Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зьняў санкцыі з 24 беларускіх судзьдзяў і чыноўнікаў. «Ствараецца спрыяльны фон для супрацы» — экспэрт


Эўразьвяз выключыў са сьпісу беларускіх грамадзян, у дачыненьні да якіх уведзеныя візавыя і фінансавыя санкцыі, 24 асобы.

Са сьпісу выключаныя Натальля Пяткевіч, Леанід Мальцаў, Генадзь Нявыглас, Анатоль Рубінаў, Яўген Полудзень, Уладзімір Палуян, Аляксей Васільеў, Юрый Пракопаў, Сяргей Абламейка, Тамара Алпеева, Генадзь Падгайскі, Міхаіл Батура.

Акрамя таго, са сьпісу выключаныя судзьдзі Андрэй Бараноўскі, Алена Ананіч, Вольга Гусакова, Мікалай Балаўнёў, Алена Чарняк, Жанна Дубініна, Натальля Кузняцова, Алена Лапцева, Наталля Меркуль, Лідзія Цяліца, Натальля Варэнік, Валянціна Зянькевіч.

У афіцыйным рашэньні не паведамляецца, чаму менавіта гэтыя асобы былі выведзеныя з-пад санкцый.

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Палітоляг, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч заклікае не перабольшваць значэньне цяперашняга рашэньня Рады Эўразьвязу.

«Я б вялікага значэньня гэтай падзеі не надаваў, таму што яна мае хутчэй сымбалічны характар, але пры гэтым цалкам укладаецца ў агульную схему разьвіцьця беларуска-эўрапейскіх стасункаў апошняга пэрыяду. То бок гэта пэўныя, хай сябе і сымбалічныя, але крокі насустрач аднаго і другога боку, якія, напэўна, прынцыпова не мяняюць дыспазыцыю, але ствараюць такі спрыяльны фон для нарошчваньня супрацоўніцтва, для павялічэньня ўзроўню і інтэнсіўнасьці кантактаў», — заявіў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

Казакевіч лічыць, што калі падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у краіне ня будзе жорсткіх рэпрэсіяў кшталту тых, якія мелі месца напрыканцы 2010 году, то паступовае здыманьне санкцыяў можа працягнуцца.

«Калі сёньняшні фон улады захаваюць, то можна разьлічваць на тое, што Эўразьвяз далей і далей будзе прасоўвацца ў гэтым кірунку, ствараць больш спрыяльныя ўмовы для супрацоўніцтва зь Беларусьсю, здымаць пэўныя абмежаваньні і г.д.», — кажа экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG