Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нядзельны перадвыбарчы пікет Анатоль Лябедзька прысьвяціў «барацьбе з прывілеямі ўлады»


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прагназуе, што па выніках бягучага тыдня ў яго падтрымку будзе сабрана 25 тысяч подпісаў. Пра гэта ён паведаміў БелаПАН падчас пікету па зборы подпісаў 2 жніўня каля Камароўскага рынку ў Менску.

Нядзельны пікет лідэра АГП быў прысьвечаны «барацьбе з прывілеямі улады».

«У 1990 годзе ў Вярхоўным Савеце была створана камісія па барацьбе з прывілеямі улады. У яе ўваходзіў я, малады дэпутат. Быў там яшчэ адзін цікавы дэпутат па імені Аляксандар Лукашэнка. Мы паехалі ў Дразды і ўбачылі невялікія дачы, дзе жыла савецкая намэнклятура, гэта нас моцна абурыла. Быў падрыхтаваны адмысловы даклад, і мы, абраньнікі народа, сказалі: так не павінна быць, чыноўнік павінен быць такім жа грамадзянінам, як і ўсе», — распавёў Лябедзька.

«Што мы маем па сканчэньні 25 гадоў? Сёньня, калі вы праедзеце па Менску, вы ўбачыце 12-ю рэзыдэнцыю, якая пабудавана на вашы і нашы грошы. Кошт — паўмільярда даляраў», — заявіў палітык, маючы на ўвазе Палац Незалежнасьці. Ён прапанаваў накіраваць грошы, якія могуць спатрэбіцца на будаўніцтва новых рэзыдэнцый прэзыдэнта, на стварэньне новых працоўных месцаў.

Акрамя таго, Лябедзька зьвярнуў увагу на будаўніцтва так званага «прэзыдэнцкага шпіталя»:

«Калі вы прыедзеце ў Ждановічы, то ўбачыце там закладзены падмурак — гэта рыхтуюцца да будаўніцтва спэцпаліклінікі для вышэйшых чыноўнікаў коштам 100 мільёнаў эўра. Гэта пяць стацыянарных паліклінік». Пры гэтым на будаўніцтва мэдыцынскіх аб’ектаў у некаторых рэгіёнах не хапае сродкаў, дадаў лідэр АГП. У якасьці прыкладу ён прывёў Нясьвіж, дзе радзільню павінны былі здаць яшчэ ў 2014 годзе, але яе будаўніцтва не завершана да гэтага часу.

Лябедзька прапанаваў усім ахвотным «скінуцца» на будаўніцтва паліклінікі для чыноўнікаў і на куплю італьянскага посуду ў Палац Незалежнасці — для гэтага ён паставіў на пікеце два слоікі.

Распавядаючы пра мэты акцыі журналістам, палітык адзначыў: «Мы прынялі для сябе рашэньне, што мы будзем рабіць столькі крокаў, колькі нам дазваляецца. Калі ў нас зараз ёсць магчымасьць праводзіць палітычныя пікеты, мы гэта будзем рабіць. Прывілеі чыноўнікаў настолькі „тлустыя “, што такіх не было нават пры камуністычнай намэнклятуры».

Па заканчэньні пікету супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным апытвалі прысутных журналістаў — цікавіліся іх прозвішчамі і СМІ, якія яны прадстаўляюць.

XS
SM
MD
LG