Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве прэзыдэнтам Украіны хочуць бачыць «Аленя»


Былы кіраўнік украінскага ўраду Мікалай Азараў на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве абвясьціў аб стварэньні Камітэту выратаваньня Ўкраіны.

Арганізацыя заклікае да адстаўкі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка і выступае за правядзеньне датэрміновых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. Азараў сам узначаліў Камітэт. Паводле яго, у арганізацыю ўвайшлі і палітыкі, якія жывуць ва Ўкраіне, але называць іх ён адмовіўся, заявіўшы, «што гэта вельмі небясьпечна». На пасаду прэзыдэнта «Камітэт выратаваньня Ўкраіны» вырашыў вылучыць былога дэпутата Вярхоўнай Рады Ўладзімера Алейніка, які прысутнічаў на прэс-канфэрэнцыі.

Членамі «Камітэту выратаваньня Ўкраіны» таксама сталі былыя дэпутаты Вярхоўнай Рады Ігар Маркаў і Алег Цароў. Як і Алейнік, яны хаваюцца ад украінскага правасудзьдзя ў Расеі. Цароў да нядаўняга часу ўзначальваў «парлямэнт Наваросіі», яго офіс разьмешчаны ў цэнтры Масквы.

Што да вылучанага на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Алейніка, дык яшчэ ў канцы 1990-х гадоў былы судзьдзя і былы мэр Чаркасаў ужо заяўляў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Тады паведамлялася пра сувязі Алейніка з крымінальным сьветам — у міліцэйскіх зводках ён фігураваў пад мянушкай «Алень». Алейнік жыве ў анэксаваным Расеяй Крыме, ён — суаўтар двух зь пяці законаў Януковіча ад 16 студзеня 2014 году, якія выклікалі абурэньне ва ўкраінскім грамадзтве.

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка


Заявы Азарава камэнтуе кіраўнік Цэнтру палітычных даследаваньняў «Пэнта» Уладзімер Фясенка:

— Уладзімера Алейніка ня варта ўспрымаць як нейкую значную фігуру. Супраць яго ва Ўкраіне адкрыта некалькі крымінальных спраў. Стварэньне Камітэту, вядома ж, зроблена ў інтарэсах расейскай прапаганды, але наўрад ці яго дзейнасьць будзе мець нейкі розгалас, а ўжо тым больш атрымае нейкі ўплыў на палітычныя працэсы ва Ўкраіне. Успрымаць Камітэт будуць з іроніяй. Нехта будзе запаўняць «урадам Азарава ў выгнаньні» нейкую інфармацыйную паўзу, паколькі палітычных навін зараз ня так шмат, вакацыі. Першая палова жніўня заўсёды гэткі мёртвы сэзон у палітычным працэсе.

Кіраваць «Камітэтам выратаваньня Ўкраіны» і фактычна яшчэ адным ценявым урадам (ва Ўкраіне ўжо ёсьць апазыцыйны ўрад на чале з Барысам Калесьнікавым) будзе былы прэм’ер-міністар Мікалай Азараў. 19 студзеня 2015 Пячэрскі райсуд Кіеву санкцыянаваў яго арышт. Генэральная пракуратура інкрымінуе былому кіраўніку ўраду перавышэньне ўлады і прысваеньне або растрату маёмасьці ў асабліва буйных памерах. Азараў цяпер жыве ў Падмаскоўі. Паводле толькі адной крымінальнай справы супраць Азарава, на замежныя рахункі ягонага сына Аляксея за два гады прэм’ерства зь невядомых пакуль крыніц пералічана да 10 мільёнаў эўра. Сям’я Азарава, як піша ўкраінская прэса, мае тры дамы ў Аўстрыі і яшчэ два дамы — у Італіі. Пошукі замежнай нерухомасьці былога ўкраінскага прэм’ера працягваюцца.

— На Украіне выдатна разумеюць, што ў Азарава няма ніякіх шанцаў вярнуцца дадому ў ролі палітычнага пераможцы, — лічыць Уладзімер Фясенка. — Вярнуцца ён можа толькі на брані расійскіх танкаў. Таму палітычных шанцаў у яго няма. Палітычная папулярнасьць Азарава была ня вельмі высокай і ў той час, калі ён быў прэм’ерам. Ён быў адной з найбольш прыкметных постацяў у рэжыме Януковіча, але ўсё ж ня быў харызматычным і папулярным палітыкам нават у той час, а ўжо тым больш цяпер. Цяпер ён знайшоў прытулак у краіне, якая фактычна вядзе хай і неабвешчаную, але вайну супраць Украіны, і, натуральна, успрымаецца як памагаты ворага.

XS
SM
MD
LG