Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З затрыманых здымаюць пабоі». У Менскім райсудзе адклалі працэсы над удзельнікамі рок-канцэрту пад Зялёным


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Працэсы над хлопцамі, якіх АМАП затрымаў 1 жніўня пад Менскам падчас рок-канцэрту, цягнуліся ня больш за хвіліну кожны. Судзьдзя Ткачук, які вёў справы, адклала працэсы да выпраўленьня пратаколаў.

«Таксама хлопцаў павезьлі здымаць пабоі. У аднаго з затрыманых сьляды зьбіцьця на твары, два другіх скардзяцца на ўнутраныя болі — відаць, амапаўцы зьбівалі іх гэтак, каб сьлядоў не было відаць», — сказала карэспандэнту Свабоды адна з удзельніц рок-канцэрту, якая прасіла не называць яе прозьвішча. На дзяўчыну таксама склалі пратакол нібыта за нецэнзурную лаянку. Ёй пагражае адміністрацыйны працэс, на які паклічуць асобнай позвай.

Увечары 1 жніўня ў лесе пад пасёлкам Зялёнае непадалёк ад Менску сабралася група моладзі на рок-канцэрт. Паводле прысутных, усяго было да 80 чалавек, некаторыя пасьпелі паставіць намёты. Калі канцэрт ужо пачаўся, зьявіліся супрацоўнікі АМАПу і пачалі затрыманьні. Дзяўчына распавяла пра дзеяньні праваахоўнікаў.

«Хлопцаў проста хапалі, валілі на зямлю, а тых, хто выказваў абурэньне, зацягвалі ў аўтазак і зьбівалі. Дзяўчат не чапалі, але на некаторых, як на мяне, склалі пратакол. Відаць, за тое, што я абуралася і патрабавала патлумачыць, у чым наша віна. Затрыманых хлопцаў ноч пратрымалі ў пастарунку ў Ждановічах. Некаторым там выпісалі штрафы — да 2 базавых велічынь, нібыта за хуліганства. Тых, хто пагадзіўся, адпусьцілі. А іншых адвезьлі ў ізалятар на вуліцы Скарыны і там трымалі да сёньняшняй раніцы. Цікава, што ў пратаколах на хлопцаў, якіх пачалі судзіць у Менскім раённым судзе, пазначана, што нібыта хуліганства яны зрабілі 2 жніўня, хоць затрымалі ўсіх яшчэ 1-га жніўня. Адметна і тое, што сёньня на працэсы нават не прыйшлі сьведкі-амапаўцы. Напэўна, думалі, што ўсе пагодзяцца з гэтым беззаконьнем», — распавяла ўдзельніца канцэрту.

Апошні раз улетку 2012 году падобным чынам быў разагнаны летнік, які спрабавалі зладзіць пад Менскам актывісты беларускага аддзяленьня расейскіх нацыянал-бальшавікоў. Хлопцаў абвінавацілі ў расьпіцьці сьпіртных напояў, хуліганстве, непадпарадкаваньні міліцыі і аштрафавалі, хоць, паводле іх паказаньняў у судзе, яны нават не пасьпелі разабраць прынесеныя для адпачынку рэчы.

«Мы да палітыкі ня маем ніякага дачыненьня. Зьбіраліся, каб проста пабыць на прыродзе і паслухаць музыку, якая нам падабаецца», — распавяла адна з удзельніц рок-канцэрту пад Зялёным, які спрабавалі правесьці 1 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG