Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: умовы ўтрыманьня палітвязьняў працягваюць выклікаць занепакоенасьць


У Беларусі на працягу ліпеня пазытыўных зьменаў у галіне правоў чалавека не назіралася.

Такую выснову робіць Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў традыцыйным штомесячным аглядзе па сытуацыі з правамі чалавека.

Праваабаронцы канстатуюць, што ў турмах па-ранейшаму знаходзяцца 6 палітвязьняў: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч і Юры Рубцоў. Пры гэтым умовы ўтрыманьня і ўзмацненьне ціску на палітвязьняў «працягваюць выклікаць асаблівую занепакоенасьць праваабарончых арганізацыяў».

У прыватнасьці, палітвязень Мікалай Дзядок утрымліваецца ў памяшканьні камэрнага тыпу, куды яго перавялі тэрмінам на 6 месяцаў, у камэры памерам 5 кв. мэтраў зь яшчэ адным зьняволеным. «Такія памеры камэры, хоць і адпавядаюць нацыянальным нормам, але для зьняволенага, які знаходзіцца там практычна кругласутачна, гэта зьяўляецца формай жорсткага абыходжаньня», — падкрэсьліваецца ў аглядзе.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў ліпені працягвалася практыка перасьледу незалежных журналістаў, якія ажыцьцяўляюць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. Усяго на працягу 2015 году было зафіксавана 26 выпадкаў прыцягненьня журналістаў да адміністрацыйнай адказнасьці ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі журналісцкай дзейнасьці. Пры гэтым агульная сума спагнаных судамі штрафаў склала каля 8 000 эўра.

Праваабаронцы таксама зьвяртаюць увагу на тое, што ў дакладзе Дзярждэпартамэнта ЗША, прысьвечаным пытаньням гандлю людзьмі і прымусовай працы, Беларусь была рэзка скрытыкаваная ў сувязі з наяўнасьцю фактаў прымяненьня прымусовай працы. Праваабарончы цэнтар «Вясна», у сваю чаргу, раней ня раз зьвяртаў увагу беларускай і міжнароднай супольнасьці на тое, што ў краіне прымяняецца прымусовая праца.

XS
SM
MD
LG