Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выкарыстаў беларускую мову. Камуніст, эканаміст, казак — не


Тры прэзыдэнцкія кампаніі — 2001, 2006 і 2010 году — Аляксандар Лукашэнка праводзіў пад расейскамоўным лёзунгам «Вместе за сильную и процветающую Беларусь». І вось сёлета лёзунг кардынальна зьменены, і на плякатах па зборы подпісаў выкарыстоўваюцца два варыянты, расейскамоўны і беларускамоўны: «За будущее независимой Беларуси» і, адпаведна, «За будучыню незалежнай Беларусі».

Чаму ў кіраўніка дзяржавы адбыўся такі паварот да беларускай мовы і якую мову на пікетах па зборы подпісаў выкарыстоўваюць іншыя прэтэндэнты, якія заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Зьбіральнікі подпісаў стаяць звычайна ў шматлюдных месцах, побач відаць і дзяржаўныя чырвона-зялёныя сьцягі, і бел-чырвона-белыя. Мова таксама розная, але пэўныя тэндэнцыі праглядаюцца. Да прыкладу, пікеты па зборы подпісаў за Сяргея Калякіна, Мікалая Ўлаховіча, Віктара Цярэшчанку аформленыя выключна па-расейску.

Валер Ухналёў, кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні Сяргея Калякіна, такім чынам абгрунтаваў пазыцыю Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет»:

«Ніякай палітыкі тут няма. У нас, як звычайна, усё вядзецца на расейскай мове. У нас нават і пытаньня такога не ўзьнікала — рабіць усё на расейскай мове ці на беларускай. Вось вы зараз задалі мне пытаньне, а мы пра гэта і не задумваліся. Ёсьць людзі ў партыі, якія размаўляюць па-беларуску і на пікетах стаяць. Але адмыслова штосьці рабіць мы не плянавалі».

Кіраўнік менскага штаба Тацяны Караткевіч Яраслаў Берніковіч адзначыў, што кандыдатка беларускамоўная і пры зборы подпісаў выкарыстоўваюцца абедзьве дзяржаўныя мовы. Спадар Берніковіч заўважыў адну акалічнасьць:

«Стаўленьне да беларускай мовы нармальнае, і калі чалавек хоча аддаць подпіс, беларуская мова яго не спыняе. А вось зь беларускамоўнымі адбываецца часам наадварот: калі стэнд аформлены па-расейску, пачынаюць прыдзірацца — маўляў, „я б паставіў подпіс, але тут па-расейску...“ БНФ увогуле зьбірае подпісы прынцыпова на беларускай мове».

Леў Марголін, кіраўнік перадвыбарчага штабу Анатоля Лябедзькі, распавёў, што ўсё залежыць ад таго, хто стаіць на пікетах:

«Мы ня можам дыктаваць нейкую агульную палітыку, бо ў нас ёсьць людзі, якія размаўляюць па-беларуску, ёсьць людзі, якія ня ведаюць беларускай мовы. У нас няма такога багатага выбару, каб мы маглі паставіць на ўсе пікеты па адным беларускамоўным і па адным расейскамоўным. Па сытуацыі. Калі я асабіста стаю на пікеце і да мяне падыходзіць чалавек, які зьвяртаецца па-беларуску, я яму адказваю таксама па-беларуску».

Таварыства беларускай мовы напярэдадні выбараў выступіла са зваротам да ўдзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі, у якім адзначае, што «найважнейшы складнік нацыянальнай культуры і незалежнасьці краіны — беларуская мова — перажывае надзвычай складаны пэрыяд», і таму прапануе ўсім патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты ўключыць у свае выбарчыя праграмы канкрэтныя абяцаньні: прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, адкрыць у Менску Нацыянальны ўнівэрсытэт з выкладаньнем усіх прадметаў на беларускай мове, у кожным райцэнтры адкрыць беларускамоўную школу або гімназію, вярнуць выкладаньне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.

Што да выкарыстаньня мовы патэнцыйнымі кандыдатамі, старшыня ТБМ Алег Трусаў падзяліўся сваімі назіраньнямі:

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Мова заўжды ўплывала і ўплывае. І сам факт павелічэньня беларускамоўнай прадукцыі ў перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі кажа пра тое, што ягоныя сацыёлягі, аналітыкі дарма грошы не атрымліваюць. Павага да мовы ў грамадзтве вырасла, і яны гэтым скарысталіся. У адрозьненьне ад Калякіна. Яны людзі пазаўчорашняга дня, і нічога зь імі ня зробіш. Я бачыў пікеты Цярэшчанкі, там таксама я ня бачыў ні слова па-беларуску.

За Караткевіч я бачыў два варыянты: ёсьць расейскамоўныя пікеты і ёсьць цалкам беларускамоўныя. І калі расейскамоўныя, то яны безь бел-чырвона-белага сьцяга і стаяць побач зь пікетамі Лукашэнкі, пад сьцягам дзяржаўным. Калі беларускамоўныя — то вісіць бел-чырвона-белы сьцяг і каля Лябедзькі».

Карэспандэнтка: «Ваша меркаваньне: гэта прадумана так?»

«Я так бачыў. Я ня ведаю, прадумана ці не, але з боку выходзіць даволі сьмешнавата.

У АГП беларускай мовы вельмі мала. Там у асноўным пераважае расейская. Мы сустракаліся з Анатолем Лябедзькам, гутарылі, паслалі яму нашы прапановы, ён біў сябе ў грудзі, казаў, што беларускую мову будзе выкарыстоўваць актыўна, а на практыцы ўсё наадварот».

Алег Трусаў распавёў, што быў відавочцам карціны, калі актывісты кампаніі «Гавары праўду» завезьлі ва Ўправу БНФ стэнды, плякаты і дакумэнты — па-расейску. Тады сябры партыі БНФ, якая падтрымала Тацяну Караткевіч, адмовіліся працаваць. І толькі пасьля гэтага канфлікту пачалі друкаваць беларускамоўныя плякаты і шыльды.

XS
SM
MD
LG