Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Статкевіча ня бачыць сыгналаў, што мужа хутка вызваляць


Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

Пытаньне пра Мікалая Статкевіча можа быць вырашанае ў хуткім часе, заявіў Аляксандар Лукашэнка 4 жніўня ў сумесным інтэрвію «Эўрарадыё», «Радыё Свабода» і парталу tut.by.

«Я ня стану хітрыць, гэта пытаньне на парадку дня. Вырашыць гэта магу толькі я. Але я ня вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытаньне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У хуткім часе вы будзеце пра гэта ведаць. Калі другі варыянт, то часу шмат», — цытуе Лукашэнку «Эўрарадыё».

Паводле словаў кіраўніка дзяржавы, ён даваў Статкевічу магчымасьць напісаць прашэньне аб памілаваньні.

«Ён хоча быць у турме і выйсьці адтуль героем. Я яму даю такую магчымасьць, а вы кажаце — выпусьціць. І што мне рабіць? Я магу выпусціць, калі чалавек зьвернецца да мяне з прашэньнем, але ён не зьвяртаецца, таму што хоча быць героем», — зазначыў Лукашэнка.

Камэнтуючы паводле просьбы БелаПАН выказваньне кіраўніка дзяржавы, жонка зьняволенага палітыка Марына Адамовіч заявіла: адзінае, што можа прымусіць Лукашэнку датэрмінова выпусьціць з турмы Статкевіча, гэта патрэба ў новых зьнешніх запазычаньнях.

«Я нязьменна на працягу пяці гадоў паўтараю, што я не варажбітка і не магу ведаць, што ў іх у галовах. Адзінае, што я магу сказаць з упэўненасьцю: калі ня будзе грошай, безумоўна, Лукашэнка пытаньне вызваленьня Мікалая вырашыць. Гэта, напэўна, адзінае на сёньня, што можа садзейнічаць яго датэрміноваму вызваленьню», — падкрэсліла Адамовіч.

Пакуль, зазначыла жонка палітыка, ніякіх пазытыўных сыгналаў, якія сьведчылі б пра хуткае вызваленьне Статкевіча, яна не атрымлівала. «Я ўпэўненая, што ніякіх сыгналаў і ня будзе. Такія рэчы, як датэрміновае вызваленьне, здараюцца нечакана», — сказала Адамовіч.

Пры гэтым яна зьвярнула ўвагу на падзейны кантэкст апошніх дзён. «Мяне крыху зьдзіўляе вельмі высокая нечаканая актыўнасьць апошняга часу ў дачыненьні да Беларусі з боку амэрыканскіх і эўрапейскіх палітыкаў, бо зараз мёртвы палітычны сэзон, а да нас прыяжджаюць кангрэсмэны. Таксама вельмі зьдзівіла нечаканае скарачэньне санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу напярэдадні выбараў», — заўважыла Адамовіч.

«Дай Бог, няхай вызваляць — усё, што я магу сказаць», — дадала яна.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў траўні 2011 года на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбывае пакараньне ў магілёўскай турме. Тэрмін пакараньня Статкевіча заканчваецца ў сьнежні 2016 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG