Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Аўтуховічу далі чатыры гадзіны на пошук адваката


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

У Горадні калегія абласнога суду разглядае справу аб падаўжэньні прэвэнтыўнага нагляду над былым палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам. Паколькі позву Аўтуховічу ўручылі толькі ўчора ўвечары, то сёньня ён папрасіў калегію судзьдзяў адкласьці паседжаньне, каб у суд мог даехаць адвакат зь Менску. Аднак калегія абвясьціла, што працэс працягнецца а 14-й гадзіне, і калі адвакат не даедзе, то Аўтуховічу дадуць дзяржаўнага абаронцу.

Ваўкавыскі раённы суд 17 ліпеня ўжо вынес рашэньне адносна прэвэнтыўнага нагляду над Аўтуховічам, адмовіўшы міліцыі падоўжыць яго. Аднак выканаўца абавязкаў пракурора Ваўкавыскага раёну вынес прыватны пратэст на пастанову суду. Аўтуховічу ўручылі позву ў суд на 6 жніўня. Але ўчора яму прынесьлі новую позву — зьявіцца ў абласны суд 5 жніўня.

З гэтае нагоды адмыслова для разгляду справы Аўтуховіча сабралася ў складзе трох судзьдзяў калегія абласнога суду. На пачатку паседжаньня Аўтуховіч заявіў хадайніцтва: перанесьці суд на заўтра, каб да яго мог даехаць адвакат зь Менску, які і павінен быў прыехаць на суд 6-га жніўня.

Калегія запатрабавала пісьмовую дамову з адвакатам, але Аўтуховіч ня мог яе прадставіць, бо яе павінны былі заключыць ягоныя сябры ў Менску. Ён толькі назваў судзьдзям прозьвішча адваката, які ўжо неаднойчы прадстаўляў у судзе ягоныя інтарэсы.

Супраць пераносу справы выступіў пракурор, аргумэнтуючы тым, што Аўтуховіч не прадставіў калегіі судзьдзяў пісьмовай дамовы з адвакатам. Калегія судзьдзяў адклала разгляд справы да 14-е гадзіны, і калі адвакат Аўтуховіча не даедзе зь Менску, яму дадуць дзяржаўнага абаронцу.

Вось як гэтае рашэньне пракамэнтаваў Свабодзе Мікалай Аўтуховіч:

— Яны не далі мне магчымасьці перанесьці паседжаньне, бо калі б яно адбылося заўтра, то ў іх ужо ня будзе магчымасьці наагул працягнуць прэвэнтыўны нагляд, бо заўтра ягоны тэрмін ужо сканчаецца, і я ўжо буду вольны. Дый на сёньняшні дзень у іх няма ніякіх падставаў працягваць нагляд, бо адзінае парушэньне, якое мне прыпісвалі, было ануляванае 1 жніўня ў сувязі з тэрмінам даўнасьці. Па-другое, пракурор, які вынес прыватны пратэст, нават ніколі ня бачыў мяне — і адкуль ён ведае, ці стаў я на шлях выпраўленьня, ці не? Быў жа суд, на ім разглядалі ўсе моманты, выступаў інспэктар, які ажыцьцяўляў за мною нагляд, выступаў пракурор. Ні ў кога тады ня ўзьнікла патрэбы працягваць мне тэрмін нагляду. І вось раптам нехта апамятаўся, прагледзелі Аўтуховіча, такога тэрарыста, а тут жа выбары на носе. Хоць я ўжо неаднойчы заяўляў, што ў выбарах удзельнічаць не зьбіраюся.

XS
SM
MD
LG