Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разьмяшчэньне базаў НАТО ў Польшчы — тырканьне кійком у вока Пуціна»


Альянс НАТО на сваім саміце ў Варшаве ў 2016 ня прыме рашэньня аб разьмяшчэньні вайсковых базаў у Польшчы.

Альянс НАТО на сваім саміце ў Варшаве ў 2016 ня прыме рашэньня аб разьмяшчэньні вайсковых базаў у Польшчы.

Пра гэта заявіў польскай газэце Rzeczpospolita брытанскі міністар па справах Эўропы Дэйвід Лідынгтан. Паводле брытанскага палітыка, на разьмяшчэньне базаў у Польшчы не пагаджаюцца Францыя і Нямеччына.

«Я выдатна разумею асьцярогу Польшчы і балтыйскіх краінаў. Але рэчаіснасьць такая, што будзе вельмі цяжка знайсьці паразуменьне ў межах НАТО адносна дысьлякацыі войскаў [у рэгіёне — РС]. Нямеччына і Францыя занялі ў гэтай справе ясную публічную пазыцыю. А рашэньні ў НАТО патрабуюць аднадушнай падтрымкі» — цытуе Лідынгтана Rzeczpospolita.

На думку Лідынгтана, для ўзмацненьня сваёй бясьпекі Польшча павінна максымальна выкарыстаць ранейшую згоду НАТО на прысутнасьць войскаў альянсу на ратацыйнай аснове.

Rzeczpospolita адзначае, што разьмяшчэньне вайсковых базаў НАТО ў Польшчы было адным з асноўных выбарчых пастулятаў новаабранага прэзыдэнта Анджэя Дуды, які 6 жніўня складзе прэзыдэнцкую прысягу і заступіць на сваю пасаду.

Газэта таксама цытуе «высокапастаўленага заходняга дыплямата», які сказаў, што разьмяшчэньне базаў ў Польшчы для НАТО раўназначнае з «тырканьнем кійком у вока Пуціна». Паводле гэтага неназванага дыплямата, Захад цяпер патрабуе супрацы Крамля ў справе Ірану і ў барацьбе супраць «Ісламскай дзяржавы».

Сыгналам гатоўнасьці Пуціна ісьці насустрач Захаду, піша Rzeczpospolita, зьяўляецца ягоная нядаўняя адмова дапамагчы Грэцыі выйсьці з эўразоны. Гэтым самым, лічыць газэта, Масква пацьвердзіла гатоўнасьць шанаваць «заходнюю зону ўплыву ў Эўропе ў абмен за ўшанаваньне яе зоны ўплыву».

Тым часам блізкі супрацоўнік Анджэя Дуды ў пытаньнях замежнай палітыкі, Вітальд Вашчыкоўскі, сказаў, што будучы ўрад Права і справядлівасьці (які, як чакаецца, сфармуецца пасьля восеньскіх парлямэнцкіх выбараў), можа абумовіць прызнаньне заходнім саюзьнікам шматмільярдных кантрактаў на мадэрнізацыю польскай арміі пастаяннай дысьлякацыяй войскаў НАТО ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG