Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія перамовы па Ўкраіне цягнуліся 12 гадзінаў і працягнуцца сёньня


Прадстаўнік АБСЭ у трохбаковай кантактнай групе па Ўкраіне Марцін Сайдзік выйшаў да журналістаў а гадзіне ночы.

Ён паведаміў, што перамовы будуць працягнутыя і працоўная група па бясьпецы зьбярэцца 4 жніўня а 10 гадзіне. Падчас паседжаньня ізноў будзе абмяркоўвацца пагадненьне пра адвод танкаў і артылерыйскай зброі калібрам да 100 мм і мінамётаў калібрам да 120 мм.

Трохбаковая кантактная група сабралася на чарговае паседжаньне ў менскім Прэзыдэнт-гатэлі 3 жніўня. Агулам праца групы доўжылася больш за 12 гадзін.

У першай палове дня адбылася сустрэча каардынатараў працоўных груп па пытаньнях бясьпекі, гуманітарных, палітычных і эканамічных пытаньнях.

Паседжаньне трохбаковай кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў т. зв. ДНР і ЛНР пачалося каля 17 гадзіны па менскім часе. Пасьля яго завяршэньня працягнулася праца групы па пытаньні бясьпекі.

Падпісаньне пагадненьня чакалася яшчэ 21 ліпеня

Напярэдадні сустрэчы Групы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паставіў задачу падпісаць пагадненьне пра адвод цяжкіх узбраеньняў калібрам менш за 100 мм не пазьней за 3 жніўня, і пазьней неадкладна прыступіць да яго імплемэнтацыі. Аднак пагадненьне яшчэ не падпісанае, а праца групы працягнутая.

Падпісаньне пагадненьня чакалася яшчэ 21 ліпеня, калі ў паседжаньні прымаў удзел старшыня АБСЭ Івіца Дачыч. Пакінуўшы паседжаньне раней, ён нават заявіў, што пагадненьне будзе падпісанае ўвечары. Аднак пазьней прадстаўнік АБСЭ ў Групе Марцін Сайдзік заявіў, што дасягнутая толькі дамоўленасьць пра пагадненьне, а самога падпісаньня не адбылося.

Камэнтуючы вынікі паседжаньня 3 жніўня, амбасадар Марцін Сайдзік адзначыў, што група па эканамічных пытаньнях дасягнула дамоўленасьцяў па двух блёках пытаньняў: водазабесьпячэньне ў Данецкай і Луганскай абласьцях і ўзнаўленьне чыгуначнай камунікацыі. Паводле Сайдзіка, на наступным тыдні будзе распрацаваны графік прац па разьмінаваньні і ўзнаўленьні чыгуначнай інфраструктуры на ўчастку Мікітаўка і Маёрск, які зьяўляецца важным для ажыцьцяўленьня паставак вуглю. Для ўзнаўленьня будуць прыцягнутыя ўсе бакі, у тым ліку Данецкая чыгунка.

Гуманітарная група абмяркоўвала ўмовы для найхутчэйшага ўзнаўленьня працы КПП празь лінію сутыкненьня Луганскай вобласьці, якія цяпер закрытыя для руху транспарту і грамадзкага насельніцтва.

Палітычная падгрупа працавала па накірунках статусу асобных рэгіёнаў Данбасу, правядзеньні выбараў у гэтых рэгіёнах і зьменаў у Канстытуцыі.

Паводле крыніцаў, удзельнікі трохбаковай кантактнай групы ў ноч з 3 на 4 жніўня заставаліся ў Менску. Ці зьбярэцца Трохбаковая кантактная група 4 жніўня пасьля паседжаньня працоўнай групы па бясьпецы, не вядома.

XS
SM
MD
LG