Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё будзе добра


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Упершыню з 2001 году Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію незалежным мэдыям.

Тады, 14 гадоў таму, кіраўнік дзяржавы, дбаючы пра перадвыбарчы піяр, запрасіў журналістак. Але Ірына Халіп і Марына Коктыш паводзілі сябе вельмі раскавана, паламалі ўвесь сцэнар, узьнік скандал. Лукашэнка пашкадаваў, што згадзіўся на тую авантуру, і, верагодна, зрабіў выснову, што так рызыкаваць больш ня будзе. У выніку 14 гадоў зь незалежнымі журналістамі ён не сустракаўся.

І вось цяпер кіраўнік дзяржавы парушыў гэтую традыцыю. Зноў выбарчая кампанія, зноў запрошаныя тры прадстаўнікі незалежных мэдыяў. За гэты час улады бясконцымі рэпрэсіямі супраць СМІ прывучылі журналістаў паводзіць сябе падкрэсьлена карэктна. Лукашэнка лягічна рассудзіў, што ня трэба страчваць магчымасьць апэляваць і да тых электаральных групаў, якія чытаюць незалежныя мэдыі. Тым больш, што пад уплывам украінскага крызісу частка людзей з дэмакратычнымі поглядамі гатовыя галасаваць за яго. Таксама ён палічыў, што ня варта ўхіляцца ад вострых пытаньняў, бо падчас выбарчай кампаніі іх усё роўна паднімуць ягоныя апанэнты.

Што тычыцца зьместу інтэрвію, то тут сэнсацыяў ніхто не чакаў. Усе адказы варта разглядаць з улікам выбарчай кампаніі. На пытаньне пра заробкі адказвае так, як і трэба гаварыць падчас выбараў: «Я ўпэўнены, што цягам году-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора. Нават калі сытуацыя на нашых традыцыйных рынках будзе такой жа, як цяпер». Цалкам магчыма, што ён сам у гэта верыць. За кошт чаго? Дык жа сказаў мінулым тыднем — маўляў, ня веру, што ў нас няма вялікіх запасаў нафты і газу. Вера — вялікая рэч.

Наступны сюжэт варты таго, каб яго прывесьці цалкам, бо тут Лукашэнка імкнецца стварыць нейкую паралельную рэальнасьць. «Ва Ўфе мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. Мы будзем праводзіць мадэрнізацыю больш спакойна і не пазычаць такія вялікія грошы. У гэтых даўгах шмат сродкаў, якія пайшлі толькі пад мадэрнізацыю. Гэтыя грошы не праядаюцца, мы іх выдаткавалі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў».

Не зусім зразумела, хто гэта «мы», але ня гэта галоўнае. Па-першае, даўгі растуць проста на вачах. За шэсьць месяцаў 2015 году дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся на 26,5%! Будуецца крэдытная піраміда на грэцкі ўзор. Па-другое, усе новыя крэдыты бяруцца дзеля рэфінансаваньня, то бок — каб вярнуць старыя даўгі. Кажучы па-іншаму, праядаюцца.

Вялікі сюжэт пра адносіны з Расеяй. Дарэчы, тэма «братняй інтэграцыі» амаль ніяк не прамаўляецца дзяржаўнымі мэдыямі падчас выбарчай агітацыі. Лукашэнка катэгарычна адрынуў вэрсію пра магчымасьць нападу Расеі на Беларусь. І псаваць адносіны з Масквой у перадвыбарчы пэрыяд ня варта. І, адначасова, трэба нэўтралізаваць папрокі апанэнтаў, якія закідаюць — маўляў, вось да якой небясьпекі прывяла палітыка інтэграцыі з Расеяй.

Калі раней Лукашэнка адносна канцэпцыі «русского мира» выказваўся супярэчліва, то цяпер ён быў адназначны і катэгарычны ў сваім адмоўным стаўленьні да гэтай ідэі. Бо заўсёды добра адчувае аўдыторыю і імкнецца ёй спадабацца.

А яшчэ ў адказе Лукашэнкі была такая фраза: Украіна падставілася. Маецца на ўвазе, што Беларусь не падставіцца, ня пойдзе на Захад, ня будзе ўчыняць Майдану і разбураць дзяржаўныя інстытуты.

Не абышлося безь лінгвістычных пэрлаў. Ну вось, напрыклад: «На нашай тэрыторыі дзьве абсалютна мірныя ваенныя базы».

Увогуле, інтэрвію на рэдкасьць міралюбнае. Лукашэнка нават калі казаў пра апазыцыю, то ня лаяўся, як гэта ён звычайна робіць. І рок-музыкантаў ня трэба забараняць, і беларускую мову гатовы падтрымаць. Душэўны чалавек. А галоўная выснова — усё будзе добра. Толькі прагаласуйце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG