Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь просіць новых крэдытаў ад МВФ і Эўразійскага фонду стабілізацыі


Афіцыйны Менск жадае атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонду 2–3 млрд даляраў, а ад Эўразійскага фонду стабілізацыі — 3 млрд даляраў.

Пра гэта 4 жніўня заявіў на прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Павал Калаўр.

Нацбанк лічыць суму магчымага крэдыту ад МВФ у памеры 2–3 млрд даляраў найбольш прымальнай для вырашэньня праблемаў з плацёжным балянсам.

«Гаворка ідзе пра мэханізм пашыранага крэдытаваньня, створаны МВФ для вырашэньня доўгатэрміновых праблемаў з плацёжным балянсам. Гэты мэханізм прадугледжвае адпаведныя макраэканамічныя зьмены, накіраваныя на тое, каб плацёжны балянс краіны меў устойлівы характар», — цытуе Інтэрфакс кіраўніка Нацбанку.

Паводле Калаўра, дакладная сума крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця для Беларусі пакуль ня вызначаная і будзе залежаць ад магчымасьцяў фонду.

«Першапачаткова заяўка была на 3 млрд даляраў. Аднак канкрэтныя лічбы залежаць ад шэрагу фактараў, у прыватнасьці, магчымасьцяў фонду», — сказаў Калаўр.

Раней паведамлялася, што ў першай палове гэтага году Беларусь падала заяўку ў Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця на новы крэдыт у 3 млрд даляраў. На пачатку ліпеня Эўразійскі банк разьвіцьця паведаміў, што рыхтуе выснову па заяўцы на атрыманьне крэдыту.

У канцы ліпеня Мінфін Беларусі паведаміў, што на ягоны рахунак паступілі сродкі дзяржаўнага расейскага крэдыту на 760 млн даляраў для абслугоўваньня і пагашэньня крэдытаў, выдадзеных раней Беларусі Расеяй.

З 8 па 15 ліпеня ў Менску працавала група экспэртаў МВФ. Экспэрты і ўлады краіны дамовіліся працягнуць дыялёг па ключавых істотных і тэхнічных пытаньнях, якія неабходна дапрацаваць, каб забясьпечыць падрыхтоўку новай крэдытнай праграмы.

«Пры ўмове, што ў дадзенай працы будзе дасягнуты дастатковы прагрэс, візыт місіі для правядзеньня афіцыйных перамоў па праграме можа быць заплянаваны пазьней у гэтым годзе», — адзначалася ў паведамленьні МВФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG