграмаў, а таксама аб стварэньні спэцыяльнага аддзелу, які б займаўся маніторынгам сацыяльных сетак.

Падставай для пачатку расьследаваньня дзейнасьці сайту Netzpolitik стаў зварот прадстаўнікоў контрвыведкі ў генэральную пракуратуру.

Кіраўнік BFV Ханс-Георг Маас ў мінулыя выходныя заявіў, што лічыць абвінавачваньні на адрас супрацоўнікаў Netzpolitik абгрунтаванымі, і настойваў на правядзеньні расьследаваньня справы аб дзяржаўнай здрадзе.

Рашэньне генкракурора Ранге пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да журналістаў выклікала хвалю абурэньня і пратэстаў у Нямеччыне, а найбуйнейшыя нямецкія газэты назвалі яго наступам на свабоду слова.

У адказ прадстаўнікі ўраду Нямеччыны былі вымушаныя запэўніць грамадзкасьць у тым, што забесьпячэньне свабоды слова было і застаецца найвышэйшым прыярытэтам дзяржавы.

Сайт Netzpolitik.org быў створаны ў 2002 годзе, яго рэдакцыя знаходзіцца ў Бэрліне.

Журналісты і блогеры сайту займаюцца расьсьледаваньнямі і называюць сябе «праваабаронцамі Сеціва».

Асноўныя тэмы публікаваных на Netzpolitik матэрыялаў — дзейнасьць спэцслужбаў, кантроль за інфармацыяй у інтэрнэце і абарона асабістых дадзеных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG