Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бінарны набор «перамога-параза» не вычэрпвае вынікі палітычнага працэсу. Піша Юры Дракахруст

У 1994 годзе падчас выбарчай кампаніі аўтара гэтых радкоў паклікалі на тэлепраграму БТ, дзе задалі пытаньне, ці прыйдуць выбарнікі на выбары. Я адказаў, што, безумоўна, прыйдуць, паколькі на прэзыдэнцкіх выбарах беларусы абіраюць ня нейкіх ня вельмі зразумелых ім дэпутатаў, а бацьку.

Сказаў трошкі жартам. Але неўзабаве пасьля гэтага, ужо пасьля выбараў, новасьпечаны тады кіраўнік дзяржавы заявіў у інтэрвію Андрэю Каравулаву: «Я для беларусаў не прэзыдэнт, я для беларусаў бацька».

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Потым гэта вызначэньне цытавалі незьлічоную колькасьць разоў — як з плюсам, гэтак і з іроніяй і зьдзекам. Але яно і на самай справе даволі дакладна перадае стаўленьне беларусаў да вярхоўнай улады.

Прычым, не асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, а да вярхоўнай улады як такой.

Гэта, у прыватнасьці, выяўляецца ў больш высокай яўцы менавіта на прэзыдэнцкія выбары, што фіксуецца і афіцыйнымі дадзенымі ЦВК, і вынікамі сацыялягічных апытаньняў.

Зрэшты, гэтыя дадзеныя нярэдка па розных прычынах падвяргаюцца сумневу. Аднак калі зьвярнуцца да досьведу суседняга ўкраінскага народу, блізкага беларусам па культуры, у тым ліку і палітычнай, то і там назіраецца тая ж заканамернасьць. У прыватнасьці, на парлямэнцкіх выбарах 2012 і 2014 гадоў яўка там складала 53% і 57% адпаведна, на прэзыдэнцкіх 2010 і 2014 гадоў — 67% і 60%. Грамадзтва можа знаходзіцца ў стадыі палітычнага ўзбуджэньня або спакою, аддаваць перавагу лідэрам рознай палітычнай арыентацыі, але стаўленьне да розных інстытутаў дзяржаўнай улады захоўваецца: прэзыдэнт — галаўнейшы, важнейшы.

Дарэчы, гэтыя адносіны, вымераныя празь яўку на выбары, іншыя ўжо ў суседзяў-палякаў. Там яўка на парлямэнцкіх выбарах у 2007 і 2011 гадах складала 54% і 60%, на прэзыдэнцкіх выбарах у 2010 і 2015 гадах — 56% і 54%. Перавагі прэзыдэнцкіх выбараў там не назіраецца.

Тым ня менш, гатоўнасьць ісьці на выбары досыць высокая.

Праўда, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы ў Польшчы невялікія, што можа тлумачыць адносна ўмераную цікавасьць да яго абраньня. Але прэзыдэнт зусім ня ўсеўладны і ва Ўкраіне. Так што той факт, што ўкраінскае стаўленьне да гіерархіі інстытутаў улады падобнае на беларускае, а не на польскае, тлумачыцца ўсё ж блізкасьцю палітычнай культуры, а не разьмеркаваньнем паўнамоцтваў паміж гэтымі інстытутамі.

На думку некаторых, на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў гэтым годзе ўсё ўжо перадвырашана. Адны прыхільнікі такога погляду спасылаюцца на своеасаблівую сыстэму падліку галасоў, іншыя — на палітычную перавагу дзейнага прэзыдэнта і слабасьць яго апанэнтаў.

Тым ня менш, гатоўнасьць ісьці на выбары досыць высокая. У чэрвеньскім 2015 году апытаньні НІСЭПД 35% апытаных сказалі, што дакладна пойдуць галасаваць, і яшчэ 37% — што хутчэй за ўсё пойдуць. Можна супаставіць гэтыя дадзеныя з вынікамі апытаньня ў сьнежні 2005 году (за 2.5 месяцы да выбараў), калі быў адзіны кандыдат ад апазыцыі (скажам так — «амаль адзіны») і кампанія мела інтрыгу: тады 49% апытаных на пытаньне, ці пойдуць яны на выбары, адказалі «так», 37% — «хутчэй за ўсё так».

Гатоўнасьць галасаваць сёлета прыкметна ніжэй, чым амаль 10 гадоў таму, але і зараз яна досыць высокая.

Чаму ж людзі гатовыя ўдзельнічаць у мерапрыемстве, вынік якога ўяўляецца перадвызначаным?

Тут прыгадваецца крыху цынічная фраза амэрыканскага палітыка Эдлая Стывэнсана, які ў 50-х гадах ХХ стагодзьдзя двойчы супернічаў з Дуайтам Эйзэнхаўэрам за Белы дом. Стывэнсан быў кумірам амэрыканскіх інтэлектуалаў, пасьля аднаго зь яго перадвыбарчых выступаў да яго падышла ўзрушаная выбарніца і сказала: «Усе разумныя людзі Амэрыкі будуць галасаваць за Вас!» «Дзякуй, — адказаў палітык, — але мне патрэбная большасьць».

І матывы ўдзелу ў выбарах у гэтай непалітызаванай большасьці могуць быць вельмі своеасаблівыя.

Так што, наагул кажучы, гэта не менавіта беларусы такія, гэта наагул людзі такія. Зрэшты, з такім стаўленьнем да народу і нядзіўна, што Стывэнсан двойчы прайграваў куды менш вытанчанаму на выгляд Эйзэнхаўэру. Але працытаваная фраза мае рацыянальны сэнс. Ужо разумныя там ці не занадта, але праўда тое, што асноўная маса народу пра палітыку задумваецца рэдка. Аднак гэта ня значыць, што яна ня мае пра палітыку зусім ніякіх уяўленьняў, проста яе ўяўленьні даволі моцна адрозьніваюцца ад уяўленьняў «прасунутых», палітызаваных груп насельніцтва.

І матывы ўдзелу ў выбарах у гэтай непалітызаванай большасьці могуць быць вельмі своеасаблівыя. Для некага выбары, якога б характару яны ні былі, гэта альтэрнатыва безуладзьдзю, хаосу, вайне ўсіх супраць усіх. Для іншых гэта своеасаблівая прысяга на ляяльнасьць ня столькі дзейнаму кіраўніку дзяржавы, колькі сваёй дзяржаве як такой, нароўні з выплатай падаткаў і службай у арміі. Для трэціх — абавязак і магчымасьць раз у 5 гадоў паўдзельнічаць сваім голасам у кіраваньні дзяржавай, у «агульнай справе» (па латыні res publika), выказаць свае адносіны да таго, як ідуць справы ў дзяржаве. Гэтая магчымасьць для многіх ўяўляе каштоўнасьць не таму, што, на іх думку, гэтая магчымасьць уплыву на хаду дзяржаўных справаў рэальная, а таму што іншыя ўяўляюцца менш прымальнымі.

У тым жа чэрвеньскім апытаньні НІСЭПД на пытаньне, які варыянт пераменаў у Беларусі ўяўляецца пажаданым, 10% назвалі вулічныя пратэсты, 28% — рэфэрэндум, а 49% (амаль кожны другі) — выбары. Ну дык вось на выбары людзі і гатовыя ісьці.

Выбарчая кампанія — рэдкі выпадак сустрэчы «разумных людзей» (паводле Стывэнсана) з усімі астатнімі. Дарэчы, перавагі гэтых астатніх (а дакладней — усіх разам) не настолькі адназначныя, як здаецца на першы погляд.

Згодна з ужо цытаваным чэрвеньскім апытаньнем НІСЭПД, падчас яго правядзеньня за Аляксандру Лукашэнку былі гатовыя галасаваць 39% апытаных (закрытае пытаньне), за пяцёрку яго апанэнтаў (Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Сяргей Калякін, Тацьцяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька) у суме — 24%. Амаль кожны чацьвёрты выбарнік — гэта меншасьць, але досыць вялікая. Дарэчы, паводле апытаньняў к верасьні 2010 году (за 3 месяцы да выбараў) за 14 апанэнтаў А. Лукашэнкі (сярод якіх былі як тыя, што ўзялі ўдзел у выбарах, гэтак і тыя, што не ўзялі) былі гатовыя галасаваць 27% рэспандэнтаў. Гэта ня вельмі адрозьніваецца ад сытуацыі гэтага году таксама за 3 месяцы да галасаваньня і сьведчыць хутчэй пра стабільнасьць электаральнага ляндшафту — альтэрнатыву выбірае прыкладна чвэрць беларусаў.

Уяўляе цікавасьць аналіз таго, хто які выбар робіць.

Табліца чытаецца па гарызанталі, дадзеныя прыводзяцца ў працэнтах, апазыцыйная альтэрнатыва — сумарны электарат С. Калякіна, Т. Караткевіч, А. Лябедзькі, У. Някляева і М. Статкевіча

Табліца чытаецца па гарызанталі, дадзеныя прыводзяцца ў працэнтах, апазыцыйная альтэрнатыва — сумарны электарат С. Калякіна, Т. Караткевіч, А. Лябедзькі, У. Някляева і М. Статкевіча

Дзейны прэзыдэнт мае пераканаўчую перавагу сярод «слабых» сацыяльна-дэмаграфічных групаў — асобаў сталага ўзросту, зь нізкай адукацыяй, жыхароў вёскі. Аднак няправільнае ўяўленьне, што толькі яны за яго і гатовыя галасаваць. Па-першае, ўсё ж ня толькі за яго, а, па-другое, і сярод «моцных» групаў ён канкуруе з аб’яднанай альтэрнатывай на роўных, па некаторых пазыцыях пераўзыходзячы яе. Аналягічная сытуацыя з уплывам на выбар ацэнак эканамічнага становішча краіны: сярод тых, хто канстатуе наяўнасьць крызісу, папулярнасьць прэзыдэнта і яго апанэнтаў прыкладна роўныя, сярод тых, хто ня лічыць, што беларуская эканоміка ў крызісе, прэзыдэнт пераўзыходзіць супернікаў у 4 разы.

Кантрастнымі фактарамі аказваюцца геапалітычны выбар і адчуваньне абароненасьці / неабароненасьці ад свавольства дзяржструктураў: сярод тых, хто робіць выбар на карысьць Расеі і ня скардзіцца на чынавенскае свавольства, А. Лукашэнка пераўзыходзіць апанэнтаў у разы, сярод праэўрапейцаў і тых, хто свавольства ўлады заўважае, кіраўнік дзяржавы прыкметна саступае аб’яднанай альтэрнатыве.

Насуперак распаўсюджанаму ўяўленьню пра ўплыў на палітычны выбар эканамічных умоваў, з прыведзеных дадзеных відаць, што большы ўплыў аказваюць каштоўнасьці, у прыватнасьці, ўяўленьні аб справядлівасьці дзяржавы і правільнасьці абранага геапалітычнага курсу. Эканамічнае становішча, зразумела, таксама ўплывае, але і крызіс не пазбаўляе надзеі на тое, што зь ім справіцца і дзейная ўлада. А вось адчуваньне несправядлівасьці, няправільнасьці ва ўнутранай і зьнешняй палітыкі спараджае гатоўнасьць аддаць перавагу альтэрнатыве.

Прэзыдэнцкія выбары ў любой краіне — не самы спрыяльны спосаб для таго, каб голас меншасьці быў пачуты.

На паверхні электаральнага працэсу — сакрамэнтальнае беларускае пытаньне «Хто, калі ня ён», пытаньне, ці зможа апазыцыя аб’яднацца (адмоўны адказ ужо вядомы), парадак падліку галасоў. У глыбіні — інтарэсы вялікіх сацыяльных групаў, што пераканаўча паказвае табліца, якая прыведзеная вышэй. Людзі не чытаюць перадвыбарчых праграмаў, аднак маюць уяўленьне аб тым, які парадак падзелу грамадзкага «пірагу» і якія шляхі яго прырашчэньня зьвязаныя з тым ці іншым палітыкам. І аддаюць перавагу таму варыянту, пры якім іх доля павялічыцца або, прынамсі, не паменшыцца. «Пірог» у дадзеным выпадку — ня толькі матэрыяльныя даброты, але і якасьць, умовы жыцьця.

Прэзыдэнцкія выбары ў любой краіне — не самы спрыяльны спосаб для таго, каб голас меншасьці быў пачуты. І ў дэмакратычных і ў ня вельмі дэмакратычных краінах прынцып гэтых выбараў — пераможца атрымлівае ўсё. Аднак гэта момант, калі меркаваньне меншасьці можа быць выразна агучанае і пачутае прынамсі ўсім грамадзтвам. І пераможцам на выбарах таксама.

Бінарны набор «перамога-параза» не вычэрпвае вынікі палітычнага працэсу.

​Як сьпяваў Уладзімір Высоцкі ў сваёй «Алісе ў краіне цудаў»: «Что остается от сказки потом, после того, как ее рассказали?» Што застанецца ад «казкі» беларускіх выбараў-2015?

Бінарны набор «перамога-параза» не вычэрпвае вынікі палітычнага працэсу. Гісторыя ведае выпадкі, калі меншасьць не перамагала, але прымушала з сабой лічыцца, зьмяняла стаўленьне, меркаваньне большасьці і ўлады. На выбарах 2015 гэта было б, мабыць, аптымальным і пры гэтым у прынцыпе дасягальным вынікам.

Перадрук з парталу TUT. BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG