Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насупраць КДБ у Менску адбыўся пікет з партрэтамі палітзьняволеных і зьніклых


Насупраць будынку КДБ у Менску адбылася акцыя салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі і сваякамі зьніклых палітыкаў.

Яе правёў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька з паплечнікамі ў рамках збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Да акцыі далучыўся паэт і палітык Уладзімер Някляеў. Удзел бралі праваабаронцы і грамадзкія актывісты: Тацяна Равяка, Аляксандар Таўстыка, Віктар Карняенка, Мікалай Казлоў — усяго адзінаццаць чалавек. Яны надзелі майкі з надпісамі «Свабоду палітвязьням Беларусі», «Свабоду Мікалаю Статкевічу» і выстраіліся насупраць будынку КДБ з партрэтамі зьніклых — Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага, а таксама зьняволеных — Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка і іншых.

Неўзабаве пасьля пачатку акцыі Ўладзімер Някляеў праз узмацняльнік зьвярнуўся да мінакоў і прысутных журналістаў:

«Сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі з прадстаўнікамі незалежных СМІ журналісты запыталі ў Лукашэнкі, чаму ён не пайшоў на дыялёг з апазыцыяй. Лукашэнка адказаў: маўляў, а пра што мне зь імі размаўляць, пра што размаўляць з тым жа Някляевым? Дык вось пра гэта — пра тое, што ён гуляе ў нейкую свабоду і дэмакратыю, калі ў гэты час, да гэтай пары ў турмах, за кратамі сядзяць ні ў чым не вінаватыя людзі.

Без свабоды кожнага асобнага чалавека, без свабоды грамадзтва нельга збудаваць ніякай незалежнай краіны. Вось пра гэта перш за ўсё неабходна размаўляць і з апазыцыяй, і з усім грамадзтвам».

Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Някляеў

Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў таксама падкрэсьліў, што ў сытуацыі, калі ў Беларусі няма адкрытых, свабодных і справядлівых выбараў, ён лічыць важным выкарыстаць прэзыдэнцкую кампанію дзеля правядзеньня палітычных акцыяў.

Прамову Ўладзімера Някляева і Анатоля Лябедзькі, а таксама ўсё, што адбывалася падчас акцыі салідарнасьці, фільмавалі супрацоўнікі спэцслужбаў. Багата міліцэйскіх чыноўнікаў, пераапранутых у цывільнае, непасрэдна сачылі за ходам падзеі, але не перашкаджалі праводзіць акцыю. Анатоль Лябедзька ў гэтай сувязі сказаў:

«Сёньня мы ў цікавым месцы: за сьпінай у нас — Фэлікс, наперадзе — КДБ. І тое, і другое — сымбаль страху. Колькі часу прайшло, а людзі і сёньня баяцца: баяцца выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю, баяцца прыйсьці і стаць з партрэтамі скрадзеных, а таксама тых, хто цяпер у турме. З гэтага будынку распачынаўся шлях па СІЗА і турмах Статкевіча, Аліневіча, Дзядка — я сёньня хачу таксама назваць прозьвішчы ўсіх: Рубцоў, Пракапенка, Васьковіч, Бандарэнка. Узгадваем зьніклых — афіцэра Юрыя Захаранку, палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, журналіста Зьмітра Завадзкага. Пакуль ёсьць палітычныя вязьні, будуць такія акцыі. І гэта адказ Аляксандру Лукашэнку, які сёньня спрабаваў нешта гаварыць пра лібэралізацыю і дэмакратызацыю незалежным СМІ».

Акцыя доўжылася каля трыццаці хвілін і завяршылася без інцыдэнтаў. Як паведаміў Анатоль Лябедзька, акцыі салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі і сваякамі зьніклых палітыкаў будуць праходзіць і ў іншых гарадах і рэгіёнах Беларусі. У Менску днямі правядуць пікет пад назвай «Як працаўладкаваць Аляксандра Лукашэнку» — супраць дэкрэту № 3 аб дармаедзтве.

XS
SM
MD
LG