Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветныя СМІ: развал Расеі можа стварыць яшчэ больш праблем


Нягледзячы на тое, што Захад перажывае з-за экспансіянізму Расеі, развал гэтай дзяржавы можа стварыць яшчэ больш праблем для ўсясьветнай супольнасьці, піша брытанскі тыднёвік Economist.

Між тым, аналітык па гандлёвай палітыцы Яўген Вараб’ёў запэўнівае, што купля галасоў на выбарах патаньняе новую ўкраінскую дэмакратыю. А зьнішчальнікі Балтыйскай місіі НАТО па маніторынгу паветра перахапілі 22 расейскія самалёты ў некалькіх месцах на працягу апошняга тыдня, піша рэдактар Financial Times.

Хоць Захад і хвалюецца з-за экспансіянізму Расеі, развал гэтай дзяржавы можа стварыць яшчэ больш праблем для ўсясьветнай супольнасьці, піша брытанскі штотыднёвік Economist. Сэпаратысцкія рухі для Расіі не чужыя. У прыватнасьці, гістарычна падобныя тэндэнцыі назіраліся ў Чачні, Татарстане і Уральскім рэгіёне, які ўжо спрабаваў ў 1993 годзе стварыць рэспубліку вакол Екацярынбургу.

Тым ня менш, расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін на працягу апошніх дзесяці гадоў прызначаў ў гэтых рэгіёнах уласных губэрнатараў, якія забясьпечвалі яму галасы на прэзыдэнцкіх выбарах. У адказ расейскі лідэр даваў ім долю прыбыткаў з нафтавага бізнэсу, а таксама магчымасьць кіраваць так, як яны лічаць патрэбным, піша часопіс.

«Нягледзячы на расейскую параною з нагоды таго, што ЗША спрабуюць разваліць іх дзяржаву, гэты сцэнар зьяўляецца адным з найгоршых заходніх жахаў», — піша Economist.

Па-першае, узьнікае пытаньне кантролю над расейскай ядзернай зброяй. Хоць камандны цэнтар застанецца ў Маскве, гарантаваць недатыкальнасьць ядзерных ракет, разьмешчаных на ўсёй тэрыторыі Расеі, будзе складаней, чым пасьля падзеньня Савецкага Саюза, адзначае тыднёвік. Пагадненьні кшталту Будапэшцкага мэмарандуму, якія павінны забясьпечваць недатыкальнасьць краін, якія адмовіліся ад ядзернай зброі, пасьля расейскай анэксіі ўкраінскага Крыму больш ня маюць ніякай каштоўнасьці, адзначае Economist.

«Парушыўшы постсавецкія мяжы, Пуцін адкрыў скрыню Пандоры... Ён прывёў у рух сілы, якія сілкуюцца вайной і нацыяналізмам. Гэта ня сілы імпэрыялістычнай экспансіі. Расеі не хапае дынамізму, рэсурсаў і бачаньня, якія неабходныя для пабудовы імпэрыі. Гэта сілы хаосу і дэзарганізацыі. Усход Украіны ператварыўся ў гняздо злачынцаў і рэкеціраў. Яны ня могуць распаўсюджваць рускую цывілізацыю, толькі анархію», - піша штотыднёвік.

Рэдактар нямецкай газэты Die Welt Хольгер Зшэпіц: «Цікавы інтэлектуальны экспэрымэнт: што будзе, калі Расея разваліцца»

Купля галасоў на выбарах патаньняе новую ўкраінскую дэмакратыю, піша аналітык па гандлёвай палітыцы Яўген Вараб’ёў на старонках амэрыканскага часопіса Foreign Policy. Ён распавядае пра ўласны вопыт працы назіральнікам на выбарах у Чарнігаве, дзе, нягледзячы на больш чым 90 кандыдатаў на крэсла народнага дэпутата Ўкраіны, сапраўдная барацьба адбывалася паміж двума — сябрам палітычнай сілы прэзыдэнта Ўкраіны Сяргеем Беразенкам і чалавекам, блізкім да алігарха Ігара Коломойскома, Генадзем Корбанам.

Давыбары ў Чарнігаве, такім чынам, паказалі нязручную праўду аб ўкраінскай дэмакратыі

Паводле афіцыйных вынікаў, з 36% галасоў выбары выйграў Беразенка. Тым ня менш, яго каманду абвінавачваюць у подкупе выбарнікаў перад днём галасаваньня, піша экспэрт. Гэтак жа і Корбан, які атрымаў 15% галасоў, раздаваў прадукты на вуліцах горада, адзначае Вараб’ёў.

«Давыбары ў Чарнігаве, такім чынам, паказалі нязручную праўду аб ўкраінскай дэмакратыі — большасьць палітыкаў з радасьцю эксплюатуюць беднасьць выбарнікаў... Замест таго, каб далучыцца да дыскусій пра палітыку, якая б адолела беднасьць, кандыдаты проста дасталі свае гаманцы. Тое, што супрацьстаялыя палітычныя лягеры зьвярнуліся да такой тактыкі, нягледзячы на пільную ўвагу грамадзкасці да працэсу выбараў — сьведчыць пра бессаромнасьць эліты нават паводле невысокіх стандартах ўкраінскай палітычнай культуры» — піша Вараб’ёў.

Такім чынам, лічыць экспэрт, наступныя ўкраінскія выбары, заплянаваныя на кастрычнік, хутчэй за ўсё, таксама ператворацца ў спаборніцтвы сярод самых багатых — па куплі галасоў найбольш абяздоленых, заключае экспэрт.

Расея фактычна парушае паветраную прастору альянсу

Зьнішчальнікі Балтыйскай місіі НАТО па маніторынгу паветра перахапілі на працягу апошняга тыдня 22 расейскія самалёты ў некалькіх месцах, у тым ліку яны зрабілі два найбуйнейшыя перахопы над небам ва Ўсходняй Эўропе з моманту, калі напружаньне з Масквой пачало нарастаць 18 месяцаў таму, піша рэдактар брытанскай газеты Financial Times Сэм Джоўнс.

«У мінулым годзе расейская паветраная актыўнасьць побач зь межамі НАТО вырасла ў пляне колькасьці і складанасьці. Расейскія самалёты часта лётаюць з выключанымі транспандэрамі, не прадастаўляюць плянаў палёту і не кантактуюць з паветранымі дыспэтчарамі», — цытуе чыноўніка НАТО аўтар артыкула.

Джонс адзначае, што Расея фактычна парушае паветраную прастору альянсу, аднак рост актыўнасьці можна разглядаць як спробу Масквы выпрабаваць часавыя рамкі рэакцыі войскаў НАТО.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG