Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сабраць школьніка нятанна. А куды падзецца — купляеш»


Школьныя базары пачалі зьяўляцца ў беларускіх гарадах. Ці дорага сабраць сёлета ў школу дзіця? Ці ёсьць выбар тавару? Што таньнейшае — беларускі тавар ці прывазны?

У Магілёве на школьным базары пакупнікоў пакуль няшмат. Шмат хто толькі прыцэньваецца — у спадзяваньні, што пазьней сабраць дзяцей у школу можа выйсьці ня так дорага. Тыя ж, хто ўжо прыдбаў тавары да школы, кажуць: сабраць сёлета школьніка нятанна. Бальшыня бацькоў прызнаюцца, што на школу адкладалі грошы ўсё лета.

«У нас трое дзяцей, дык мы ўсё лета рыхтаваліся, — кажа адна з наведніц базару. — На дачку, якая ў першую клясу ідзе, патрацілі тры мільёны. Спартовы гарнітур, школьная форма і партфэль... Для нас гэта дорага. Як у нас заробак чатыры».

«Калі сям’я шматдзетная, то падрыхтоўка да школы абыходзіцца дарагавата», — працягвае гутарку яшчэ адна маці школьніцы.

«Два мільёны — сабраць дваіх дзяцей у школу — гэта цалкам магчыма. З нашай зарплаты можна выдзеліць на школу толькі такую суму. Тут на базары пакуль ёсьць выбар. Можна знайсьці чаго і даражэйшага, і таньнейшага», — зазначае жанчына.

Пакупнікоў завабліваюць немудрагелістымі слоганамі

Пакупнікоў завабліваюць немудрагелістымі слоганамі

«У параўнаньні зь мінулым годам цэны падрасьлі, вядома ж, на школьнае, — дадае яшчэ адна наведніца базару. — Каб яшчэ і заробкі расьлі, то было б сюды-туды. А так дорага абыходзіцца школа», — робіць выснову суразмоўніца.

«Мы на партфэль толькі патрацілі шэсьцьсот тысяч, — абураецца яшчэ адна маці школьніцы. — На ўсё школьнае давядзецца патраціць мільёны тры, а можа і больш. Гэта дарагавата. Аднак мы хочам, каб наша дзіця выглядала ў школе добра і годна, таму будзем траціцца».

Многія бацькі заяўляюць, што стараюцца прывучыць дзяцей да ахайнасьці, каб школьная форма насілася не адзін сэзон. Некаторыя выказвалі незадаволенасьць, што ў школах дзеці прыбіраюць тэрыторыю без спэцыяльнага адзеньня і псуюць школьнае.

Прадаўцы школьных тавараў, пераважна жанчыны, таксама зьбіраюць сваіх дзяцей у школу. Не хаваюць, што яна абыходзіцца сямейнаму бюджэту нятанна.

«Вядома ж, дорага сабраць дзіця ў школу», — кажа прадавец школьнай формы.

«Мне каб сабраць дзіця ў другую клясу, патрабуецца мільёнаў пяць мінімум. З тым разьлікам, што трэба нагавіцы, спартовы гарнітур, красоўкі, зьменны абутак, а яшчэ кніжкі, сшыткі і гэтак далей. Гэта дорага. А калі старэйшыя клясы, то на іх трацяць яшчэ болей. Людзі купляюць ня дзьве рэчы, ня тры, а гэтак бяруць, каб было танна і хапіла на сэзон».

«Бяз двух мільёнаў на школьным базары рабіць няма чаго. Людзі незадаволеныя цэнамі, але ўсё адно купляюць, бо дзяцей жа трэба сабраць у школу», — зазначае яшчэ адна жанчына, якая прадае адзежу беларускай вытворчасьці.

Суразмоўніца прызнаецца, што ня ўсе задаволеныя выбарам тавару:

«Вядома ж, хацелася б, каб ён быў шырэйшы. Я трэці год працую, дык увесь час адзежа для школы аднатыпная. Калі хочацца ўбраць дзіця ў нешта элегантнае, то гэта ўжо праблема. Усё неяк стандартнае. Вы ж паглядзіце, адзін колер у адзежы. Пакупнікі заходзяць, глядзяць і бачаць сіні колер альбо чорны».

У продажы ёсьць і адзежа з нацыянальнай атрыбутыкай – арнамэнтам, мапай Беларусі

У продажы ёсьць і адзежа з нацыянальнай атрыбутыкай – арнамэнтам, мапай Беларусі

«Імпартнае адзеньне таньнейшае ў мяне. Вось маскоўскі гарнітур — „троечкай“ зроблены. У нас жа такога няма. Ён пяцьсот тысяч, — працягвае прадавец. — Наша ж адзежа — ад 650 тысяч і вышэй. Наша прадукцыя якасьцю лепшая за расейскую, але многія пакупнікі на цану вядуцца і купляюць прывазное».

Раней школьны базар у Магілёве ладзілі ў цэнтры гораду — насупраць гарвыканкаму. Потым чыноўнікі заявілі, што пасьля гандлю застаецца шмат сьмецьця, і базар перанесьлі ў Задняпроўе. Даехаць туды з цэнтру гораду няпроста. Адзін з мастоў на рамонце, нярэдка здараюцца заторы.

XS
SM
MD
LG