Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія прыхільнікі БХД — супраць актывізацыі «русского мира»


Расьцяжка, БХД, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Віцебск

Расьцяжка, БХД, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Віцебск

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацяна Севярынец падала ў Віцебскую абласную пракуратуру калектыўную заяву супраць дзейнасьці ў рэгіёне прарасейскіх арганізацыяў.

Заяву падпісалі 28 чалавек — гэта жыхары ня толькі Віцебску, але й Глыбокага, Воршы, Наваполацку, Віцебскага і Аршанскага раёнаў.

У заяве выказваецца занепакоенасьць актывізацыяй грамадзкіх утварэньняў, якія прапагандуюць расейскую нацыянальную зьверхнасьць. Гэта віцебская грамадзкія арганізацыі «Рускі дом», «Рускі культурны цэнтар «Русь», спартова-пошукавыя атрады «Брама Паазер’я» ды іншыя, а таксама казацкія фармаваньні і моладзевыя клюбы пры некаторых праваслаўных прыходах — прыкладам, пад кіраўніцтвам іерэя Алега Плаксіцкага. Той ладзіць вайсковыя зборы, дзе падлеткаў навучаюць карыстацца зброяй і тлумачаць, што трэба «змагацца за Сьвятую Русь» супраць «бандэраўцаў» і «нацыяналістаў».

«Гэтыя арганізацыі бесьперашкодна праводзяць свае мерапрыемствы нават у школах, як нядаўна было ў Воршы і ў Талачыне, прыцягваюць да ўдзелу маральна не ўмацаваных беларусаў — падлеткаў, даюць ім у рукі баявую зброю, пра што сьведчаць фотасправаздачы зь мерапрыемстваў на іхніх сайтах. У Віцебску пэрыядычна сустракаюцца аб’явы пра набор у групы, каб навучацца нейкім навыкам барацьбы, у тым ліку з нажом — і гэта таксама прапануюць такія ж прарасейскія ўтварэньні... Таму мы патрабуем пільнай пракурорскай праверкі, што да дзейнасьці арганізацыяў і аб’яднаньняў такога кшталту, высьвятленьня куратарства і крыніцаў матэрыяльных сродкаў, на якія ажыцьцяўляецца гэтая дзейнасьць», — кажа Тацяна Севярынец.

Паводле словаў актывісткі, дзяжурны пракурор, якая прымала заяву, паабяцала, што заяўнікам могуць патэлефанаваць дзеля высьвятленьня нейкіх акалічнасьцяў. І што зварот можа быць перададзены для разбору ў КДБ, бо, па вялікім рахунку, вядзецца пра ўнутраную бясьпеку краіны.

Пакуль тэлефанаваньняў не было, кажа спадарыня Тацяна. Але ініцыятыва віцебскіх актывістаў аргкамітэту па стварэньні БХД знайшла водгук і ў іншых рэгіёнах. Грамадзкія ўтварэньні прарасейскага толку актыўна дзейнічаюць па ўсёй Беларусі, і занепакоеныя гэтым мясцовыя актывісты вырашылі зьвяртацца ў пракуратуры розных абласьцей, патрабуючы пракурорскіх праверак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG