Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты Беларускага Хэльсінскага камітэту і праваабарончага цэнтру «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выдалі аналітычную справаздачу па выніках назіраньня за хадой выбарчай кампаніі за пэрыяд 23 ліпеня — 2 жніўня.

У справаздачы паведамляецца, што Сяргей Гайдукевіч сабраў 55 тысяч подпісаў, Віктар Цярэшчанка — 22 тысячы, Тацьцяна Караткевіч — 15 тысяч, Анатоль Лябедзька — больш за 10 тысяч, у падтрымку Сяргея Калякіна сабрана больш за 6 тысяч подпісаў. Незарэгістраваная група Міколы Статкевіча заклікае да байкоту выбараў.

31 ліпеня старшыня ЦВК паведаміла, што ўжо больш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку дзейнага прэзыдэнта накіравана ў ЦВК. Назіральнікі тым часам заяўляюць, што атрымліваюць інфармацыю пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і фактах ціску на выбаршчыкаў з мэтай збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам дзейнага прэзыдэнта.


Нягледзячы на тое, што ў цэлым збор подпісаў адбываецца ў спакойнай атмасфэры, назіральнікі зафіксавалі некалькі выпадкаў ціску на сяброў ініцыятыўнай групы Тацьцяны Караткевіч:


«27 ліпеня ў горадзе Маладэчна Валянцін Цішко, сябра ініцыятыўнай групы Тацьцяны Караткевіч, быў ненадоўга затрыманы нарадам міліцыі і дастаўлены ў Маладэчанскае РАУС. Пасьля разьбіральніцтва Валянціну Цішко былі прынесеныя прабачэньні. 29 ліпеня ў Наваполацку адбыўся хуліганскі напад на пікет у падтрымку Тацьцяны Караткевіч. Па факту здарэньня пададзеныя заявы ў аддзел міліцыі і гарадзкую камісію па выбарах. 1 жніўня ў Берасьці падчас сьвяткаваньня Дня гораду на вуліцы Савецкай невядомыя мужчыны двойчы спрабавалі перашкодзіць у зборы подпісаў ініцыятыўным групам Тацьцяны Караткевіч».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG